Побач – пажылыя людзі

З 10 па 21 снежня органы ўнутраных спраў сумесна з зацікаўленымі службамі раёна праводзілі комплекс мерапрыемстваў па бяспецы пажылых людзей.

Сёлета ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам на тэрыторыі Брэстчыны назіраецца зніжэнне колькасці злачынстваў, у якіх пацярпелі пажылыя і састарэлыя. Аднак, у трох раёнах сітуацыя адваротная, у Камянецкім колькасць гэтых злачынстваў павялічылася на 54,2% (з 24 да 37), у Баранавіцкім – на 51,9%, у Кобрынскім – на 24,1%. Асноўная частка злачынстваў – крадзяжы маёмасці. Не сакрэт, што пенсіянеры звычайна трымаюць пры сабе ці ў доме наяўныя грошы, у той жа час яны – самая неабароненая катэгорыя насельніцтва, асабліва калі адзінокія. Статыстыка сведчыць, што крадзяжы з жылля, падсобных памяшканняў, а таксама аўтатранспарту – самыя распаўсюджаныя (больш за 85%). Здараюцца ў адносінах да пажылых і грабяжы, махлярствы, хуліганствы, наўмысныя прычыненні цялесных пашкоджанняў і нават забойствы. Усяго гэтага нельга дапусціць, людзей шаноўнага ўзросту трэба своечасова абараніць, бяду папярэдзіць.

Так, у апошні час у адносінах да пенсіянераў у нашым раёне было ўчынена некалькі злачынстваў. Коратка – аб іх. 24 лістапада нехта пранік у гаспадарчую пабудову пенсіянера з Высокага і ўкраў бензін, віно, гаечныя ключы, усяго маёмасці на 1 млн. рублёў. У лістападзе ў пенсіянеркі з Каменца знік веласіпед, які знаходзіўся ў падвале пад замком. На пачатку снежня зламыснік пранік у гараж і з аўтамабіля пажылога жыхара Агароднікаў украў акумулятар. І падобных выпадкаў з пачатку года да дня выхаду гэтага нумара газеты ў раёне налічваецца ўжо больш за 40.

Маладое пакаленне павінна ведаць, што пажылыя людзі – гэта тыя, каму за 60 (кожны пяты з нас), гэта нашы бабулі, дзядулі, таты і мамы, дзядзькі і цёткі. Кожны з маладых некалі пастарэе і таксама будзе мець патрэбу ў клопаце. Не забывайце аб гэтым!

Звяртаюся і да пажылых: не будзьце надта даверлівымі, пускайце ў дом толькі тых, каго добра ведаеце. Сацыяльныя і іншыя работнікі звычайна прыходзяць разам з прадстаўніком сельскага Савета дэпутатаў ці ўчастковым. Сумняваецеся – патэлефануйце гэтым службовым асобам наконт нечаканых візіцёраў. Як кажуць, беражонага і Бог беражэ. А ўсіх грамадзян, якім не абыякавы лёс родных, блізкіх, знаёмых, у выпадку пагрозы іх жыццю і здароўю служба правапарадку просіць звяртацца на тэлефон “гарачай лініі” ў Брэсце: (8-0162) 20-08-16, а ў нашым раёне – у дзяжурную службу райаддзела міліцыі: 102, 2-12-02 ці 2-50-36 (кругласутачна). Сюды ж можна паведамляць і аб незаконным гандлі спіртным. Ананімнасць гарантуецца.

Эдуард АСАПРЫЛКА, старшы інспектар па дазваляльнай рабоце райаддзела міліцыі.

Добавить комментарий