Партизанскими тропами

“Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры…” – пэўна, мала хто з маладых ведае словы гэтай шчымлівай песні. Але яна заўжды хвалюе тых, хто ў ваенны час прайшоў партызанскімі сцежкамі, чыё юнацтва апалена віхурай вайны.
…Пятру Селюку з вёскі Бярэзніца Пружанскага раёна ішоў 15-ы год, як пачалася Вялікая Айчынная. Толькі закончыў шосты клас Ружанскай сярэдняй школы. Вядома, не адразу далучыўся да спраў падпольшчыкаў. А на Ружаншчыне дзейнічаў тады моцны антыфашысцкі камітэт. Сярод вопытных падпольшчыкаў, загартаваных яшчэ ў барацьбе з белапольскімі акупантамі, быў Мірон Емяльянавіч Крыштафовіч, у 1941-м сакратар Пружанскага, а з мая 1942-га – другі сакратар Брэсцкага абласнога антыфашысцкіх камітэтаў, адначасова з кастрычніка 1943-га камісар партызанскай брыгады імя П.К. Панамарэнкі. Членам КПЗБ быў дзядзька Пятра Селюка Мікалай Лявонцьевіч Барысевіч. Менш за два гады прайшло пасля вызвалення ад белапольскай, як спасцігла нямецка-фашысцкая акупацыя. І не маглі змірыцца з замежнай навалай адданыя Савецкай уладзе, загартаваныя байцы-патрыёты.
Цяпер Пятру Мікалаевічу Селюку – 86, ён ветэран вайны, інвалід 2-й групы, персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння. Здароўе падводзіць, хапае сіл толькі выйсці ў двор ля свайго дома. А памяць… Яна такая ўчэпістая, зноў і зноў вяртае ў тыя дні трывожнага юнацтва.
… Не адразу быў арганізаваны нябачны фронт супраціўлення. Былыя савецкія актывісты напачатку падаліся ў Ружанскую пушчу. Пётр Мікалаевіч успамінае, як актывісты з групай ваенных, што вырваліся з варожага акружэння, паспелі ўкрыцца ад немцаў. Летам 41-га года бярэзнікаўцы з дазволу немцаў касілі сена ля пушчы за 20 км ад вёскі. І Пятро двойчы прыносіў партызанам на сенажаць прадукты. Гэта была яго першая дапамога змагарам з фашыстамі. У пушчы яны доўга не пратрымаліся. У 42-м усе партызаны “перасяліліся” ў Булінскі і Гута-Міхалінскі лясы.
Напачатку ствараліся асобныя групы, затым – атрады. Пра родную вёску Пятра Селюка Бярэзніцу вось што запісана ў энцыклапедычным выданні “Гарады і вёскі Беларусі”: “У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі: дзейнічала антыфашысцкая маладзёжная падпольная арганізацыя, якая налічвала больш за 40 чалавек”.
У 16 гадоў Пётр уступіў у камсамол. У верасні 43-га яго абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі. У кнізе “Памяць” Пружанскага раёна так пачынаецца артыкул “Бярэзніцкая рота”: “Ужо ранкам 23 чэрвеня 1941 г. у лясную вёску Бярэзніца ўварваліся акупанты. Яе жыхары, “залішне дзёрзкія” – такая слава замацавалася за імі яшчэ з часоў белапольскай дэфензівы, першыя ў Ружанскім раёне арганізавалі калгас “17 верасня”. Многія бярэзнікаўцы былі вылучаны ў органы Савецкай улады”. Лічы, у вайну ўся вёска была партызанская – больш за 70 чалавек пайшлі ў народныя мсціўцы.
Зладжана працавала сувязь, зразумела, не тэлефонная. Пазней, напрыканцы вайны, Пётр Сялюк уступіць у партызанскі атрад, сустрэнецца і з беларускім Чапаем, камандзірам партызанскага атрада імя С.М.Кірава Аляксандрам Іванавічам Самуйлікам, які ў пасляваенны час названы ганаровым грамадзянінам Каменца. А да таго часу камсамольскі актывіст Пётр Сялюк быў сувязным, спачатку – атрада імя Дзімітрава, затым – імя Кірава.
– Вы думаеце, ворагі былі не надта пільныя? – нібыта рытарычнае пытанне адрасуе мне Пётр Мікалаевіч. – Няпроста было прайсці кіламетраў пятнаццаць у адзін бок, затым вярнуцца назад, перадаўшы патрэбныя звесткі, далажыць кіраўніку групы аб выкананні задання. Рызыка была заўжды…
Пётр Мікалаевіч расказаў, што напачатку трэба было наступнаму сувязному перадаць запіску, у якой было ўказана, хто, у які час, якім маршрутам будзе рухацца, якая пастаўлена задача, пароль… Аднаго з сувязных немцы схапілі, знайшлі тую запіску. Юнака расстралялі. Пасля гэтай асечкі ўсе звесткі трэба было запамінаць. Быў такі выпадак: прайшоў Пётр Ружаны, здавалася, яшчэ крыху… А тут, перад Заполлем, раптам “засвяціўся” ля рэчкі: немцы купаюцца, рагочуць, заўважылі – не ўцячэш… Зрабіў паслухмяны выгляд, нават кіўнуў, нібыта павітаўся і… пайшоў далей. Пранесла…
– Дабраўся да наступнага сувязнога, ды гаварыць не магу ад хвалявання, – працягвае свой аповяд ветэран. – Крыху аддыхаўшыся, перадаў змест той “шыфроўкі”, што была ў галаве.
Зімой Пётр прасіў у бацькі санкі, бо і рухацца цяжка, і пешы сярод снегу наўрад ці застаўся б незаўважаным.
– Надвячоркам аднойчы па заданні вяртаўся назад з вёскі Куляны, – гаворыць Пётр Мікалаевіч. – А на мосце ў Ружанах стаяла нямецкая ахова. Затрымалі, усё ператрэслі… Нічога не знайшлі, у рэшце рэшт адпусцілі. А мае ў Бярэзніцы чакаюць, хвалююцца…
Дарэчы,жыхары роднай вёскі Пятра Селюка адмыслова падрыхтаваліся да жыцця ў акупацыі. Тады многія хаваліся ў схронах. А ў Бярэзніцы яны былі асабліва надзейнымі і старанна замаскіраванымі. За ўсю вайну туды ні разу не ступіла нага ворага. Хто ж знойдзе ўваход у хляве, пад дровамі… А земляны пласт зверху быў не менш аднаго метра, штык не прабіваў наскрозь. Тыя сховішчы надзейна ўкрывалі партызан, якія рухаліся ў зельвенскім накірунку. І сам Пётр з таварышамі па барацьбе змог там укрыцца, калі фашысты напрыканцы адступлення пачалі масавыя расстрэлы. Падпольшчыкам была адна дарога – у лясы да партызан.
Пётр Мікалаевіч яшчэ шмат расказваў і пра нямецкага прыслужніка гестапаўца Шэнка, і пра здрадніка, які дапамог ворагу раскрыць схему перамяшчэння партызан. Урэшце, немцы ўсіх жыхароў Бярэзніцы сагналі на пляц. Хацеў Пётр уцячы, ды дзе там… Малады немец дазволіў адлучыцца на некалькі хвілін, а нехта падказаў, як Пётр вуліцу перабег… Дагналі… Пажылы нямецкі афіцэр тады з размаху ўдарыў Пятра нагой у жывот, пасля чаго юнак страціў прытомнасць. Потым бацьку сказалі: “Забірай свайго, цягні дахаты…” Дзве рабрыны былі паламаны, а тое, што печань пабіта, адгукнулася праз дзесяцігоддзі.
Ворагі спалілі суседнюю вёску Бойкі, расстралялі ўсіх яе жыхароў, акрамя сям’і старасты. Лёс Хатыні пагражаў і Бярэзніцы. Аднак, там 22 студзеня 1943 года ўжо нікога з маладых не было, толькі старыя, нямоглыя… А дапамагла выратаваць вёску інфармацыя-папярэджанне Пятра Селюка, які выканаў заданне: у Ружанах ад сувязных даведаўся, што рыхтуецца карная аперацыя. Калі Бярэзніцу акружылі фашысты, апошнімі пайшлі ў лес падпольшчыкі-паставыя.
І былі партызанскія рэйды, пускалі пад адхон варожыя цягнікі, разграмілі варожы гарнізон, які засеў у вёсцы Баравікі. Аднойчы праляжалі ўсю ноч, пакуль дачакаліся цягніка са зброяй, які трэба было падарваць.. Тады Пётр “падхапіў” запаленне лёгкіх. Выжыў, яшчэ паваяваў і на цяперашняй польскай тэрыторыі (тады яна была наша – Сямяціцкі і Кляшчэльскі раёны). А трапіў туды на падставе ўказання генеральнага штаба беларускага партызанскага руху, згодна з якім партызанская брыгада імя П.К.Панамарэнкі была накіравана ў названыя вышэй раёны –для арганізацыі падпольнай работы і партызанскага руху. Там удалося нашым юным змагарам нават арганізаваць падполле… у нямецкім гарнізоне. (Тады ўжо многія немцы не верылі свайму фюрэру). У 54 вёсках стварылі антыфашысцкія камітэты. Міны выраблялі самі партызаны, падрывалі цягнікі, масты. Пятру ў антыфашысцкай дзейнасці дапамагала і веданне польскай мовы. У час выканання аднаго з заданняў Пятра Селюка параніла ў нагу. А самай радаснай падзеяй была сустрэча ля Сямяцічаў з наступаючымі часцямі Чырвонай Арміі.
… Біяграфія Пятра Мікалаевіча Селюка багатая і на адметныя падзеі мірнага пасляваеннага жыцця. Сакратар Манцякоўскага сельсавета, інструктар, затым загадчык аддзела, другі сакратар райкама камсамола ў Ружанах, пазней – першы сакратар Дывінскага райкама ВЛКСМ. З красавіка 1948-га – член КПСС. Сакратар Дывінскага райкама партыі, інструктар Брэсцкага абкама партыі; пасля партшколы – другі сакратар Ганцавіцкага райкама партыі. У Каменец пераехаў у 1962 годзе, быў прызначаны загадчыкам аддзела райкама партыі. Да 1966-га – на партыйнай рабоце, затым узначаліў раённы камітэт народнага кантролю, на гэтай пасадзе працаваў да выхаду на пенсію. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, дзесяць гадоў быў членам выканкама райсавета.
Ордэн Айчыннай вайны II ступені, сярод медалёў самыя важкія – “За баявыя заслугі” і “За адвагу” – гэта ўзнагароды Пятра Мікалаевіча за ваенны перыяд. Але і мірных у ветэрана – цэлы стос: Ганаровыя Граматы Вярхоўнага Савета БССР, Пахвальны ліст ад Камітэта народнага кантролю СССР, ганаровы знак “За актыўную работу ў органах народнага кантролю” – таксама з Масквы. Ёсць і ад савета ветэранаў вайны – за актыўнасць у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.
Слухаў аповяд ветэрана і міжволі падумаў: ды пра яго можна кнігу напісаць. Як і пра кожнага ветэрана вайны. Пакуль не позна… Не толькі кнігі, але і відэафільмы варта стварыць, каб гучаў у іх аповяд кожнага ветэрана той вайны. Каб застаўся дакументальны матэрыял для гісторыі. І каб ніхто не мог перакроіць гістарычныя факты на свой лад, абяліць пракляты фашызм.

Георгій ПАРАФЯНЮК.
Фота з сямейнага архіва П.М.Селюка

Добавить комментарий