У вёсках пяці сельсаветаў раёна – Агародніцкім, Воўчынскім, Вярховіцкім, Ратайчыцкім, Раснянскім – малако з падвор’яў сялян збірае Анатоль Швейкус (прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Буш-сэрвіс”), з якім заключыла адпаведны дагавор СААТ “Белавежскія сыры”.
Доля “сялянскага” малака ад агульнараённага аб’ёму продажу дзяржаве ў савецкі час складала 12 – 17 працэнтаў. Цяпер той уклад куды больш сціплы, але і ён не ігнаруецца. Сучасныя перапрацоўчыя прадпрыемствы патрабуюць усё больш сыравіны, іх магутнасці ўзраслі, геаграфія паставак малочнай прадукцыі пашыраецца.
Як прымета часу – перадача функцый па зборы малака ў рукі прыватнікаў. У Беларусі такая тэндэнцыя вызначылася гадоў пяць назад. На Брэстчыне першапраходцамі сталі прыватныя малаказборшчыкі Драгічынскага раёна. На Камянеччыны да той справы сёлета далучыўся высакаўчанін Анатоль Швейкус.
А першыя рэйсы прыватніка па малако былі наладжаны ў маі да 14-і малаказдатчыкаў: у Расне, Лумне, Бардзёўцы, Ваўковічах… Гэта была “абкатка” аптымальных маршрутаў, вадзіцелі эканамічных аўто “Опель-Комба” (набытыя паводле прэзідэнцкага Дэкрэта № 6) са спецыяльнымі ёмістасцямі асвойвалі абавязкі прыёмшчыкаў і лабарантаў. Той падзеі папярэднічалі сходы сялян, з кожным гаспадаром была заключана дамова. І складаецца яна з мноства пунктаў, якія маюць на ўвазе самыя розныя сітуацыі, што могуць узнікнуць у адносінах абодвух зацікаўленых бакоў. Цяпер з падвор’яў сялян штодня збіраюць да 5-і тон сырадою.
У Воўчынскім сельсавеце на 1 студзеня 2013-га было 207 рагуль, сёння – 180 (змяншэнне іх колькасці, на жаль, не спыняецца). Пацікавілася меркаваннем тутэйшых гаспадароў наконт новай прыватнай справы.
Ганна АМЕЛЬЯНЮК:
– Спачатку перамены сустрэлі насцярожана. Але бачым, што чалавек добра падрыхтаваўся: таварна-транспартныя накладныя, пломбы, суправаджальны ліст якасці, пунктуальнасць вадзіцеля, частыя пробы малака, якое з кожнай вёскі збіраецца ў асобную ёмістасць… На пошту без затрымак пералічваюць грошы за кожную дэкаду, і паштальён прыносіць іх дадому кожнаму з 34-х малаказдатчыкаў у Воўчыне.
Любоў ДАЎЖУК:
– Раней збор малака быў наладжаны быццам бы някепска. Па-мойму, як бы нічога і не змянілася. Не паспела яшчэ разабрацца, бо кароўка, было, прыхварэла, і малако ад яе не здавала. Толькі лабарант вызначае, калі пасля лячэння можна яго выліць у агульны бідон.
Кожны год гаспадарка забяспечвае нашых кароў сенам, спадзяемся, што і сёлета так будзе.
Валянціна БАРАНЧУК:
– У Ставах прыватнік збірае малако з 1 ліпеня. На нашай вуліцы – Зялёнай – пяцёра гаспадароў маюць кароў. Спачатку ўзніклі нейкія непаразуменні з тлустасцю, але ўсё нармалізавалася. Цяпер не чую, каб былі прэтэнзіі.
Іншая справа, што закупачная цана малака вельмі нізкая. Доўгі час так і застаецца 2555 рублёў за 1 кілаграм. Так не павінна быць.
Ці не з кожным гаспадаром была гутарка і ў Вярховіцкім сельсавеце, дзе на 24 вёскі – 150 кароў. У Ратайчыцкім – на падвор’ях 38 рагуль, з іх у Мінкавічах – толькі 4. “Прыватны” збор малака тут наладзілі з 5 чэрвеня. А на мінулым тыдні прыйшлося зноў запрасіць на сход малаказдатчыкаў, бо ўзніклі надзённыя пытанні, адрасаваныя Анатолю Швейкусу, некаторыя – са спазненнем, бо ўжо вырашыліся ў рабочым парадку. Усе тыя пытанні можна аб’яднаць у некалькі: захаванне якасці забору проб малака; больш зразумелая раздрукоўка даных аб здадзеным малацэ; выплата кампенсацыі пры вяртанні забракаванага; своечасовасць аплаты здадзенага малака. Апошняе пытанне, як зазначае старшыня Ратайчыцкага сельскага Савета Мікалай Будзіловіч, узнікла, калі толькі наладжвалася супрацоўніцтва з поштай і банкам, “гарачых” праблем няма…
З дапамогай сучаснай выязной лабараторыі, калі на месцы, праз 4 мінуты пасля ўзяцця пробы, у прысутнасці здатчыка вызначаюцца тлустасць, утрыманне бялку, вады і інш., высветлены спрэчныя пытанні ў Даўбнёве і Макараве. Дарэчы, мабільная лабараторыя задзейнічана на маршрутах амаль кожны дзень. Індывідуальны падыход да кожнага, хто і сёння рупіцца аб карміцельцы-карове, дасць плён. Сетка такіх “малочных” маршрутаў, пэўна, будзе пашырацца. Аднак, калі не будзе зроблены крок і насустрач прыватніку, які застаецца верным гаспадаром сваёй рагулі, шляхам дастойнай аплаты малака, ці будзе да каго праз год-другі ехаць у вёску па сырадой?
Галіна НОВІК.
На здымку: да заўтрашняй раніцы…
Фота Алега КЛЮШЫНА.
Это может быть интересно:
-
В Долбизно прошел сельский сход с представителем областного управления МЧС
-
Ветераны “Беловежских сыров” вернулись на производство. Зачем?
-
Департамент охраны приглашает принять участие в республиканском конкурсе творческих работ
-
Сёння, 30 верасня, адбылася пятая сесія Камянецкага раённага Савета дэпутатаў 29 склікання
-
Пелищенской сельской библиотеке исполнилось 85 лет