Па маршруце “Царская паляна”

IMG_3967Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Велатурызм” Камянецкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства – вучні Навіцкавіцкай сярэдняй школы – пераадолелі немалы шлях: Навіцкавічы – Чарнакі – Падбела – Хамуціны – Пашукі – Камянюкі – Нацыянальны парк “Белавежская пушча”. Шмат цікавага спазналі.

У Пашуках увагу прыцягнула царква, у Камянюках наведалі сядзібу “Брыльянтавая падкова”, дзе сфатаграфаваліся побач з коньмі. А далей – Нацыянальны парк, маршрут “Царская паляна”, працягласць якога 10 кіламетраў. Спынюся на гэтым больш падрабязна. Маршрут пракладзены ў паўднёвай частцы пушчы, праходзіць па дарогах з цвёрдым пакрыццём. У ім – 12 кропак агляду.

Першая – “Чырвоны дуб”, затым бяроза з “Галавой зубра”. І на самой справе гэтае дрэва нагадвае “цара пушчы”. Трэці прыпынак – “Дуб-самотнік”. Яму 300 гадоў. У дзяцей адразу ўзнікла пытанне: ”Чаму ён “адзінокі”, калі побач столькі дрэваў?” Але тут жа знайшоўся і адказ: “А дубоў побач больш няма!”

Балота “Татарскае багно” – наш наступны прыпынак. Адразу ўсім успомніліся “Людзі на балоце” Івана Мележа, а некаторым – ваенныя фільмы з дзеямі на балотах. У 13 стагоддзі тут была стаянка татар, акружаная багнай, – яна засцерагала іх ад раптоўнага нападу славян. Пасля Першай сусветнай вайны ў пушчы было некалькі буйных пажараў. Адзін з іх знішчыў лес. У 30-я гады польскія лесаводы засадзілі вялікую чорную пляму саджанцамі соснаў. Гэтаму ўрочышчу далі назву “Турпюй”.

Сустрэлі мы мясціны, дзе пабываў люты вораг Белавежскай пушчы – караед-тыпограф. Маленькі жучок часам наносіць пушчы велізарныя страты, дрэвы становяцца, нібы рэшата. І яны знаходзяцца на шостай кропцы агляду – “Атака караеда”.

Палавіна шляху за спінай. Далей – “Былая вузкакалейная чыгуначная дарога”. Цяпер тут асфальт. Восьмая кропка – “Дубы 30-х гадоў”: тут, акрамя дрымучага лесу, мноства маленькіх елачак.

І вось мы на Царскай паляне. Месца з вельмі незвычайнай гісторыяй. Цяпер тут праводзяцца масавыя мерапрыемствы і святы. Далей мы апынуліся на “Лясной развілцы” з маляўнічай альтанкай. Побач – калодзеж і ахоўнікі, якія аказаліся вельмі ветлівымі і не адмовілі нам у просьбе наталіць смагу.

Вялікі сасновы лес уяўляе сабою найкаштоўнейшы помнік магутнасці жывой прыроды. Узнік ён не без дапамогі чалавека. Сярэдні ўзрост дрэваў – без малога 200 гадоў. І гэта была адзінаццатая кропка маршруту. Апошняя стаянка – “Велізарная елка”. Яе вышыня дасягае 40 метраў.

Было сумна пакідаць гэтую лясную казку. Але нам трэба было вяртацца дадому. Удзельнікаў аб’яднання па інтарэсах “Велатурызм” чакаюць новыя маршруты і адкрыцці.

Юлія КАЛЬКО,

педагог дадатковай адукацыі Камянецкага цэнтра

турызму і краязнаўства.

Фота аўтара.

Добавить комментарий