Паэт Віталій Арлоў: “Рамесніцтва — гэта калі пішаш для грошай. Такое не для мяне”

Мора і паэзія. Гэтыя дзве стыхіі, калі дазволіце так іх назваць, скразной ніткай праходзяць праз усё жыццё Віталія Арлова з Катэры. З яго вершамі жыхары раёна ўжо знаёмыя, а вось пра марскую рамантыку мой суразмоўца раскажа сам…

Віталій Іванавіч нарадзіўся ў горадзе Ліепая, што ў Латвійскай ССР, і да 3 класа школы жыў з мамай. Яго няпросты жыццёвы шлях, багаты на віражы, набліжаўся та­ды да першага з іх. Матуля хлопчыка трапіла ў бальніцу (паў­плы­вала ваеннае мінулае, калі жанчына была параненая, кантужаная і па­трапіла ў нямецкі палон, з якога цудам вырвалася). Маленькага Віталіка аддалі ў дзі­ця­чы дом, увогуле ж іх было чатыры, ды яш­чэ тры інтэрнаты.

Пасля 8 класаў мой сура­змоў­ца паступіў у ГПТВ, дзе атрымаў спецыяльнасць электразваршчыка, і пасля ўладкаваўся ў вядомы на ўвесь Саюз завод спецстальканструкцый. Праз 3 гады пайшоў у армію, і служыць давялося пад Ленінградам (горад Тосна) у супрацьпаветранай абароне. Выка­наўшы абавязак перад сваёй вя­лікай Радзімай, мог вярнуцца на родны завод, але… У гэты самы момант лёс вырашыў закласці но­вы віраж. “Сябар сасватаў мяне ў мора, – узгадвае Віталій Іва­на­віч. – Лавіць рыбку”.

МОРА СТАЛА ДОМАМ

Атлантыка, Ла-Манш, Паўноч­нае мора, узбярэжжа Канады, Аф­рыканская зона… Калі мой су­размоўца пералічвае гэтыя наз­вы – месцы, дзе на працягу 3 га­доў даводзілася хадзіць, мне па­даецца, што ў пакоі пачынае пах­нуць ветрам, ды мрояцца крыкі чаек. Вялікі марскі рыбалоўны траўлер станавіўся домам для рыбакоў на 120, 180 ці 220 сутак.

“У першы рэйс пайшоў са­праўд­ным салажонкам, – расказвае Ві­талій Іванавіч, – але вывучыўся хутка. Мора не пакідае часу на роздум. Быў матросам, потым – старэйшым матросам. Неаднаразова знаходзіўся на валасок ад гібелі, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…”

Мора падарыла майму сураз­моўцу яшчэ і вялікае каханне. На траўлеры ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, што працавала там буфетчыцай, а родам яна была з… Вужыкаў. Так-так, мена­віта з тых, што на Камянеччыне! Маладыя людзі параіліся і выра­шылі звольніцца, а потым пера­ехалі на малую Радзіму жонкі. На­радзіліся сын і дачка… Пазней лёс развёў Віталія Іванавіча з род­нымі людзьмі, гаварыць пра гэ­та яму няпроста. Таму звяртаемся да паэзіі…

ВЫДАЦЬ Б МАЛЕНЬКІ ЗБОРНІЧАК…

Калі пытаюся пра напісанае, мой суразмоўца гаворыць аб не­калькіх сотнях вершаў. Яны дру­каваліся, дарэчы, не толькі ў “НК”, але і ў абласной “Зары”, і ў “Зары над Бугам”, і ў “Весніку Магілёва”, і ў альманаху “Гоман”.

Прашу дазвалення зазірнуць у творчую майстэрню паэта, і Ві­талій Іванавіч расказвае:

“Часам, ведаеце, прыходзіць ключавая фраза верша, і магу месяц яе ў галаве круціць, каб потым выліць на паперу. Ні дня без радка, як у Юрыя Алешы, – гэта рамесніцтва. Калі пішаш для грошай. Такое не для мяне”.

Заўважаю на паліцах і стале ў пакоі мноства кніг… Мой сураз­моўца ўзгадвае пра тое, што за­пісаны ў дзвюх бібліятэках адразу, а яшчэ што-небудзь пачытаць яму прывозіць добры сябар Вік­тар Пятручык. “Вось нядаўна пры­вёз чатырохтомнік Ляскова. Па­куль што не браўся за яго”.

Сярод любімых аўтараў Віта­лій Арлоў называе Грэма Грына, Віктара Канінга і Фрыдрыха Ніц­шэ, а з перыёдыкі аддае перавагу часопісу “Планета”, што пара­іла суседка Сцепаніда Сяргееўна Самойленка, з якой падтрым­лівае шчырыя добрасуседскія адносіны.

У вольную хвілінку, калі няма работы ля дома ці не патрэбна дапамога суседзям, мой сураз­моўца глядзіць кінафільмы.

Пытаюся пра запаветную ма­ру і чую ў адказ: “Маленькі б збор­нічак выдаць…” У яго ўжо і назва ёсць – “Камерная лірыка”. І змест прадуманы – будуць 2 раздзелы: сугучны назве зборніка і “Той, якая чакала”. Нават ілюстрацыі падабраныя: да першага раздзела – выява чалавека, які піша за сталом на фоне крат, да другога – жанчына, што глядзіць на дарогу, якая ідзе ў далячынь.

Можа, і здзейсніцца некалі гэ­тая мара цудоўнага паэта?..

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Станіслава ГРЫЦУКА.