Хоць свініна ніколі не лічылася дыетычным прадуктам, але ці не ў кожнай гаспадыні ёсць у запасніку два-тры слоікі акуратных брускоў прасоленага сальца – на непрадбачаны выпадак. Яно найменш небяспечнае і як “ссабойка” ў дарогу. Да таго ж спрактыкаваныя гаспадыні ўпэўнены, што больш выгадна купіць для сям’і кілаграм свініны (калі кураціна не надта да спадобы), каб прыгатаваць з ёю стравы, чым той жа кілаграм каўбасы.
Апошнім часам цэны на свініну некалькі знізіліся. І не толькі таму, што добра працуюць свінагадоўчыя комплексы і здарылася замінка ў пастаўках свініны ў Расію, – часцей сталі гадаваць свіней сяляне і нават гараджане, што жывуць у прыватным “сектары”. Калі для сям’і замнога, можна і прадаць. І ў раённай газеце больш часта з’яўляюцца аб’явы аб продажы свініны – гаспадары просяць да 40 тысяч за 1 кг яе. На брэсцкім рынку, вядома, танней. Зніжка асабліва прыметная, калі параўнаць цану з мінулагодняй. Перад шчодрай прапановай губляецца і самы прыдзірлівы пакупнік, згодны аддаць, скажам, за праслоены бачок да 25-і тысяч. Сяляне не надта прывыклі стаяць за прылаўкам – найчасцей на мясных радах на рынку маладыя прадпрымальныя людзі, што скупляюць свіней у вёсках. Вяскоўцы ж спрабуюць, з дапамогай абвестак ці проста “па суседстве” прадаць тое, што гадавалі ўласнаручна. Маюць на ўвазе і нарыхтоўшчыкаў райспажыўтаварыства, дзе закупачная цана сёння – 30 тысяч рублёў за 1 кг свініны (не так даўно была на 5 тысяч вышэй).
У “звычайных” прадуктовых магазінах яе не прадаюць, прапануецца хіба што сала, але перапрацоўка – яго пасалілі – і гандлёвая нацэнка разам узнімаюць цану да 54-х тысяч. Аматары свежаніны могуць набыць яе разробленай у крамах ад “Белавежскага”, якіх у раёне ўжо восем. Калі ўсё ж больш па смаку дамашняя свініна, некаторыя едуць па яе на брэсцкі рынак. Але калі ўлічыць транспартныя расходы на паездку ў Брэст… Тым больш, што і ў Каменцы па чацвяргах можна купіць свініну ў павільёне на цэнтральным рынку, куды яе па-ранейшаму прывозіць індывідуальны прадпрымальнік, і тое ж сала пасаліць па ўласным рэцэпце.
Мяркую, што інтарэс сялян да свінагадоўлі ажывілі нізкія цэны на бульбу ўвосень і магчымасць без праблем набыць семя пародзістых кныроў-вытворцаў абласнога цэнтра селекцыі і генетыкі свінагадоўлі, што недалёка ад Турны. Дзякуючы апошняму, крыху танней можна купіць парасят на рынку, а, значыць, – больш ахвочых набыць іх. Як удакладнілі ў райплемстанцыі, дзе рэалізуюць семя, летась вяскоўцамі рэгіёна было куплена 2300 доз яго. Хоць на дварэ зіма, але ў лютым, пэўна, ужо прывязуць парасят на продаж; базарныя дні у Каменцы – па чацвяргах, у другой палове дня, у Высокім – таксама ў чацвер, але раніцай. І торг адбудзецца. Дарагія камбікармы нашы сяляне навучыліся часткова “кампенсаваць” дбайным доглядам з дапамогай таго, што ёсць ва ўласным склепе.
Як зазначае жыхар Пагранічнай Ігар Малчанаў, які не адзін год займаецца прыватнай жывёлагадоўляй, выручаюць магчымасць купіць зерне ўвосень і ўласны электрамлын, час ад часу дакупляе дробную бульбу. Умее гадаваць парасят, і без купцоў не застаецца. Заробленае нямала выручае на будоўлі дома. За парку зімовых парасят цяпер просяць да 700 тысяч. Ігар упэўнены, што ўвесну будуць каштаваць даражэй, бо попыт на іх узрасце…
Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
Мошенники рассылают вирусы под видом фото в Telegram
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Фоторепортаж. 50-летний юбилей отпраздновала средняя школа N2 г.Каменца имени А.И. Самуйлика
1 thought on “Па другі бок прылаўка”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.
Печатайте почаще актуальные, информационные и полезные материалы такие, как “Па другі бок прылаўка”