Падарункі ад сяброў

IMG_8807_resizeСапраўдная навагодняя казка прыйшла 23 снежня ў Бучамлянскую дапаможную школу-інтэрнат.

Яе выхаванцы пераапрануліся ў карнавальныя касцюмы, часова стаўшы прынцэсамі, рыцарамі, сняжынкамі ды медзведзянятамі, і вясёлым, шчаслівым смехам акружылі ўпрыгожаную ёлку ў спартыўнай зале. Яна ззяла ўсімі колерамі вясёлкі, а пад калючымі лапкамі дзяўчынак і хлопчыкаў чакалі… падарункі (які без іх Новы год?)

Прычым падарункі былі незвычайныя. Яркія пакункі з цукеркамі для сваіх даўніх маленькіх сяброў прывёз у гэты дзень Юрый Мароз, генеральны дырэктар ААТ “Белавежскі”, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і проста чулы чалавек з самым што ні ёсць навагоднім прозвішчам. Акрамя таго, на працягу ўсяго 2015-га выхаванцы школы-інтэрната змогуць наведваць раз на тыдзень басейн у Каменцы (бензін для падвозу “падарыў” ім Юрый Дзмітрыевіч).

Ён шчыра павіншаваў дзяцей і дарослых з надыходзячымі святамі, а ў адказ атрымаў ад іх нечаканыя падарункі (адным з іх была невялікаяIMG_8855_resize ёлка, якую сваімі рукамі зрабілі юныя майстры).

Між тым, пад лясной прыгажуняй, якая так прыемна пахла ігліцай, акрамя салодкіх сюрпрызаў ад паважанага госця, стаяў яшчэ і куфэрак. Ён стаў галоўным персанажам казачнай гісторыі, што разгарнулася на вачах маленькіх гледачоў. У куфэрку хаваліся падарункі, але адчыніць яго можна было толькі пяццю чароўнымі ключамі. Менавіта іх старанна шукалі дзеці разам з казачнымі персанажамі (Бураціна, Ліса Аліса, Кот Базіліа ды іншыя). Даводзілася і спяваць, і танцаваць, і загадкі адгадваць, і карагод вадзіць. І ўрэшце рэшт куфэрак адчыніўся!

Не абышлося і без Дзеда Мароза са Снягуркай. Яны шчодра, поўнай жменяй, адмервалі цукеркі з мяшка дзецям, якія чыталі вершы.

Дарэчы, падарункі для дапаможнай школы-інтэрната падрыхтавалі яшчэ і другія дабрадзеі: абласное ўпраўленне і раённы аддзел Дэпартамента аховы МУС РБ, упраўленне Следчага камітэта РБ па Брэсцкай вобласці і Камянецкі райаддзел Следчага камітэта, многія іншыя.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий