З ураджэнкай Хадасоў, цырульнікам і ўладальніцай салона “Валянціна” ў Высокім Валянцінай Семянюк добра знаёмы жыхары не толькі самага заходняга горада Беларусі, але і Каменца. Гэта не дзіўна, калі ўлічыць, колькі вопыту і значных перамог у шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах на рахунку гэтай таленавітай жанчыны. На Міжнародным конкурсе цырульніцкага майстэрства ў Мінску ў 2008 і 2011 годах яна заваёўвала званне “Майстар года”, пазалетась была нават абласным суддзёй, а год бягучы папоўніў скарбонку дасягненняў Валянціны Мікалаеўны новай узнагародай.
22-25 лютага ў экспацэнтры “Гардэн Сіці” ў Санкт-Пецярбургу праходзіў чацвёрты Кангрэс па касметалогіі і эстэтычнай медыцыне, арганізаваны аднайменным фондам. А ў межах яго меў месца адкрыты чэмпіянат па цырульніцкім мастацтве, дэкаратыўнай касметыцы і нэйл-дызайне на Кубак Сяброўства. У ім удзельнічала каля 4 тысяч чалавек з 28 краін свету, ад Беларусі – чатыры каманды, а Камянеччыну ў чатырох намінацыях прадстаўляла Валянціна Семянюк. Пад яе рукамі нарадзіліся: вясельная прычоска на доўгіх валасах, вясельнае пляценне, дзённая прычоска на доўгіх валасах без заколак (Day-style) і вячэрняя прычоска (Evening-style). Усе іх майстар выконвала самастойна ў той час, як іншыя (па ўмовах конкурсу гэта не забараняецца) мелі памочнікаў. Мадэллю не ў першы раз стала дачка Валянціны, васьмікласніца Яна, якая, дарэчы, атрымала статуэтку за лепшую ролю мадэлі.
– Усе касцюмы для дэфіле шыла сама, – расказвае Валянціна Мікалаеўна, – для кожнай прычоскі стварала суцэльны вобраз. Увогуле такія конкурсы маюць шэраг правілаў, за парушэнне якіх атрымліваеш штрафныя балы. Трэба ведаць, напрыклад, якая колеравая палітра валасоў цяпер у модзе.
І дадала:
– Неаднаразова мне прапаноўвалі выступаць за Брэст і нават Мінск, але застаюся патрыёткай – заўсёды абараняю на конкурсах цырульнікаў гонар роднай Камянеччыны. І не адмоўлюся ад матэрыяльнай дапамогі мясцовай улады. Кожны конкурс патрабуе нямала выдаткаў…
Вынікі чэмпіянату для Валянціны Семянюк самыя цудоўныя: яна прывезла ў роднае Высокае Дыплом III ступені і кубак. Віншуем! Сапраўдны майстар ніколі не адмаўляецца ад магчымасці паказаць сябе.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота з архіва Валянціны СЕМЯНЮК.
Это может быть интересно:
-
В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ РОДИТЕЛЕЙ ВОЕННОСЛУЖАЩЕГО ПОБЛАГОДАРИЛИ ЗА СЫНА
-
ВИКТОР БОБР: 25 ЛЕТ «У РУЛЯ» ОАО «АГРОНИВА»
-
Республиканский профсоюзный правовой прием граждан состоится 27 февраля
-
Здоровье — наша главная ценность: в СШ №2 г. Каменца прошла информационно-образовательная акция
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе