На пераезд у вёску Ірына Гурына з мужам і трыма дзецьмі адважыліся дваццаць год назад – трэба было тэрмінова вырашыць “кватэрнае пытанне”. У наваколлі Брэста шмат мясцін агледзелі і накіраваліся ў Турну.
Тут прапанавалі ім працу і калгаснае жыллё ў Лешні – дом у 90 “квадратаў” на прасторнай сядзібе…
Амаль адразу пасля таго, як пачала працаваць на ферме, што побач з Лешняй, Ірына папрасіла старшыню гаспадаркі, каб дазволіў узяць у лік зарплаты маладую карову. І неўзабаве яна ў двары Гурыных з’явілася, па малочныя прадукты ўжо не трэба было ісці ў магазін. Нядаўнія гараджане смакавалі дамашнія масла, тварог, смятану і нават свой “кефір”. Напоўніцу ацаніла Ірына вартасць дамашніх прадуктаў і жыццё на ўлонні прыроды пасля аперацыі і працяглага лячэння. Палюбіла вёску ўсёй душою.

З часам, калі знаёмыя не-не ды і прасілі прадаць ім “лішняе” з малочнага асартыменту, Ірына задумалася: ці не займець яшчэ адну карову? Тым больш, падобны прыклад побач: іх суседзі Шкуты шмат год запар трымаюць не менш як трое кароў (такое суседства з самага пачатку надавала ўпэўненасці ў новай для Гурыных справе, бо было ў каго парады папрасіць, было з кім параіцца). Усе пяцёра рагуль – на прывязі на лузе, што адразу за агародамі. Гаспадары ўдзячныя дырэктару ААТ “АграТурна” Максіму Гульковічу за тое, што паша для кароў прадугледжана, дзве тоны сена гарантаваны.
…Цяпер у Ірыны Уладзіміраўны ўжо чацвёра ўнукаў. У Лешні на свежых малацэ і тваражку растуць хутка. Прызвычаіліся з кубкамі чакаць свежага сырадою ля бабулі, якая пачынае даіць рагулю. А белыя вусы як знак якасці малака.
Дзеці пакуль што жывуць разам з Ірынай у чаканні ўласнага жылля. Зяць едзе на працу ў Брэст (дачка ў дэкрэтным водпуску) і вязе прыгатаваныя матуляй дамашнія малочныя прадукты: у горадзе пастаянныя пакупнікі, што ацанілі талент Ірыны як сыравара. Нямала аматараў іх і сярод вяскоўцаў.
Працоўны дзень гаспадыні пачынаецца а 4-й раніцы, калі доіць сваіх кароў. Паспявае працадзіць і пакінуць малако ў халадзільніку, і адразу – на ферму, дзе ў радзільным аддзяленні Ірыну з напарніцай чакаюць малыя цяляты і іх мамы-каровы. За хатнюю жывёлу спакойная, бо яе на луг выводзіць сын, і таксама – на ферму, дзе працуе жывёлаводам. А гатуе Ірына сваю “фірменную” прадукцыю звычайна ў выхадныя, якіх бывае два-тры на тыдні.
Праз два месяцы яна ўжо зможа пайсці на заслужаны адпачынак. Але наўрад ці зменіць рытм будняў на больш спакойны: мяркуе, калі хопіць здароўя, пашырыць уласны “статак” да трох галоў, бо сёння не хапае яе “аўтарскіх” сыроў пастаянным кліентам. Ды і з унукамі-памочнікамі хоча пабыць даўжэй. Яны, як і іншыя дзеці, што летам едуць у Лешню з горада, бачаць кароў на лузе, а не на малюнку. На жаль, сёння не ў кожнай вёсцы такая магчымасць у дзяцей ёсць.
Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
В Каменце пройдут игры Чемпионата Республики Беларусь по баскетболу
-
Израиль и США открыли ящик Пандоры, Иран объявил джихад. Главное о ситуации на Ближнем Востоке
-
БЕЗОПАСНО ЛИ В ВАШЕМ ДОМЕ? АКЦИЯ “ДОМ БЕЗ ПОЖАРА” ПРОШЛА НА КАМЕНЕТЧИНЕ
-
Папа Римский призвал не допустить «спираль насилия» из-за ситуации в Иране
-
Заявление Министерства иностранных дел Республики Беларусь в связи с обострением ситуации на Ближнем Востоке