Пенсіі па новай сістэме

235670Гэтым летам у Беларусі пачне працаваць першы блок Дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы сацыяльнай абароны (ДІССА). Што гэта такое і як укараняецца ў нашым раёне? Тлумачыць начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С.М.БАРЫСЮК.

– Дзяржаўная інфармацыйная сістэма сацыяльнай абароны – гэта ведамасная сістэма, якая ствараецца па рашэнні ўрада з 2007 года. Яе галоўная задача – комплексна аўтаматызаваць прызначэнне і выплату пенсій, дзяржаўных дапамог і адраснай сацыяльнай дапамогі, улічыць усе льготы і гарантыі. Акрамя таго, яна наладзіць інфармацыйнае ўзаемадзеянне на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях пры дапамозе карпаратыўнай сеткі перадачы даных. Як толькі праграма пачне працаваць поўнасцю, мы атрымаем у распараджэнне першую рэспубліканскую базу даных сацыяльнай абароны. Яна ахопіць прыкладна 2,5 млн.чалавек. Адзіная інфармацыйная прастора дазволіць у дынаміцы адсочваць сацыяльна-эканамічнае становішча насельніцтва, аператыўна рашаць пытанні найбольш неабароненых катэгорый грамадзян. Сістэма складаецца з “пенсійнага забеспячэння” і “дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва”. У дадзены момант блізкі да завяршэння першы вялікі этап – пенсійны.

– Святлана Мікалаеўна, скажыце, а хіба цяпер выплата пенсій і дапамог ажыццяўляецца не па сістэме?

– На падставе аўтаматызаванай сістэмы вядзення пенсійных спраў (АСВПС), якая дзейнічае ўжо больш за 20 гадоў. За гэты час сістэма састарэла тэхналагічна і не можа быць прыстасавана да змяненняў нарматыўнай базы. Хоць, здаецца, атрымаць пенсію няцяжка: прыйсці на пошту або ў аддзяленне банка, прад’явіць пашпарт, распісацца ў бланку. Але мала хто ведае, што гэтай простай працэдуры папярэднічае без права на памылку вялікая работа. І ў ёй ніяк не абысціся без ручнога ўводу інфармацыі, хоць налічэнне пенсій камп’ютарызавана.

– Што зроблена па ўкараненні ДІССА у нашым раёне?

– Доследная эксплуатацыя першага блока новай сістэмы ў нашым упраўленні ідзе з вясны мінулага года. Магутныя камп’ютары, новыя сервер і праграма павінны значна павысіць эфектыўнасць работы. Усе асабістыя даныя атрымальнікаў захоўваюцца ў базе. Зараз распрацоўваюцца і ўкараняюцца праграмы масавага разліку пенсій і падрыхтоўка выплатных дакументаў у банкі і аддзяленні паштовай сувязі. У маі фарміраванне такіх дакументаў атрымальнікаў пенсій і дапамог праз аддзяленні банкаў ажыццяўлялася пры дапамозе новай праграмы, а, пачынаючы з чэрвеня, будзе зроблена і праз арганізацыі пошты.

Звяртаюся да паштавікоў і да нашых атрымальнікаў пенсій і дапамог: у выпадку, калі ў чэрвені Вы атрымаеце пенсію ці дапамогу ў меншым або большым памеры, чым у маі, ці Вашага прозвішча не будзе ў выплатных дакументах, просім адразу ж паведаміць пра гэта ў аддзел пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацабароны райвыканкама па тэлефонах: 2-11-39, 2-33-99, 2-32-85, 2-32-30.

Падрыхтавала

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Добавить комментарий