Ужо не адзін год, купляючы фасаваны тавар у прадуктовых магазінах, прывучаю сябе глядзець не толькі на цану, але і на вагу пакета. І ўсё ж нярэдка забываю пра гэта, і толькі дома выяўляю, што пачак сметанковага масла важыць не “звычайныя” 200 грамаў, а 180, што крупаў ці макаронаў у пакеце далёка не 1 кілаграм. А між тым тавар выбраны на падставе, як здалося, больш нізкай цаны. Аднак і візуальным падманам такі маркетынгавы ход не назавеш – сам будзь уважлівым (іншая справа, калі з дзвюх рыб у вакуумным пластыкавым латочку адна аказваецца зусім не таварнай). Нават з запалкамі адбываецца цікавае “ноу-хау”: калі раней у карабку іх было 50 штук, затым – не менш як 45, дык цяпер, аказваецца, стандарт – не менш за 38. Ці не такім чынам ствараецца рэзерв для патэнцыяльных цэнавых скідак на гэты тавар?
Эканомія на запалках – таксама эканомія. Толькі ў дадзеным выпадку яна вельмі сумніўная, і даведаецца аб тым той, хто… пералічыць запалкі. Утрыраваны прыклад з імі – адна з падстаў быць нам, пакупнікам, не вельмі даверлівымі. Ці не таму паступова перастаем заўважаць чароўныя словы “стоп цана”, “цэнапад”, “цэны саграваюць”, “скідкі”, “акцыя”. Апошняе найбольш часта мільгае на рэкламных лістках і ў магазінах. Настолькі часта, што ўжо амаль не выклікае рэакцыі пакупніка. Ці не з той прычыны, што нярэдкія выпадкі, падобныя таму, з якім сутыкнулася неяк у брэсцкім магазіне буйной гандлёвай сеткі. Яркая аб’ява аб акцыі на шпроты. Цана здалася сапраўды невысокай. Кладу ў карзіну некалькі бляшанак са шпротамі і толькі ля касы выпадкова заўважаю, што яны не зусім папулярнага вытворцы, і цана амаль удвая вышэй, чым звычайна на прадукцыю гэтага прадпрыемства. Разлік на няўважлівага пакупніка відавочны. Іншым разам падчас такіх акцый можна “нарвацца” на прадукт, тэрмін прыгоднасці якога на зыходзе.
Аднак, усё ж варта звяртаць увагу на “акцыйны” тавар. Многіх вабяць рэгулярныя прапановы купіць яго “по красной цене” у магазінах “Евроопт”, і нямала жыхароў Камянеччыны пры выпадку робяць пакупкі там, у Брэсце, па вуліцы Камсамольскай ці Варшаўскай шашы. Каго ж не прывабіць магчымасць купіць яблыкі танней за 9 тысяч, аўсяныя шматкі за 2 тысячы з “хвосцікам”, грэчку (800 грамаў) – за 8250… Кожны з прадуктаў мае сваю розніцу ў параўнанні з цэнамі ў “звычайных” магазінах. У той жа час скумбрыя, напрыклад, у “Евроопте” каштуе на гэтым тыдні 32500 рублёў, а ў камянецкіх магазінах можна купіць і танней. Не ведаю, што іменна паклала ў “еўрааптовую” карзіну мая знаёмая, але калі дома перабрала пакупкі і падлічыла тую розніцу, з сумы 120 тысяч рублёў яна склала ўсяго 4 тысячы 600. Мабыць, збег акалічнасцей… Вядома, па сабекошце, з нулявой гандлёвай надбаўкай ніхто працаваць не будзе. З нацэнкі (у кожным магазіне яны розныя) аплачваюцца падаткі, электраэнергія, ідуць адлічэнні ў фонд заработнай платы і г. д.
Гэтымі днямі ў камянецкім магазіне “Танныя прадукты” (прыватнае гандлёвае прадпрыемства «Никитоша») праходзяць акцыі на маянэз і алей сланечнікавы. Вызначыць “акцыйныя” прадукты вельмі проста: адна цана выразна перакрэслена – другая, меншая, побач. Які ж крытэрый адбору прадуктаў для акцыі? Часта думаем, што да гэтага вымушае тэрмін прыгоднасці, які на зыходзе. Гаспадар «Никитошы» Васіль Дацкевіч патлумачыў наступнае:
– Акцыі на зніжэнне цаны ў нас праходзяць пастаянна, не так даўно завяршылася самая працяглая – 4 месяцы – па продажы масла сметанковага, якое бралі ў Пружанах нефасаваным, прадавалі яго па 33 тысячы. Такая рэалізацыйная цана – дзякуючы дамове з прадпрыемствам, якое знізіла адпускную, а мы, у сваю чаргу, зменшылі гандлёвую нацэнку. Яна ў нас 10-15 працэнтаў – яе і зніжаем. Гэтаксама прадавалі і сыры цвёрдыя. Згаданыя акцыі на маянэз і алей – па дамове з пастаўшчыкамі. Алей сланечнікавы сёння мае цэннік у 12 тысяч 450 рублёў. Без такіх зніжак немагчыма прадаваць і чай, які атрымліваем ад мінскага дылера фірмы “Караван”, і мінімальная партыя – на 15 мільёнаў. Хіба можна столькі чаю прадаць без скідак? І яны складаюць 10-15 працэнтаў. Найбольш выгадна працаваць напрамую з вытворцамі. Бывае, прадстаўнікі прадпрыемстваў прыязджаюць самі да нас з прайс-лістамі, бо зацікаўлены, як і мы, у большым тавараабароце. А шлях да гэтага адзін – больш нізкая цана. Таму і знаходзім з пастаўшчыкамі агульную мову. У выніку і пакупнік выйграе, і мы не ў пройгрышы. Дарэчы, усе тавары прадуктовай групы, якія ў нас “на акцыі”, прапануем і ў вёсках раёна ў час выязнога гандлю, са скідкамі.
Як выконваецца патрабаванне Прэзідэнта аб’явіць вайну росту цэн, пацікавілася і ў райспажыўтаварыстве. Таваразнаўцы ўдакладнілі, што доўгатэрміновая акцыя “Красная цена” працягваецца ў шасці магазінах раёна, асартымент мяняецца штотыдня, а цана фарміруецца са зніжэннем гандлёвай надбаўкі ад 10 працэнтаў і ад 50. За час доўгатэрміновай акцыі “С заботой к Вам”, самастойна і сумесна з вытворцамі (яны робяць зніжкі на 7 працэнтаў, райспажыўтаварыства – на 10) ужо атрыманы абарот у 47 мільёнаў. Адчувальныя скідкі вытворцаў – 10-15 працэнтаў – на каву, чай, рыбныя кансервы, цукеркі (СП “Ивкон” ОАО), а зніжка на піва “Белае” падчас акцыі, якая доўжылася месяц і завяршаецца сёння, складала ажно 40 працэнтаў (ці на радасць сем’ям аматараў піва?). Месяц доўжылася акцыя “Нашим любимым” у 20-і магазінах. Паводле ўмоў гэтай акцыі, яна была надзвычай выгаднай для пакупніка, бо тавар можна было купіць у крэдыт без першапачатковага ўзносу і без зняцця працэнтаў; з прымяненнем нацэнкі не больш за 10 працэнтаў; атрымаць падарунак, зрабіўшы пакупкі на пэўную суму… Вынікам акцыі стаў абарот амаль у 85 мільёнаў рублёў.
Святлана Дзенісюк, начальнік гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства, зазначае:
– У сакавіку яшчэ больш актывізавалася супрацоўніцтва з пастаўшчыкамі, якія робяць скідкі. Мы – таксама. Згодна з такімі дамовамі, пачынаецца паступленне тавараў, найперш – прадуктовай групы. Працягваецца акцыя “Красная цена”. Зніжкі абавязкова будуць і напярэдадні Вялікадня. Раю пакупнікам звяртаць увагу на аб’явы ў магазінах, бо можна сэканоміць на “акцыйных” пакупках.
Як бачым, скідкі (хай сабе і на час акцыі) выгадныя ўсім: калі, напрыклад, на пэўныя тавары робіцца толькі 3-5-працэнтная надбаўка, і пастаўшчык зніжае адпускную цану на 10-15 працэнтаў. І ў выніку – на 30 працэнтаў танней. І пакупніку прыемна, і гандаль мае даход за кошт большага тавараабароту. Гаворка, вядома, не аб тым, калі ў цану тавара сумленна закладзены расходы ўсіх удзельнікаў складанага ланцужка “вытворца-прадавец”, а пра апраўданне: высокая цана, маўляў, зніжае вытворчыя затраты, стымулюе вытворчасць і гандаль. Але каму не вядома, што іменна даступныя цэны хутка робяць больш высокімі пакупніцкія магчымасці. Аднак гэта патрабуе намаганняў, новых уменняў і нават творчага мыслення.
Галіна НОВІК
Это может быть интересно:
-
Благоустройство в Рясне Каменецкого района. Продолжение
-
Представители Военной академии провели в Каменце профориентационную встречу
-
Афиша кинотеатра «Мир» в Каменце на 26-30 октября
-
«Сила Закона»: в школах Каменетчины прошла игра против наркотиков
-
100 молодых работников «Беловежской пущи» встретились в рамках молодежного форума «Молодежь и будущее»
2 thoughts on “Откуда “падают” цены?”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.
А по-моему нормальная статья. Автор высказал своё мнение, пригласил к диалогу. Нормально, можно обсудить и поспорить. А если в гос магазинах г.. продают, то с какого перепугу вы это покупаете?
Статья – чисто субъективное мнение автора, никаких фактов не увидел. Евроопт лучший магазин и по ценам и по ассортименту. все что имеет большую разницу в цене если сравнивать с конкурентами – либо прямой импорт без посредников либо эксклюзивные условия от поставщиков, которые продают с мин. наценкой. Лучше посмотрите какое г… продают в гос магазинах и псевдо гастрономах с наценкой под 50%….
удачных покупок.