Пачынала паштальёнам…

IMG_2084Сорак першы год працуе ў паштовай сувязі Таісія Макарук, якая пачынала паштальёнам у Караліне. Праз год стала вучаніцай аператара паштова-тэлеграфнай сувязі, два гады працавала на гэтай пасадзе. Пасля падмены водпуску ў Ставах у 1977-м узначаліла гэтае аддзяленне паштовай сувязі. А праз два месяцы тут і замуж выйшла. Ставы ўжо сталі роднымі… Помняцца і газетны бум у 70-80-я гады, калі выпісвалі па чатыры-пяць перыя­дычных выданняў на сям’ю, і пашырэнне пераліку нетрадыцыйных для пошты паслуг, і кампанія па камп’ютарызацыі пошты, калі даводзілася ездзіць на заняткі ў Каменец. Чым большыя вопыт і стаж, тым больш даводзіцца вучыцца. Каб не адстаць ад часу.

У аддзяленне паштовай сувязі сяляне заходзяць і па канверт ды паштоўку, і па прадуктовыя тавары. Іх нярэдка па просьбах пажылых вяскоўцаў, у тым ліку дастаткова тэлефоннага званка на пошту, вязе ім дадому паштальён Марыя Кавалевіч. Яна абслугоўвае жыхароў Ставаў, Загароднай і Мельнікаў.

У кожным доме ведае ўсіх пайменна, знае чытацкія густы – таму ў падпісную кампанію зараней рыхтуе прапановы, нагадвае аб іх, каб без газеты ніхто з аматараў чытання не застаўся. Хоць і худаватыя сёння кашалькі сялян, аднак штомесяц выпісваюць не менш за 250 экземпляраў перыёдыкі. Вясковая моладзь часцей знаёміцца з навінамі ў інтэрнэце, але паштавікі ўпэўнены, што заўсёды будуць і прыхільнікі друкаваных газет і часопісаў.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий