Паэтка Наталля Кандрашук выступіла ў родных Камянюках

Літаратурныя сустрэчы заўсёды асаблівыя. Яны дораць нам магчымасць дакрануцца да літаратуры ў цэлым і творчага свету асобнага пісьменніка ў прыватнасці. Запамільным, шчырым і пранікнёным атрымаўся творчы вечар паэткі, празаіка, кнігавыдаўца, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Кандрашук, што адбыўся 19 кастрычніка ў Камянюцкай сельскай бібліятэцы.

Наш пушчанскі аграгарадок родны для Наталлі Пятроўны, і сёння, жывучы і плённа працуючы на творчай (і не толькі) ніве ў Кобрыне, яна беражэ ў душы сваю малую Радзіму. 15 гадоў таму тут адбылася прэзентацыя першага зборніка вершаў Наталлі Кандрашук “Зимний букет”, а сёння яна – аўтар многіх і многіх кніг…

Сярод гасцей вечара ў гэты восеньскі дзень былі былы дырэктар Камянюцкай СШ і былы старшыня мясцовага сельвыканкама Уладзімір Кісляк, былы дырэктар той жа школы, выдатнік адукацыі СССР і БССР, магістр педагагічных навук Валянціна Фралова, Тамара Шлык, Валянціна Шахалевіч і Анастасія Генат, настаўніца пачатковых класаў Іна Яўташук (сяброўка дзяцінства), настаўніца рускай мовы і літаратуры Каленкавіцкай БШ Вераніка Кухмар і яе таленавітая вучаніца Ангеліна Невірэц, загадчык Камянюцкага цэнтра рамёстваў і культуры Алена Саўко, сын Наталлі Кандрашук Ігар Ніжнік, настаўнік матэыматыкі з Кобрына, таксама паэт, і іншыя аматары прыгожага пісьменства.

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі выставу асабістых і калектыўных (у тым ліку міжнародных) зборнікаў Наталлі Кандрашук, яе публікацый у літаратурных часопісах і шматлікіх дыпломаў, а вядучай вечара стала Раіса Рамашка – менавіта з яе вуснаў слухачы пачулі асноўныя моманты біяграфіі аўтаркі.

Наталля Пятроўна прэзентавала ўдзельнікам сустрэчы чатыры свае паэтычныя зборнікі: “Лабірынты летуценняў”, “Зимний букет”, “На изломе строки” и “Рифмуя душу…”, расказала пра ўласную творчую, прафесійную і выдавецкую дзейнасць, прадставіла калектыўныя зборнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Гучалі, безумоўна, і паэтычныя радкі ў аўтарскім выкананні. Асабліва ўразіў слухачоў, выклікаўшы шчырыя слезы, верш Наталлі Кандрашук пра маці Ганну (бацькоў пісьменніцы помняць і паважаюць у Камянюках).

Не засталіся абыякавымі да сустрэчы і яе ўдзельнікі. Уладзімір Кісляк сыграў на баяне, а Тамара Шлык, Валянціна Шахалевіч і Анастасія Генат выканалі некалькі песень у падарунак. Цікавы і той факт, што Ангеліна Невірэц піша сёння навуковую працу, прысвечаную творцам-ураджэнцам Камянюк, а летась яшчэ адзін вучань Веранікі Кухмар Дзмітрый Шокала даследаваў вершы, прысвечаныя Белавежскай пушчы, сярод якіх былі і цудоўныя творы Наталлі Кандрашук.

Напрыканцы вечара ўсе жадаючыя маглі набыць кнігі Наталлі Пятроўны (з аўтографам, вядома ж!). І многія, трэба падкрэсліць, папоўнілі ў гэты дзень свае хатнія бібліятэчкі. Найлепшае прызнанне для творцы!

Настасся НАРЭЙКА
Фота Ігара НІЖНІКА

За кнігу “Рифмуя душу…” Наталля Кандрашук ўзнагароджана спецыяльным дыпломам рэспубліканскага конкурсу паэтычных зборнікаў імя Валянціна Таўлая.

Сёлета Наталля Кандрашук выдала міжнародны калектыўны зборнік вершаў і прозы “Я сердцем никогда не лгу…”, прывечаны 130-годдзю Сяргея Ясеніна, у які ўвайшлі сярод іншых і яе творы.

Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam