Бацькоў нямала турбуе, як, што і калі з’ядае любімае дзіця ў школе. Як кантраляваць гэты працэс харчавання? Як зрабіць так, каб у час вучобы дзіця не засталося галодным? Што карысна есці, якія прадукты патрэбныя арганізму, які расце?
Адпраўляючы сваё дзіця ў школу, кожны з бацькоў спадзяецца, што яно за дзень атрымае не толькі неабходны багаж ведаў, але і здаровае харчаванне. Чыпсы, газаваныя напоі, сухарыкі, кетчуп, маянэз і іншыя «нездаровыя» прадукты ў школах забаронены да продажу ўжо даўно. У «чорным спісе», згодна з правіламі, санітарнымі і гігіенічнымі нормамі ад 15 ліпеня 2010 года, – камбінаваныя тлушчы, вырабы ў фрыцюры, касцёвыя булёны, вострыя прыправы (скажам, горкі перац, хрэн і кетчуп), воцат і прадукты з яго выкарыстаннем, а таксама тлустае мяса. Забаронены і салодкія газаваныя, а таксама танізуючыя напоі, у тым ліку натуральная кава. Ну і, вядома, славутыя сыравэнджаныя каўбасы і вырабы, рыбныя кансервы ў таматным соусе. Скарацілі ў школьных сталовых і асартымент кандытарскіх вырабаў. Таксама існуе дапушчальны пералік для школьных сталовых і буфетаў, у які ўвайшлі прадукты, што адпавядаюць прынцыпам здаровага харчавання. У тым спісе – хлебабулачныя вырабы, малочныя і іншыя прадукты, узбагачаныя макра- і мікранутрыентамі (біялагічна значныя элементы, неабходныя арганізму для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці), кісламалочныя напоі з жывымі бактэрыяльнымі культурамі, вітамінізаваныя напоі і сокі прамысловай вытворчасці, салаты, садавіна і інш.
У школах вучням даецца магчымасць выбару харчавання і прапануюцца комплексныя абеды, а ў некаторых школьнікі могуць выбіраць нават меню, гэта датычыцца гарадскіх школ. У тым выпадку, калі дзіця вучыцца ў пачатковых класах, то асаблівых праблем у бацькоў не ўзнікае, бо яно атрымае харчаванне за кошт бюджэтных сродкаў і ў вёсцы, і ў горадзе. У гэтым навучальным годзе памер дзяржаўнай датацыі для вучняў-пачаткоўцаў – 5290 рублёў у дзень; для дзяцей, якія наведваюць групу падоўжанага дня, – 8820. Існуе пэўная катэгорыя вучняў, якія могуць атрымаць харчаванне бясплатна і ў старэйшых класах: дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Шматдзетныя сем’і могуць разлічваць на бясплатнае харчаванне пры ўмове, што трое дзяцей у сям’і – навучэнцы. Малазабяспечаная сям’я павінна прадставіць даведку за 12 апошніх месяцаў (папярэдніх падачы дакументаў на бясплатнае харчаванне), што даход ніжэй за пражытачны мінімум. Таксама на льготнае харчаванне – бясплатны абед – маюць права дзеці-інваліды, дзеці з сем’яў, дзе адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам I або II групы, а таксама дзеці воінаў-інтэрнацыяналістаў, навучэнцы спецыялізаваных спартыўных класаў, тыя, хто вучыцца ў класах для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, ці калі прызнана, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і другія. У школах працуюць камісіі па прадастаўленні бясплатнага харчавання, якія ўзначальваюць дырэктары школ. Рашэнне выносіцца на працягу 5 дзён пасля падачы дакументаў.
З малышамі ўсё зразумела, а вось калі дзеці ў гарадской школе пераходзяць ў старэйшыя класы, дзяржава ўжо не забяспечвае іх харчаваннем, з адзіным выключэннем – льготных груп. Ствараецца ўражанне: калі дзіця перайшло ў пяты клас, дык харчавацца яму не трэба. Якраз наадварот, – сцвярджае Уладзімір Баук, раённы педыятр, – гэты ўзрост з’яўляецца найбольш небяспечным у сэнсе рызык захворванняў, менавіта ў дзяцей школьнага ўзросту часцей за ўсё рэгіструюцца хваробы стрававальнай сістэмы, на першае месца выходзяць гастрыты, а крыху пазней нават язвы. Для пастаяннага папаўнення энергіі і развіцця дзіцяці патрэбны так званыя макранутрыенты: бялкі, тлушчы, вугляводы і мноства іншых рэчываў, якія ўдзельнічаюць у абменных працэсах. Калі ж утрыманне карысных рэчываў у ежы будзе нізкім, то ў дзіцяці паўстане бялкова-каларыйная, вітамінная, мікраэлементная недастатковасць, што прывядзе да павышэння стамляльнасці, зніжэння паспяховасці, павышэння рызыкі ўзнікнення прастудных і інфекцыйных захворванняў.
Выхадам з гэтай сітуацыі з’яўляецца арганізацыя школьнага платнага харчавання – за бацькоўскі кошт. Выдаткі залежаць ад школьнага меню. У сярэднім абед каштуе 5 тысяч рублёў.
Атрымала асалоду ад водару смачнага абеду, калі гутарыла з дырэктарам і поварам Пелішчанскай СШ.
– У школе арганізавана 100-працэнтнае харчаванне школьнікаў за кошт дзярждатацый, за выключэннем групы падоўжанага дня – там бацькі даплачваюць каля 1,5 тысячы рублёў у дзень. Харчуюцца дзеці ў тры этапы: спачатку снедаюць малыя, потым – сярэдняе звяно, а затым – старшакласнікі – усяго 185 вучняў. У меню – першае, другое і дэсерт. На дзень мы рыхтуем адзін комплекс. З прадуктамі праблем няма, шмат чаго вырошчваем на прышкольным участку, дапамагае ў забеспячэнні агароднінай ААТ «Агра-Пелішча”. Нейкі аб’ём работ мы для гаспадаркі выконваем, а астатняе – спонсарская падтрымка. У нас ёсць асобнае гароднінасховішча, дзе ўжо больш за 3 тоны бульбы, а таксама – буракі, морква, цыбуля. У школьным садзе – яблыні, нарыхтавалі 300 кілаграмаў варэння, заквасілі 150 кілаграмаў агуркоў, плануем квасіць капусту. Пра бесперабойную цэнтралізаваную пастаўку мяса, рыбы, малака і іншых прадуктаў клапоціцца раённы аддзел адукацыі. Для дзяцей прадастаўляем вадкае мыла і сурвэткі – вучым асабістай гігіене. За грошы бацькоў школа забяспечана бутыліраванай вадой, – расказалі дырэктар Людміла Алексіна і шэф-повар Алена Замулка.
Каб даведацца, як справы ў гарадской школе, накіравалася ў СШ № 1, дзе сілкуюцца і гімназісты.
– У нашай школе харчуюцца 400 чалавек, з іх 90 – вучні гімназіі, – расказалі дырэктар Аляксандр Сахранны і шэф-повар Галіна Барута. – Бясплатнае харчаванне ў нас атрымліваюць школьнікі 1-4 класаў і 29 льготнікаў. Прапануем два комплексы ў меню – асноўны, дзе гарачая страва, і аблегчаны – гэта можа быць каша ці гарачы бутэрброд і гарбата. Мы стараемся, вядома, каб дзеці выбіралі першы комплекс, але, на жаль, некаторыя з іх усё роўна бегаюць у суседнія крамы і купляюць фаст-фуд. Нам рэгулярна прывозяць свежыя прадукты, мяса і мясную прадукцыю прадастаўляе ААТ «Белавежскі». Ва ўласнае гароднінасховішча ўжо заклалі 5,5 тоны бульбы, якую прывезлі з “Агра-Зарэчча”, па 600 кілаграмаў буракоў і морквы, каля 700 кілаграмаў цыбулі, плануем нарыхтаваць да 1 тоны капусты. Свежыя яблыкі выкарыстоўваем у многіх салатах. Частку агародніны прынеслі вучні з дому, хто што змог, прымаем яе і дагэтуль.
Пытанне здаровага харчавання вельмі важнае для дырэкцыі, якая клапоціцца аб якасці прадуктаў і аб кадрах для сталовых. Для ўсіх школ распрацаваны двухтыднёвы рацыён харчавання на сезон, згодна з якім меню атрымліваецца разнастайным, напрыклад, у адзін дзень прапануецца рыбная страва, у другі – малочная, у наступны – курыца, ялавічына.
Аб тонкасцях школьнага харчавання даведалася ў Галіны Таруц, інжынера-тэхнолага раённага аддзела адукацыі:
– Рацыён харчавання распрацоўваецца, згодна з СанПіНам, ва ўстанове адукацыі і зацвярджаецца дырэктарам школы. Гэты працэс кантралююць прадстаўнікі тэрытарыяльнай санітарнай службы. Абавязкова строгае захаванне каларыйнасці страў, збалансаванасць па бялках, тлушчах, вугляводах. Меню складаецца з улікам спажывецкіх цэн на прадукты і выдаткаў на прыгатаванне і рэалізацыю гатовых абедаў, таксама ўлічваецца попыт школьнікаў.
У кожнай школе арганізаваны пітны рэжым з выкарыстаннем бутыліраванай негазаванай вады прамысловай вытворчасці за бацькоўскія сродкі. Рэгулярна, згодна з планам-графікам, ажыццяўляецца ведамасны лабараторны кантроль страў на паўнату ўкладанняў у хіміка-фізічных паказчыках.
Часта ў нас даюць кішэнныя грошы на абед. Але ці выконвае дзіця ўказанні бацькоў? Праверыць гэта складана. Ды і буфет не ва ўсіх школах ёсць, а бегаць на перапынку ў краму не зусім разумна, ды і набліжаецца зіма. Часам дзіця «забывае» паесці, а грошы, якія такім чынам засталіся «з’эканомленымі», можа пакласці ў скарбонку. Другі варыянт – гэта перавага няправільнага харчавання. Паводле неафіцыйных даследаванняў і апытанняў школьнікаў, перавагу дзеці часта аддаюць фаст-фуду, шакаладу і газіроўцы. А бацькі ўпэўнены, што іх дзеці харчаваліся ў школьнай сталовай, елі цёплы абед. Таму лепш за ўсё бацькам самастойна аплаціць школьнае харчаванне і быць спакойнымі.
Многае залежыць ад таго, якія навыкі здаровага харчавання прывітыя дзецям у сям’і. Бо менавіта ў школьным узросце пачынаецца павальнае захапленне дзяцей фаст-фудам, а ў дзяўчынак-старшакласніц яшчэ і нездаровымі дыетамі. А калі дзіця харчуецца комплексным абедам, па досыць прымальнай цане, бацькі могуць быць спакойнымі, што яно на ўроку думае аб гістарычных датах і матэматычных прыкладах, а не пра тое, што галоднае.
Правільная арганізацыя харчавання школьнікаў можа дапамагчы ў вырашэнні шматлікіх праблем, якія ўзнікаюць менавіта ў падлеткавы перыяд. Асабліва важна забяспечыць арганізм усімі рэсурсамі не толькі для росту і развіцця, але таксама для ўзрастаючых нагрузак у школе.
Дар’я ДЗЯМЯНКА.
Это может быть интересно:
-
Об истории, сфере здравоохранения и иных насущных вопросах говорили сегодня в Высоком
-
В Каменецком районе проходит единый день информирования
-
Вместо телефонов – труд: воспитанники санаторной школы потрудились в Высоком
-
СИТУАЦИЯ С ВОДОЙ В БЕЛОВЕЖСКОМ. ЧТО ИЗВЕСТНО НА СЕГОДНЯ?
-
Спектакль “Паўлінка” ад Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў пакажуць у Каменцы