О льготах на лекарства

У Беларусі дзеці да трох гадоў будуць бясплатна забяспечвацца лякарствамі, а інваліды III групы атрымаюць 50-працэнтную скідку на лекавыя сродкі. Адпаведны ўказ нумар 139 «Аб ільготным забеспячэнні лекавымі сродкамі асобных катэгорый грамадзян» падпісаў 22 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Указ уступіў у сілу з 1 красавіка 2012 года. Ільготай можна будзе скарыстацца толькі ў дзяржаўных аптэках.
Дакумент прыняты ў мэтах дадатковай сацыяльнай падтрымкі гэтых катэгорый грамадзян. Ён накіраваны на ўмацаванне дзяржаўнай палітыкі ў сферы прадастаўлення сацыяльных ільгот слабаабароненым катэгорыям грамадзян, забеспячэнне даступнасці і адраснасці сацыяльнай дапамогі, павышэнне якасці ўзроўню жыцця інвалідаў III групы і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.
Указу папярэднічала нарада ў Прэзідэнта Беларусі 11 сакавіка, дзе галоўным было пытанне льготнага забеспячэння лекавымі сродкамі сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва. У ходзе нарады Прэзідэнт падрабязна цікавіўся, як забяспечваюцца лякарствамі дзеці, асабліва ранняга ўзросту, да трох гадоў, а таксама ў цэлым праблемай ільготнага лекавага забеспячэння.
Па выніках нарады Прэзідэнт прыняў рашэнне прадаставіць права на бясплатнае забеспячэнне дзяцей ва ўзросце да трох гадоў лекавымі сродкамі, што выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пералiку асноўных лекавых сродкаў (гэта 402 найменні). Такое рашэнне дасць магчымасць значна падтрымаць сем’і, якія выхоўваюць дзяцей. Акрамя таго, як адзначыла на нарадзе міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, якія-небудзь злоўжыванні ў гэтым выпадку і праявы карупцыі немагчымы, паколькі такі парадак будзе распаўсюджвацца на ўсе сем’і, якія маюць дзяцей да трох гадоў.
На разгляд кіраўніка дзяржавы 11 сакавіка таксама была вынесена прапанова аб прадастаўленні інвалідам 3 групы скідкі на лякарствы ў памеры 30 працэнтаў. Аднак Прэзідэнт прыняў рашэнне аб павелічэнні да 50-працэнтнай скідкі інвалідам 3 групы на лякарствы па пералiку асноўных лекавых сродкаў для лячэння захворвання, што прывяло да інваліднасці.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб людзі падтрымлівалі сваё здароўе.
Як паведаміў начальнік упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Іван Рыжко, каменціруючы ўказ «Аб ільготным забеспячэнні лекавымі сродкамі асобных катэгорый грамадзян», больш за 130 тыс. інвалідаў III групы атрымаюць у Беларусі льготы на забеспячэнне лякарствамі. Да 1 красавіка медыкі павінны былі перагледзець справы ўсіх інвалідаў III групы. Гэта неабходна для таго, каб вылучыць асноўнае захворванне, вызначыць медыкаменты, якія яны будуць атрымліваць са скідкай. Іван Рыжко дадаў, што льгота не распаўсюджваецца на тых, хто стаў інвалідам па сваёй віне, знаходзячыся, напрыклад, у стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.
Распрацоўка ўказа нумар 139 была ініцыіравана Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. На думку Івана Рыжко, прадугледжаныя ўказам меры павінны ўскосна пасадзейнічаць павелічэнню ў краіне нараджальнасці. Паколькі сем’і, у якіх расце хворае дзіця, часта не адважваюцца заводзіць яшчэ дзяцей. Магчымасць бясплатна атрымліваць лякарствы для дзяцей ва ўзросце да 3-х гадоў стане для бацькоў істотнай фінансавай падмогай.
Цяпер у Беларусі каля 1 млн. чалавек атрымліваюць ільготы на лякарствы. Па 161 найменню беларускіх лекавых сродкаў ажыццяўляецца строгае дзяржаўнае рэгуляванне.
Прамысловая вытворчасць лекавых сродкаў у краіне ажыццяўляецца 25 суб’ектамі гаспадарання, у тым ліку 6 дзяржаўнымі. Самыя буйныя з іх – РУП «Белмедпрэпараты» і ААТ «Беларускі завод медпрэпаратаў», доля якіх у агульным аб’ёме вытворчасці ацэньваецца ў 36 працэнтаў і 32 працэнты адпаведна. Астатнія фармпрадпрыемствы займаюць долю ў сярэднім у 1-7 працэнтаў. Па выніках 2011 года ўсімі прадпрыемствамі галіны выпушчана лекавых сродкаў на суму Br1,3 трлн. У выніку выканання дзяржаўнай комплекснай навукова-тэхнічнай праграмы «Фармсубстанцыі і лекавыя сродкі» з улікам асваення генерычных лекавых сродкаў, а таксама з мэтай імпартазамяшчэння распрацавана і ўкаранёна ў вытворчасць 65 новых лекавых сродкаў і 9 фармсубстанцый. Паводле даных кампаніі «Фармэксперт», сярэдні кошт імпартнага лекавага сродку ў мінулым годзе складаў $3,7, а айчыннага – $0,8.
У 2011 годзе пачаўся працэс па змяненню прынцыпаў дзяржаўнага кіравання і развіцця фармацэўтычнай галіны Беларусі. Указам Прэзідэнта быў сфарміраваны Дэпартамент фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя. Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя цяпер нясе адказнасць за абгрунтаванасць узроўню цэн на лекавыя сродкі.

БелТА

Добавить комментарий