Падведзены вынікі за пяць месяцаў

У мінулую пятніцу, 7 чэрвеня, у райцэнтры прайшла калегія ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама на чале з яе старшынёй Іванам Сямейкам.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарча, кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый. На калегіі былі заслуханы даклады начальніка РАУС Сяргея Грэцкага, начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасупраўлення Сяргея Мурына, галоўнага спецыяліста па жывёлагадоўлі Аляксандра Каржа, выконваючага абавязкі галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Андрэя Аляксейчыка, галоўнага спецыяліста па прававой і кадравай рабоце райвыканкама Таццяны Букач.

Да вашай увагі – вытрымкі з некаторых дакладаў.

“Аб прымаемых мерах па забеспячэнні працоўнай дысцыпліны, захаванасці ўласнасці, барацьбе з п’янствам” – Сяргей Грэцкі:

“Выяўлена, што некаторыя кіраўнікі сельгасарганізацый ігнаруюць пытанні захаванасці ўласнасці: не арганізоўваюць ахову і ўмацаванне МТФ, складоў мінеральных угнаенняў, мехдвароў. Названыя недахопы вядуць да крадзяжоў матэрыяльных каштоўнасцей і маёмасці арганізацый. У сельгасарганізацыях ёсць выпадкі п’янства на працоўных месцах, парушэнні вытворчай дысцыпліны і правілаў дарожнага руху…”

“Аб ходзе палявых работ і нарыхтоўцы травяных кармоў ураджаю 2013 года” – Сяргей Мурын:

“У сельгасарганізацыях раёна па стане на 7 чэрвеня яравая сяўба праведзена на плошчы 29 тысяч гектараў. Гэта 96% да запланаванага. Сяўба ранніх яравых зерневых і зернебабовых праведзена на плошчы 9030 гектараў. Гібель пасеваў азімых зерневых культур склала 1526 гектараў, 8 % да ўсяго пасеянага. Поўнасцю забяспечаны іх перасеў яравымі зерневымі. Заданне па сяўбе зернебабовых культур выканана на 102%.

Сяўба яравых зерневых і зернебабовых праведзена насеннем не ніжэй 2-й рэпрадукцыі. Для замацавання дадзенага паказчыка ў наступныя сезоны неабходна штогод інтэнсіўна абнаўляць рэпрадукцыйны склад насеннага матэрыялу. Аднак раёнам не выканана разнарадка аблсельгасхарча па выбарцы патаннелага элітнага насення з элітных гаспадарак вобласці.

Забяспечана выкананне задання па сяўбе цукровых буракоў і бульбы. Першую культуру пасеялі на плошчы ў 3,3 тысячы гектараў. Гэта 102% да плана. Бульбы пасаджана 825 гектараў.

На многіх нарадах з кіраўнікамі гаспадарак неаднаразова было агучана даручэнне старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара аб недапушчэнні пасадкі бульбы насеннем ніжэй 2-й рэпрадукцыі. Аднак яго праігнаравалі ва “Усходзе-Каменцы” і “Белавежскім”.

Практычна ва ўсіх гаспадарках раёна не праводзіцца работа па закладцы насеннікаў шматгадовых траў. Недастатковая работа па сяўбе траў у “Агра-Турне”, “Новым шляху”, “Макараве-Агра”, “Усходзе-Каменцы”.

Па стане на 7 чэрвеня скошаны травы першым ўкосам на плошчы 8,5 тысячы гектараў. Гэта 69% да плана. Нарыхтавана 26,3 тысячы тон сенажу, з іх 5,5 – у рулоны з абмоткай ва ўпаковачныя матэрыялы…”

“Аб выніках работы ў жывёлагадоўлі за 5 месяцаў у гаспадарках раёна” – Аляксандр Корж:

“Па выніках работы за студзень-май бягучага года валавая вытворчасць малака знізілася на 0,4% і склала 40,2 тысячы тон. Дапусцілі зніжэнне да ўзроўню мінулага года ўсе гаспадаркі, акрамя “Агра-Пелішча”, “Александрыі-Агра”, “Макарава-Агра”, “Белавежскага” і “Хадасоў”. Сярэдні надой ад каровы ў цэлым па раёне складае 2063 кілаграмы (-78 кілаграмаў да ўзроўню 2012-га). Знізіўся надой амаль ва ўсіх гаспадарках. Рэалізацыя малака ў раёне склала 97,4% да ўзроўню мінулага года. Знізілі аб’ёмы рэалізацыі малака 10 сельгасарганізацый. Не трапілі ў гэты спіс “Александрыя-Агра”, “Макарава-Агра”, “Белавежскі”, “Хадасы”. Таварнасць склала 86,9%, што ніжэй узроўню 2012 года на 2 працэнтныя пункты. У 8-і гаспадарках яна ніжэй за сярэднераённы паказчык. Самая нізкая таварнасць малака ў “Агра-Пелішчы”, “Агра-Зарэччы”, “Новым шляху”, “Каленкавічах”, “Стаўскім”. Стала дрэннай і якасць рэалізуемага малака.

Негатыўная сітуацыя склалася ў раёне і па сярэднясутачнай прывазе буйной рагатай жывёлы. Так, прывага знізілася на 21 грам і склала 618…”

На аснове ўсіх дакладаў калегія ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама вынесла пастанаўленні, якія неабходна выканаць ва ўстаноўленыя тэрміны.

Падрыхтавала

Наталля ГРЫЦУК.

1 thought on “Падведзены вынікі за пяць месяцаў

Добавить комментарий