Энергетыкі рэкамендуюць плаціць за спажытую ў лютым электраэнергію з 10 па 25 сакавіка, каб пазбегнуць пераразліку.
У Беларусі з 1 лютага ўведзены дыферэнцыраваныя тарыфы на электраэнергію. У прымяненні іх асобныя нюансы выклікаюць нямала пытанняў. Адказы на самыя частыя з іх атрымалі ад намесніка начальніка Камянецкага раёна электрасетак Васілія РАМАНЮКА.
– Васілій Васільевіч, у сувязі з прыняццем урадам адпаведнага рашэння будзем плаціць па новых правілах. Якая іменна сістэма аплаты будзе дзейнічаць?
– Найперш вырасце цана на электрычнасць. З сакавіка мінімум, які будзем плаціць за 1 скарыстаны кілават, зменіцца. Тарыф для кватэр з газавай плітой будзе роўны 382,4 рубля. Схема аплаты, згодна з мінімальным тарыфам, выглядае так: неабходна ўкласціся ў 150 кілават-гадзін у месяц; калі на гэтым не спыніцеся, кожны кілават ад 151 да 300 абыдзецца ўжо ў 497,1 рубля, а калі скарыстаеце больш як 300 кілават, дык кошт будзе вызначацца эканамічнымі абгрунтаваннямі – арыенціровачна 841,7 рубля. Ёсць і іншы парадак аплаты – ён распаўсюджваецца на пэўныя катэгорыі бытавых спажыўцоў, якія былі названы ў раённай газеце ад 2 лютага.
– А хто будзе лічыць, колькі трэба заплаціць?
– Спажыўцу не абавязкова вылічваць, колькі ён зрасходаваў льготнай электраэнергіі, а колькі – дарагой. Пры аплаце на пошце ці ў банку неабходна паказаць агульную колькасць спажытай электраэнергіі. Камп’ютар ці касір усё падлічаць. Аплата праз інфакіёск ці інтэрнэт таксама будзе магчыма пасля ўстаноўкі банкамі адпаведнага праграмнага забеспячэння. Цяпер праводзіцца абкатка тэхнічных дэталей сістэмы, якая дазваляе аўтаматычна вылічваць аб’ём спажытай электраэнергіі па новых правілах. Час пераходу на новую сістэму – з 1 па 10 сакавіка. Таму і рэкамендуем аплаціць электраэнергію за люты 2013 года з 10 па 25 сакавіка. У выпадку аплаты з 1 па 10 сакавіка пазней будзе зроблены пераразлік.
– А якім чынам будуць разлічвацца жыльцы шматкватэрных дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў, члены гаражных кааператываў, садаводчых таварыстваў, дзе калектыўны ўлік электраэнергіі?
– Такіх спажыўцоў нормы лімітавання датычыць не будуць да прыняцця дадатковых растлумачэнняў.
– Ці ёсць якія-небудзь асаблівасці аплаты электраэнергіі, спажываемай на будаўнічых пляцоўках жылых дамоў?
– Пакуль такі дом негазіфікаваны, да яго будуць прымяняцца ўмовы аплаты за электраэнергію як і да негазіфікаваных жылых дамоў: норма мінімальнага тарыфу складзе 300 кілават.
– У маіх сваякоў у жылым доме зарэгістраваны два электралічыльнікі: аднафазны і трохфазны. Як размяркоўваецца норма льготнага электраспажывання ў такім выпадку?
– На кожны электралічыльнік прымяняецца свая норма электраспажывання.
– Увядзенне лімітаў, безумоўна, стане стымулам эканомнага расходавання электраэнергіі. Ці не стане гэта прычынай і спроб крадзяжу яе?
– У выпадку выяўлення факта парушэння правілаў электразабеспячэння разлік – пакрыццё нанесенага ўрону – будзе паводле тарыфаў, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат. Акрамя таго, спроба крадзяжу звязана з рызыкай трапіць пад электрычнае напружанне. І раю добра задумацца тым, хто разлічвае эканоміць незаконным шляхам.
Падрыхтавала
Галіна НОВІК.