В гостях у “Чараўніцы” каменчанка Ольга Кунах

Ольга Кунах

Галоўная гераіня сённяшняй нашай “Чараўніцы” – камянчанка Вольга Кунах. Яе добра ведаюць у сярэдняй школе нумар 2, дзе жанчына выкладае англійскую мову, і ў рэдакцыі раённай газеты, дзе працуе яе муж Алег. Пазнаёмцеся цяпер і вы, паважаныя чытачы…

Вольга нарадзілася і вырасла ў Каменцы, скончыла мясцовую гімназію і, кіруючыся цудоўным прыкладам сваіх педагогаў ды схільнасцю да вывучэння замежных моў з гуманітарным складам розуму, вырашыла стаць настаўніцай. У 2010 годзе СШ №2 сустрэла новага таленавітага спецыяліста і да гэтай пары не адпускае. Сваю вернасць няпростай, але такой патрэбнай прафесіі Вольга тлумачыць проста – прызваннем. Акрамя таго, радуе стабільнасць, якую дае “настаўніцкі хлеб”. Да таго ж, калектыў у школе склаўся вельмі дружны.

У Вольгі Васільеўны ёсць таксама і свой клас. Сёлета 19 рабят перайшлі пад яе пільным і адначасова ласкавым наглядам ў дзявяты. “Я ім і сябар, і настаўнік адначасова, – расказвае жанчына. – З вучнямі трэба заўсёды быць напагатове, не даваць слабіну, каб паважалі”.

У 2016-м, дарэчы, збіраецца ў першы клас сын Вольгі Ілья. У матулі некалі была думка прычакаць гэтага часу і перайсці ў настаўніцы пачатковых класаў (адукацыя дазваляе), але… “Прызвычаілася ўжо да старэйшых вучняў. У мяне цяпер тыя, што вучацца ў 5-11-ых”.

Вольны час жанчына стараецца праводзіць з любімай сям’ёй. Асабліва падабаюцца сумесныя прагулкі па горадзе. Шмат увагі Вольга надае стварэнню ўтульнасці. Любіць гатаваць. Працуе ў агародзе (як без гэтага?), займаецца садаводствам. Некалі вязала пруткамі. Сёння сям’я Алега, Вольгі і Ільі марыць пра ўласны дом, які ўжо зусім хутка расчыніць перад імі свае дзверы. Дом шчасця…

Ольга Кунах
Напрыканцы размовы задала Вользе пяць чыста жаночых пытанняў…

– Што павінна быць ва ўтульным доме?
– Любоў павінна быць. Паміж усімі яго жыхарамі. А яшчэ – павага. Без яе таксама ніяк. Калі ж гаварыць пра больш прыземленыя рэчы, то асабіста для мяне ўтульны дом ні ў якім разе не абыдзецца без тэрасы. На ёй неабходны вялікі стол, за якім можна сабраць усю сям’ю і сяброў, каб шумна, каб весела… Непадалёк размесціцца мангал, а адзін з куткоў тэрасы я адвяла б пад зону адпачынку, крэслы, канапы. У нашым сямейным доме, які зараз будуецца, усё гэта будзе.

– Без чаго не бывае простага сямейнага шчасця?
– Без узаемапавагі, умення саступаць, даверу і кахання.

– Чым неабходна кіравацца, выхоўваючы дзяцей?
– Бацькі мусяць быць цярплівымі і, самае галоўнае, вучыць сыноў і дачушак асабістым прыкладам.

– Чаго хоча жанчына?
– Шчасця. Гэта, калі коратка. Жадаеце падрабязней? Тады кожная прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва, думаецца мне, жадае рэалізаваць сябе ў сям’і ў ролі любячай жонкі, ласкавай матулі, мудрай бабулі ў будучыні. Акрамя таго, важна паклапаціцца і аб кар’еры, бо ў ёй – крыніца самасцвярджэння. А яшчэ ўсе мы хочам дабрабыту.

– Чаго хоча мужчына?
– Есці! (Смяецца.) Жартую. Калі ж сур’ёзна, то яму патрэбны клопат, любоў, ласка, павага і разуменне.

Распытвала Настасся НАРЭЙКА.

Фота Сяргея АЛЯШЧЭНІ і з сямейнага архіва.

Добавить комментарий