У мінулую пятніцу, 26 ліпеня, на базе ААТ “Агра-Турна” прайшоў 31-ы раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. У ім прынялі ўдзел больш за 30 спецыялістаў з розных гаспадарак раёна.
Дадзены конкурс праводзіцца з мэтай папулярызацыі прафесіі тэхніка-асемянатара. Асноўныя задачы, якія ставяць кожны год арганізатары мерапрыемства, у першую чаргу датычаць павышэння прафесійнага ўзроўню спецыялістаў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, паляпшэння вытворчых паказчыкаў па ўзнаўленні статка сельгасжывёлы і атрымання прадукцыі жывёлагадоўлі. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць азнаёміцца з перадавымі метадамі штучнага асемянення жывёлы. Акрамя таго, публічнае прызнанне ўкладу сіл і ведаў спецыялістаў нядрэнна павышае рэйтынгі ў іх паўсядзённай працы.
Крытэрыі, па якіх ацэньвалі канкурсантаў, наступныя: дасягненне найлепшых паказчыкаў у рабоце па штучным асемяненні жывёлы, узровень тэарэтычнай падрыхтоўкі па выкананні работ па штучным асемяненні, а таксама ўзровень практычных навыкаў пры выкананні дадзенай работы.
Дадатковыя балы можна было атрымаць за кожныя 100 галоў перавышэння нормы абслугоўвання, якая складае 500 галоў. Агульная магчымая колькасць балаў, набраных падчас усяго конкурсу, – 100 плюс дадатковыя.
Веды і ўменні ўдзельнікаў ацэньвала кампетэнтнае журы, старшынёй якога быў дырэктар Камянецкай племстанцыі Валерый Раманчук. Дапамагалі яму галоўны спецыяліст па жывёлагадоўлі райсельгасхарча Аляксандр Корж, вядучыя заатэхнікі племстанцыі Аляксандра Здрок, Іван Здрок і Святлана Рыбачук, вядучы ветурач-гінеколаг Камянецкай ветэрынарнай станцыі Уладзімір Малашук.
Пасля жараб’ёўкі распачалося спаборніцтва за званне лепшага. Тэарэтычная і практычная часткі конкурсу прадугледжвалі не толькі адказы па білетах. У канкурсантаў была магчымасць падзяліцца з калегамі вопытам сваёй працы на вытворчасці.
Было некалькі намінацый, па якіх конкурсная камісія ацэньвала ўдзельнікаў. Журы вызначыла пераможцаў. Разгледзеўшы вынікі работы па выхаду цялят на 100 кароў ад кароў, нагрузку пагалоўя на аднаго тэхніка-асемянатара, склаўшы балы, атрыманыя за адказы на семінары-конкурсе, камісія назвала лепшых у прафесіі. 1-е месца ў спецыяліста з “Усхода-Каменца” Юрыя Карэткі, 2-е – у Вячаслава Маркаўца з “Відамлянскага”, 3-е – у Галіны Кавальчук з “Макарава-Агра”. У намінацыі “Лепшы работнік па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы, які адпрацаваў ў галіне больш за 20 гадоў” журы вызначыла 1-е месца для Васілія Бармасава з “Белавежскага”, 2-е – для Мікалая Кудраўца з “Александрыі-Агра”. Сярод маладых работнікаў, якія працуюць у названай галіне менш за тры гады, 1-е месца заняў Руслан Кучар з “Каленкавічаў” (на здымку), 2-е – Галіна Алясейчык з “Агра-Зарэчча”. 1-е месца па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы “за культуру абслугоўвання” ў Наталлі Сяргеевай з “Камянецкай Пушчы”, 2-е – у Ірыны Сцепанец. Лепшы заатэхнік-селекцыянер раёна – Галіна Жванько з “Белавежскага”. Было вызначана і лепшае звяно па ўзнаўленні статка. Гэта – работнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Агра-Турна”: заатэхнік-селекцыянер Наталля Залецкая, тэхнік-асемянатар Алег Ахрамчук, ветурач Канстанцін Мамановіч. Райкам прафсаюза работнікаў АПК за шматгадовую і добрасумленную працу ўзнагародзіў тэхнікаў-асемянатараў. Вось іх імёны: Таццяна Ліцвінчук з “Усхода-Каменца”, Анатолій Анішчук з “Хадасоў”, Вольга Шынкарук з “Агра-Нівы”. Дарэчы, Юрый Карэтка і лепшае звяно па ўзнаўленні статка з “Агра-Турны” паедуць на абласны этап конкурсу, які пройдзе восенню. Усе пераможцы атрымалі граматы, грашовыя ўзнагароды і падарункі.
Вялікую дапамогу ў арганізацыі раённага семінара-конкурсу аказалі раённы выканаўчы камітэт, раённы прафсаюз работнікаў АПК і дырэктар ПУП “Заходні” Анатолій Мартысюк.
Мерапрыемства скончылася на святочнай ноце. У спецыялістаў будзе роўна год, каб стаць лепшымі сярод калег.
Наталля ГРЫЦУК.
Это может быть интересно:
-
Получил второе гражданство – сообщи!
-
В ходе совместного рейда контролирующих органов выявлены нарушения перевозки пассажиров
-
По инициативе одной из партий в Минске прошла диалоговая площадка
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины проведет республиканскую профилактическую акцию «Меняй свой стиль на зимний!».
-
ОАО «Александрия-Агро»: Готовы к новым вызовам!