Обработка… с неба

На мінулым тыдні ў небе над СВК “Агра-Ніва” можна было на працягу некалькіх дзён назіраць прыгожы серабрыста-сіні верталёт. Не, гэта былі не ваенныя вучэнні, і пралятаў ён над дамамі і хлявамі сяльчан не проста так. Справа ў тым, што паветраная машына апрацоўвала рапс ад шкоднікаў.
У “Агра-Ніве” верталёт з “Пружаны Авіяхімсэрвіс” упершыню. Але яго можна бачыць па ўсёй рэспубліцы (дарэчы, назіралі яго і над Хадасамі). Аказваецца, апошнім часам становіцца ўсё больш распаўсюджанай апрацоўка палеткаў ад шкоднікаў вось такім паветраным чынам. Нельга тут не сказаць і аб тым, што авіятэхніка вылятае не толькі на рапс, але і на ўсе віды раслін.
Шырыня захопу апрысквальнікаў, якія знаходзяцца па правы і левы бок машыны, складае трыццаць метраў. Норма ўнясення прэпарата – 100 літраў на 1 гектар палеткаў. За адзін палёт машына ўносіць апрацоўваючы сродак на 6-і гектарах.
Як пацвердзіў камандзір верталёта Генадзій Ротмістраў (сам ён, дарэчы, з Мінска), такая тэхналогія ўнясення прэпарата ў разы праходзіць хутчэй, чым калі б гэта рабілі звычайныя трактары.
Усяго на тэрыторыі гаспадаркі амаль за тры дні верталётам з Пружан было апрацавана 500 гектараў палеткаў рапсу.
Так што калі і над вашай галавой праляцеў верталёт, не турбуйцеся, мажліва, гэта Генадзій Васільевіч абараняе расліны ад шкоднікаў.

Наталля ГРЫЦУК
Фота аўтара

Добавить комментарий