26 верасня беларускія казіно і залы гульнёвых аўтаматаў пачалі гуляць па новых заканадаўчых правілах: уступіў у сілу прэзідэнцкі Указ № 416, які змяніў патрабаванні да “азартных” устаноў. Якія ж гэта змены? Найперш супрацоўнікі казіно на ўваходзе абавязаны праводзіць праверку дакументаў ва ўсіх наведвальнікаў. Каб не дапусціць туды непаўналетніх, а заадно высветліць, ці не ўваходзіць кліент у так званы блэк-ліст. Яшчэ адно новаўвядзенне – “чорны спіс” гульцоў, куды ўваходзяць розныя дэбашыры ды шулеры. Абмежаванне для сябе можа зрабіць кожны сам, напісаўшы адпаведную заяву. Вось табе і верны спосаб “завязаць” з гульнёвай маніяй! Толькі ці захоча хто сам сябе абмежаваць? Згодна з названым Указам, да 1 снежня ў казіно з’явіцца адзіная камп’ютарная касавая сістэма, з дапамогай якой Міністэрства па падатках і зборах зможа прасачыць за рухам сродкаў у любым казіно, так што “адмыць” там грошы стане складана. Пра тое, якія вынікі будуць дасягнуты рэалізацыяй гэтага Указа, пакуль гаварыць рана. А вось тэма гульнёвай залежнасці – актуальная ўжо даўно, і праблема, відавочна, стане спадарожнікам чалавецтва на нявызначаны тэрмін.
Змест казіно – спорт, рамёствы, кіно?
Якія цудоўныя і карысныя захапленні пры жаданні можа знайсці сабе даспадобы кожны чалавек: спорт, турызм, рыбалка, паляванне, збор ягад і грыбоў, калекцыяніраванне, розныя рамёствы, мастацтва (тут і кіно, і тэатр, і канцэрты любімых артыстаў, можна і самому спяваць, танцаваць, маляваць, вышываць – у каго які дар прачнуўся…) Ды не – усё ж некаторыя схіляюцца да нейкай “маніі”, якая даводзіць да бяды: нароўні з наркаманіяй усё часцей сталі гаварыць пра гульнёвую манію. Што рабіць з гэтымі аднарукімі бандытамі – гульнёвымі аўтаматамі, ці варта, па прыкладу Расіі, закрыць усе казіно? І ці можна пазбавіцца ад гульнёвай залежнасці? Паразважаць над гэтым наш карэспандэнт папрасіў жыхароў раёна – людзей розных па ўзросту і сацыяльнаму становішчу. І вось якія атрымаў адказы.
Ірына НОВІК, загадчыца Ратайчыцкага дзіцячага сада, дэпутат раённага Савета дэпутатаў:
– Праблема гульняманіі ў сучасным грамадстве патрабуе пільнай ўвагі. Усё больш людзей, і не толькі падлеткаў у 12-18 гадоў, імкнуцца трапіць у віртуальны свет. Адкуль гэта? Як псіхолаг лічу, што ўсё пачынаецца з дзяцінства, калі малы страчвае пачуццё “казачнай весялосці”. Дарослыя, заціснутыя паўсядзённасцю, таксама імкнуцца вырвацца з яе. У свеце прыгод і шалёнага экстрыму – кожны супермаг і герой… Як ні горка ўсведамляць, а ў віртуальным свеце чалавек спрабуе вярнуць веру ў сябе. Заваяваць свет, хоць і віртуальна, – гэта ж вам не сямейная прагулка ў лес ці парк… У тым і бяда, што многім не хапае духу ставіць перад сабой высокія мэты ў рэальным жыцці. Аднак, віртуальная рэальнасць зацягвае, як наркотык. Кіруючыся гатовымі адказамі і рашэннямі, чалавек перастае думаць самастойна. Падлетак з лёгкасцю дзеянні ў гульні пераносіць у рэальнае жыццё. А вынікі могуць аказацца трагічнымі. Камп’ютарныя гульні нярэдка прыводзяць да псіхічных расстройстваў, аб чым варта памятаць бацькам, ім трэба праяўляць да дзяцей больш увагі, любові. Тыя гульні-“стралялкі” фарміруюць у падлеткаў агрэсіўныя паводзіны, культ насілля. А гэта ўжо страшна. Таму праблему варта вырашаць на дзяржаўным узроўні.
Яўгенія Іванаўна, пенсіянерка з Каменца:
– Гульнёвая залежнасць, як і любая другая (ад алкаголю, наркотыкаў) – гэта бяда, і немалая. Сыну маёй сястры з Брэста 31 год, ён меў добрую працу на саліднай фірме… А тая манія давяла, як кажуць, да ручкі: з работы звольнілі, бо там запазычыўся, стаў несуном, і з дому нёс камп’ютары на продаж, абы расплаціцца з тым монстрам. А пачынаў з гульнёвых аўтаматаў, букмекерскіх кантор… Калі “завяз” на казіно, яго маці спрабавала лячыць: ездзілі ў Мінск да прафесара, кадзіравалі… Ды нішто не дапамагло. Лічу, што лепш закрыць усе казіно (і легальныя, і падпольныя), гэта ж расаднікі зла. Дзеля выратавання моладзі – нашай будучыні.
Валерый РАГАВЫ, іерэй Камянецкай Свята-Сімяонаўскай царквы:
– У свой час Антоній Вялікі сказаў: “Што каштоўнае ў праваслаўі – гэта разважлівасць”. Менавіта наша царква вучыць той разважлівасці, меры ва ўсім. Чалавеку для таго і дадзены розум, каб не паддавацца розным спакусам, якія губяць і душу, і цела. А што такое розныя гульні, забавы? Пустэча… Вядома, дзеці пачынаюць з гульні, але яна павінна развіваць, а не прыгнятаць. Пазбавіцца можна ад любой заганы, у тым ліку і ад гэтай. Ад любога граху можна пазбавіцца, трэба толькі прасіць у Бога мудрасці, быць рашучым. Усе свае слабасці можа адолець чалавек, калі ён будзе жыць па боскіх запаведзях. А наконт таго, закрываць гульнёвыя ўстановы ці не, – гэта справа дзяржавы.
Вольга БАЧАЙ, медсястра псіхіятрычнага кабінета Камянецкай паліклінікі:
– Гульнёвая залежнасць – псіхалагічная, і яна падобная на іншыя залежнасці – ад алкаголю, тытуню, наркотыкаў. Я не ставіла б так рэзка пытанне: закрыць – і ўсё! Ёсць багатыя людзі, якім няма куды грошы падзець, – хай нясуць у казіно, якія плацяць немалыя падаткі дзяржаве. Толькі гэтыя гульнёвыя ўстановы павінны быць пад кантролем. Хіба нармальна, што ў цэнтры Мінска ў кінатэатры дзейнічала падпольнае казіно, пра якое расказалі па тэлебачанні? Моладзь трэба засцерагаць ад спакусы. І гэта справа бацькоў, педагогаў, маладзёжных арганізацый. Ад гульнёвай залежнасці ёсць толькі адно лякарства: адарваць з дапамогай цікавых, захапляючых заняткаў – спорту, мастацтва, самадзейнасці. Пераключэнне з гульні на грошы на свет іншых захапленняў – адзінае выйсце для залежнага ад той “маніі”.
Яўгеній ПАНАСЮК, навучэнец 2-га курса Высокаўскага прафтэхкаледжа, ураджэнец вёскі Пяскі:
– Нічога не трэба закрываць, выбар павінны рабіць самі людзі ў свабоднай краіне. Калі сам чалавек захоча, дык кіне тыя гульні, бо розум падкажа: выйграюць адзінкі за кошт тысяч другіх, а гаспадары тых казіно нажываюцца. Трэба ж уключаць мазгі… І яшчэ: там, дзе цікава жыць, не да сумніўных гульняў. У нашым каледжы столькі заняткаў у вольны час: і спартыўныя секцыі, і самадзейнасць… Сам я люблю футбол. Ну, у карты часам іграем, і то не на грошы. Бо іх у нас няшмат, не для казіно. Таму і шчаслівыя…
Як не стаць рабом рулеткі
Тое, што гульнёвая манія стала хваробай ХХI веку, пацвярджае і адпаведны сайт інтэрнэта. Гэтая “манія” – хвароба душы, і заразіцца ёю могуць людзі любога ўросту і сацыяльнага статусу. Залежныя ад гульні нярэдка страчваюць сувязь з рэальным светам, забываюць пра сям’ю, сяброў, вучобу, работу… І паглыбляюцца ў віртуальны свет, тым самым аддаляюць сябе ад рэальнасці. Так, гэта хвароба, псіхалагічная залежнасць, як і наркатычная, алкагольная… Сам залежны ад яе наўрад ці можа справіцца з бядой. Што ж рабіць? Парады ў “сусветнай павуціне” можна знайсці самыя розныя. Так, гульнёвая залежнасць адольвае не толькі наведвальнікаў казіно: дастаткова мець камп’ютар і выхад у інтэрнэт, каб гуляць днямі і начамі. Тым больш, што ў Беларусі ўжо развіваецца і сетка казіно онлайн. Так што паддацца гэтай спакусе можна і не выходзячы з кватэры…
А як жа выратаваць чалавека ад гэтай бяды? Ратаўнікоў, як водзіцца, заўжды значна менш, чым спакуснікаў. Бо ўцягванне ў азартны занятак прыносіць немалыя прыбыткі, а выратаванне залежных, па сутнасці хворых, – гэта справа спецыялістаў з медыцынскай адукацыяй і самаахвярных людзей кшталту Маці Тэрэзы…
І ўсё ж такі вашаму блізкаму, сваяку, сябру можна дапамагчы. Найперш трэба своечасова зразумець, што хвароба яго адолела. І біць трывогу, калі ён шмат часу праводзіць за камп’ютарам, тым больш, заўважаны ў казіно. Памятайце, што наркаман ніколі не прызнаецца, што ён наркаман. Так і залежны ад гульні. Важна адарваць ад яе! Найперш “падсеўшы на гульню” павінен зразумець, што гэта толькі гульня, без яе можна жыць! І тут рэкамендацыі самыя розныя, галоўнае, каб хворы зразумеў: у рэальнасці куды больш прывабнасці, чым у гульні. Так, нашы чытачы раілі пераключыцца на спорт, рамёствы, мастацтва, у тым ліку і пасіўныя формы: не можаш сам быць фізкультурнікам ці артыстам, хадзі на стадыёны і ў тэатры, на канцэрты, глядзі на тэлеэкране спаборніцтвы, “хварэй” за любімую каманду, перажывай за герояў кінафільмаў… Аднак, зразумела, што і гэта варта дазіраваць: усё добра ў меру – прагулкі ды паходы на ўлонне прыроды нішто не заменіць. Толькі напалову згаджуся з парадай, знойдзенай на сайце інтэрнэта: маўляў, лепшае лячэнне ад гульнёвай маніі – гэта секс. Але не трэба забываць пра СНІД. А далей невядомы дарадчык піша: “Спіртное і вясёлыя сяброўкі зробяць усю астатнюю работу за вас”. Няўжо цяперашняя моладзь ужо не можа пры знаёмстве абысціся без спіртнога? Так можна з гульнёвай залежнасці пераключыцца на алкагольную. Прапануюць і іншыя крайнасці: маўляў, можна, толькі асцярожна, зламаць камп’ютар якім-небудзь непрыметным спосабам. Калі ж нішто не дапаможа, рэзюміруюць інтэрнэтаўскія максімалісты, “вывад адзін – вашаму сябру дапаможа толькі псіхбальніца”.
Нагода для роздуму
Ці варта заманьваць і сваіх, і прыезджых у гульнёвыя ўстановы? Так, у нас не пайшлі па шляху Расіі і Украіны, дзе забаранілі гульнёвы бізнес. Рашэнне ўлад было іншым: ажыццяўляць поўны кантроль за дзейнасцю гульнёвых устаноў, рэгуляваць гэтую сферу і тым самым забяспечыць папаўненне дзяржаўнай казны за кошт падатковых адлічэнняў ад функцыянавання казіно. Што ж, свабода ў вольнай краіне – гучыць прывабна. На сёння ў Беларусі налічваецца каля 250 арганізатараў гульнёвага бізнесу, пры гэтым забаўляльных клубаў з казіно і гульнёвымі аўтаматамі – больш за тысячу. Найбольш казіно ў Мінску – 30, а ўсяго па краіне (даныя мінулага года) – 61, у Брэсце – 6. Азартны бізнес расце, і, па ўсім відаць, як адзначаюць аналітыкі, “казіно ў Беларусі чакае вялікая будучыня”.
“Дык навошта тады і коп’і ламаць?” – скажа нехта з чытачоў. Але ж народ мае права на заканадаўчую ініцыятыву.Упэўнены: каб пытанне наконт казіно вынеслі на ўсенародны рэферэндум, пераважная большасць насельніцтва была б супраць іх існавання. Ці варта заахвочваць тое, ад чаго пакутуюць людзі? Не сумняваюся, што і ў нашым раёне ёсць залежныя ад гульні. Адна службовая асоба паплацілася ўжо за сваю згубную цягу: пад антыкарупцыйны артыкул Крымінальнага кодэкса малады чалавек трапіў менавіта з-за таго, што грошы, здабытыя незаконным шляхам, нёс у брэсцкае казіно…
Калі нехта нават прайграе толькі свае “кроўныя”, абдзяляе сваю сям’ю, – хіба гэта не бяда? Праблема застаецца, не прыватная, не дробная, а грамадская і агульначалавечая. І вашы думкі, прапановы, шаноўныя чытачы, будуць дарэчы і на старонках нашай газеты, і на яе сайце.
Это может быть интересно:
-
Александр Лукашенко подписал закон, комплексно корректирующий Кодекс об образовании
-
РЕСПУБЛИКАНСКИЙ ПРОСВЕТИТЕЛЬСКИЙ ПРОЕКТ «ПРЕЗИДЕНТСКАЯ РЕСПУБЛИКА» В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ!
-
В Беларуси с 1 декабря вступят в силу изменения по оплате ЖКУ: что нужно знать
-
Подписаться на “Навіны Камянеччыны” можно не выходя из дома!
-
Александром Лукашенко внесены изменения в Указ «Об оплате труда работников бюджетных организаций»