Пасля ўрокаў – калейдаскоп ідэй

P1245068Спіс гурткоў, у якія запрашае хлопчыкаў і дзяўчынак цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Высокім, уражвае сваёй даўжынёй і разнастайнасцю. Кожны можа выбраць той накірунак, што падыходзіць менавіта яму.

Аматараў выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці чакаюць у студыі “Фантазёры” (кіраўнік Дземенцяюк С.М.), гуртках “Калейдаскоп ідэй” (вышыўку стужкамі, крыжыкам,  працу з пап’е-машэ, выяўленчай ніццю прапаноўвае Саладунава Г.В.), “Майстрылка” (бісерапляценне, Філосаф А.І.), “Папяровая фантазія” (модульнае арыгамі, квілінг, Краўчук А.М.), “Залатая іголачка” (вышыўка крыжыкам, Панасюк В.М.), “Нітка натхнення” (вязанне кручком, той жа кіраўнік), “Ідэі для дома” (дэкараванне, выраб сувеніраў, Дзеркач Т.В.), “Умелыя рукі” (выпальванне па дрэве, Краўчук Р.Р.).

Артыстычных дзяўчынак і хлопчыкаў зацікавяць узорны клуб аматараў фальклору “Катрынка” (танцавальныя і вакальныя групы, кіраўнікі – Лізякіна Л.І., Зайцава А.М., Краўчук А.М.), гурток “Юныя барды” (ігра на шасціструннай гітары, вакал, Зайцава А.М.), тэатр мініяцюр “Ералаш” (асновы акцёрскага майстэрства, Ніканчук Г.С.), “Балаганчык” (лялечны тэатр, той жа кіраўнік), “Ігра на народных інструментах” (Касьянюк В.М.), “Домісолька” (сольныя спевы, ансамбль, Філосаф А.І.)

Юныя вандроўнікі могуць наведваць заняткі гурткоў “Юныя турысты” (Краўчук Р.Р.) і “Вытокі” (Васілюк А.С.).

Эколага-біялагічны накірунак прадстаўлены гурткамі “Экалагічная граматыка” (Кандрацюк Л.У.), “Аматары прыроды” (Макасюк С.М.), “Пя­рнатыя сябры” (Сідарава Л.Ю.), P1245040“Аленький цветочек” (Дзеркач Т.В.), “Біёніка” (паглыбленае вывучэнне біялогіі, Макарава І.К.), “Бансай” (Макарава І.К.), “Залатая рыбка” (асновы рыбалоўства, Канечны Д.У.).

Будучыя гросмайстры запрашаюцца ў гурток “Белая ладдзя” (Гаўрысюк К.А.), а тыя, чые рукі не для суму, – у гурткі “Выпільванне лобзікам” (Краўчук Р.Р.), “Кам­п’ютарная азбука” (Канечны Д.У.), “Асновы камп’ютарнай граматнасці” (Дудар М.А.), “У свеце камп’ю­тар­ных гульняў” (Ухаль І.П.).

Таксама карыстаюцца папулярнасцю гурткі “Абярэгі” (Дудар Л.Г.), “Касцюмер” (Краўчук Т.Л.), “Здравушка” (асновы здаровага ладу жыцця, Макасюк С. М.), “Паглыбленае вывучэнне польскай мовы” (Самахвалава Л.С.), “Школа ранняга развіцця” (Кандрацюк Л.У.).

Да цэнтра адносяцца гурткі, што дзейнічаюць у некаторых школах: у Белавежскай – узорнае аматарскае аб’яд­нанне “Белавежская цявінка” (Карпава А.П.) і “Тэатралы” (Даўгайлава Л.Я.); Воўчынскай – “Салаўі” (вакальны, Мядзведзева К.А.), “Турызм і спартыўнае арыентаванне” (Краўчук Р.Р.), “Лідар” (Мядзведзева К.А.), “Вясёлка” (Мядзведзева К.А.); Агародніцкай – “Спартыўнае арыентаванне” (Краўчук Р.Р.); Раснянскай – “Фантазія” (Салышка А.Н.).

Асобныя гурткі працуюць на платнай аснове: камп’ютарныя, школа ранняга развіцця, старэйшая група студыі “Фантазёры”.

Дзеці ідуць у цэнтр, не зважаючы на аб’ёмныя хатнія заданні ў агульнаадукацыйнай школе. Ніводнай вольнай хвілінкі – такі жыццёвы рытм сучаснага школьніка, што імкнецца да дасканаласці.

36 педагогаў цэнтра прыходзяць на працу з задавальненнем і цудоўным настроем, што не можа не перадацца вучням. Акрамя таго, сямёра з іх маюць вышэйшую катэгорыю, першую і другую – па дзевяць. Штогод дружны калектыў папаўняецца маладымі спецыялістамі, якія адпрацоўваюць свой тэрмін і… застаюцца. Так, напрыклад, зрабіў Іван Ухаль, кіраўнік гуртка “Камп’ютарны свет”, які штодзень ездзіць на працу з абласнога цэнтра.

Усё гэта пачула ад дырэктара цэнтра Людмілы Дудар, якая з цеплынёй расказвае аб калегах і вучнях: “Кожнае дзіця таленавітае само па сабе. Мы працуем, каб даказаць гэта. Ствараем усе ўмовы. Ад душы ўдзячна свайму калектыву, райаддзелу адукацыі, мясцовай уладзе – усім, хто неабыякавы да нашай работы.”

Цэнтр цесна супрацоўнічае з Анатоліем Медзведзюком свяшчэннікам Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы, многія гурткоўцы наведваюць студыю “Радасць мая”. Рэлігія і мастацтва аб’ядноўваюцца дзеля чысціні  дзіцячай душы. Падпісаны дагаворы з 5 польскімі гмінамі, адкуль прыязджаюць госці, і высакаўчанам у краіне-суседцы заўсёды рады.

“Імкнёмся зрабіць што-небудзь і для роднага горада, – акцэнтуе ўвагу Людміла Рыгораўна. – Атрымалі грант на будаўніцтва і рэканструкцыю каналізацыйнай сеткі ў Высокім у суме 1622365 еўра.

Мой аповяд пра цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі быў бы няпоўным без партрэта аднаго з супрацоўнікаў. Знаёмцеся – высакаўчанка Ганна Саладунава, метадыст і кіраўнік гуртка “Калейдаскоп ідэй”.

P1245099Яна скончыла завочна Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, па-майстэрску вышывае крыжыкам, стужкамі і па кардоне, працуе ў тэхніцы папье-машэ, робіць выцінанкі і паштоўкі і ўсяму гэтаму з задавальненнем вучыць. Гурток наведваюць 20 дзяўчынак і хлопчыкаў, што дзеляцца на дзве групы па ўзросце: вучні 2 класа і 5-7 класаў. Прадстаўнікі моцнай паловы не цураюцца, здавалася б, зусім жаночага занятку, а педагог зазначае, што ўменне трымаць іголку ў руках кожнаму спатрэбіцца. Цяжка знайсці чалавека, якому хоць раз у жыцці не прыходзілася прышываць гузікі…

Ганна захапляецца яшчэ і валеннем, але гэта рукадзелле патрабуе выдаткаў, спрабавала ткаць з вучнямі габелены, але гэта падалося занадта складаным. Падчас заняткаў паволі цячэ размова, дзеці дзеляцца сваімі сакрэтамі, просяць парады. У дзень нараджэння кожнага вучня чакаюць віншаванні сяброў і педагога. А восенню традыцыйна ладзяцца няспешныя прагулкі па гарадскім парку, дзе столькі разнастайных фарбаў! Потым уменне спалучаць колеры спатрэбіцца ў рабоце.

“Конкурсы і выставы для нас зусім не самамэта, – расказвае Ганна Саладунава. – Галоўнае – творчасць, імкненне да прыгажосці, пошук сябе, свайго прызначэння. Першую работу дазваляю забраць дадому, астатнія ўпрыгожваюць кабінет.”

Вось такі ён, цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Высокім. Тут вучаць рабіць свет больш дасканалым, а пачынаць у гэтай справе трэба з сябе.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

г.Высокае.

Добавить комментарий