Не лепшы час сёння перажывае калектыў ТАА “РаптарКам”, створанага ў Высокім ў 2007 годзе. Нагадаю нашым чытачам, што тут выпускаюць упаковачную тару з кардону прасаванага і шматслойнага, гофракардону. У ліку пастаянных кліентаў фірмы – Брэсцкі мясакамбінат, “Белавежскія сыры”, “Белавежскі”, Лунінецкі малочны завод… Але на сённяшні дзень адна з асноўных праблем – пратэрміноўка плацяжоў, прадпрыемствы завінаваціліся вытворцам тары каля 250 млн. рублёў. Для невялікай прыватнай фірмы гэта значная сума. Вымыванне абаротных сродкаў пагражае парушэннем вытворчага працэсу.
З месяц назад калектыў з 12-і чалавек узначаліў новы дырэктар – Уладзімір Кандрацюк. Паспеў ужо скрупулёзна прааналізаваць сітуацыю. І прыйшоў да высновы, што ва ўмовах узмацнення канкурэнцыі (больш танная ўпакоўка пачынае паступаць на Беларусь з Расіі, Прыбалтыкі) найперш неабходна шукаць новую зыходную сыравіну, таннейшую, чым сённяшняя са Светлагорска, Слоніма, Альхоўкі (Астравецкі раён), за якую патрабуецца перадаплата. Калі ж без яе, дык – даражэй.
Вытворчасць кардоннай тары не з’яўляецца энергаёмістай, таму толькі за кошт больш таннай сыравіны можна знізіць сабекошт гатовай прадукцыі. Не знімаецца з парадку дня задумка набыць арандуемае (у райаграсэрвіса) памяшканне ва ўласнасць, што таксама адбілася б на выніковым кошце вырабаў.
У той жа час цяперашнім плюсам кардону высокай якасці з’яўляецца тое, што больш за 20% высокаўскай тары выкарыстоўваецца прадпрыемствамі для адпраўкі ў ёй тавараў за мяжу. Апошнім часам гэтай тарай зацікавіліся беларускія прадпрымальнікі, якім Высокае можа быць геаграфічна выгадным на камерцыйным шляху з пункта “А” ў пункт “Б”.
Праца ва ўмовах рынку вымушае да пастаяннага пошуку. Але наконт новых задумак дырэктар разважае пакуль вельмі стрымана. А вось пра неабходнасць у цэх новай машыны, якая ператварае ва ўпаковачны матэрыял другасную сыравіну, гаворыць упэўнена. Такі выраб упакоўкі ўжо наладжаны ў суседніх краінах. Безадходная вытворчасць – мара любога кіраўніка. Каб яна стала рэальнасцю, высакаўчанам патрэбны інвестар, актыўным пошукам якога Уладзімір Кандрацюк займаецца. “Добра было б, каб гатоўнасцю да супрацоўніцтва нас падтрымалі прадпрыемствы Камянеччыны. Разумею, што ў рынкавых умовах кіраўнікі лічаць усё больш старанна, але ж і дастаўка тары аднекуль таксама каштуе грошай…”– разважае ён. Пакуль жа вымушаны перайсці на 4-дзённы рабочы тыдзень, бо аб’ём заказаў за апошнія гады зменшыўся ў некалькі разоў. Як спалучаць якасць і цану гатовай прадукцыі, каб урэшце мець сродкі для пераўзбраення вытворчасці? – асноўнае пытанне на “РаптарКаме” сёння.
Галіна НОВІК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
После реконструкции в Каменце открылось здание БТИ
-
В Каменецкой ЦРБ проводится вакцинация для профилактики COVID-19
-
ПРИГЛАШАЕМ НА 5-Й ОТКРЫТЫЙ ЧЕМПИОНАТ ВАЛЕНКА!
-
«Наши дети» и «От всей души»: новогодние акции Каменецкого района объединяют добрые сердца
-
15 января на встрече с председателем районного Совета депутатов в Новоселках обсудили насущные вопросы