25 мая ў Прускаўскім лесе, што ля Каменца, было шматлюдна. Тут праходзілі традыцыйныя штогадовыя спаборніцтвы сярод санітарных дружын раёна. Сёлета іх сабралася ўсяго толькі сем, але ад гэтага менш відовішчным мерапрыемства не стала.
Усё пачалося, як заўжды, з пастраення дружын. Але цяпер яно праходзіла не на цэнтральнай плошчы райцэнтра (тут ідзе рамонт), а на лясной паляне. Галоўны суддзя, загадчык раённай паліклінікі Пётр Грышкевіч прымаў рапарты камандзіраў аб гатоўнасці да спаборніцтваў. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Шпак. Пасля ўсіх урачыстасцяў санітарныя дружыны распачалі спаборніцтвы, якія ўключалі ў сябе не толькі тэорыю, але і практыку, якая з’яўлялася асноўным паказчыкам падрыхтаванасці. Суддзямі ў гэты дзень сталі каля трыццаці спецыялістаў з цэнтральнай раённай бальніцы і цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Першы этап – праверка аснашчэння (яе праводзіў прадстаўнік ваенкамата) і ўменне ім карыстацца (прадстаўнік бальніцы). Усе ўдзельнікі паказвалі ўменне паводзіць сябе ў канкрэтнай сітуацыі і дапамагаць сябру. Было прадэманстравана майстэрскае валоданне процівагазам. Многія каманды з усёй сур’ёзнасцю аднесліся да справы: за лічаныя секунды надзявалі сродкі засцярогі на сябе і сваіх таварышаў.
На другім этапе – у ачагу палітраўмы (множных раненняў) – аказвалі першую медыцынскую дапамогу ў канкрэтнай сітуацыі. Паралельна з практыкай патрэбна было ўсё тое, што робіш, агучваць. Дарэчы, усе конкурсы праходзілі менавіта ў такой накіраванасці. А далей “параненых” чакала хуткая дапамога. Тут уся каманда адказвала на пытанне медработніка: “Хто як паедзе?” І праходзіла на наступны этап…
А гэта – хімічны ачаг. У ім пацярпелым таксама аказвалі медыцынскую дапамогу і адказвалі на пытанні медыкаў-суддзяў. Адзін з аспектаў правільнасці выканання задання заключаўся ў вынасе пацярпелага з заражанай зоны. Вецер тут мае нямалаважную ролю. Менавіта ад яго залежыць, як выносіць параненага – ці то наперад нагамі, ці то галавой…
А далей была дэгазацыя (апрацоўка адзення, абмундзіравання і адкрытых участкаў цела пасля выхаду з хімічнага ачага), інфекцыйны ачаг (падворны абход, прыгатаванне дэзраствораў, адбор пробаў і інш.), шпітальнае аддзяленне, конкурс камандзіраў… Усе прайшлі гэтыя нялёгкія іспыты. Адны без штрафных ачкоў, другія, на жаль, з імі.
Перадапошнім этапам спаборніцтваў стаў конкурс мастацкай самадзейнасці. І ён, як здаецца, з’яўляецца самым любімым і для ўдзельнікаў, і для суддзяў. Чаго тут толькі ні было! І песні, і жарты, і сцэнкі, і нават “Белавежскія бабулі”.
А затым Пётр Грышкевіч падвёў вынікі і назваў тры лепшыя каманды. Намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Пісман уручыў камандзірам санітарных дружын ганаровыя граматы райаддзела МНС і грашовыя прэміі ад райвыканкама. Паводле падведзеных вынікаў, першае месца ў каманды ААТ “Белавежскі” (дарэчы, гэта ўжо іх чацвёртая перамога запар). Усяго на некалькі ачкоў адстала ад белавежцаў санітарная дружына СВК “Агра-Ніва”. На трэцім месцы – ААТ “Відамлянскае”. Віншуем пераможцаў!
Наталля ГРЫЦУК
Фота аўтара
Это может быть интересно:
-
С 1 июля 2025 года в Беларуси изменяется порядок выплаты пенсий и пособий через банки
-
Депутат и учитель истории приняли участие в создании книги «Неизвестные страницы войны»
-
Третья мировая. ФК «Нива» упускает победу над «Осиповичами»
-
С заботой о старших: пасхальное тепло в больнице сестринского ухода в Ставах
-
Чистота и забота о родном крае: субботники Каменетчины продолжаются