Нязручнасці, якія радуюць

IMG_6618_resizeПодых першых маразоў не прыпыніў тэмпы добраўпарадкавання ў Высокім. Асаб-ліва шматлюдна цяпер у цэнтры горада: шчыруюць дарожныя рабочыя, будаўнікі, электрыкі, камунальнікі, працуе землярыйная тэхніка… Тут распачата маштабная рэканструкцыя сквера. Адначасова ідзе дэмантаж тратуарнай пліткі, укладваюць у траншэю электракабель – будуць заменены вулічныя ліхтары, з’явяцца стылізаваныя свяцільнікі, зусім іншы выгляд набудуць аўтобусныя прыпынкі і тратуары…

Сквер зменіцца да непазнавальнага – шмат зелені і кветак, зручных лавачак, а выкладзеныя дэкаратыўнай пліткай сцяжынкі праз сквер паўтораць тыя, што ўжо пратапталі самі гараджане. Будзе абноўлены помнік на брацкай магіле, а таксама – крыж, збудаваны тут прыхаджанамі храма (побач з’явіцца і каталіцкі крыж). Не забудуць і аб пясочніцах для дзяцей, аб пастаянным месцы для навагодняй ёлкі. Сёлета на рэканструкцыйных работах у скверы, згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй, асвояць 4,2 млрд. рублёў… Магчыма, на такой прыўзнятай хвалі перамен урэшце знойдуць агульную мову дырэкцыя райбыткамбіната і прадпрымальнікі, што арандуюць плошчы высокаўскага Дома быту, і вырашыцца яго лёс.

Пагодлівы час пакуль спрыяе збудаванню каналізацыйнай сеткі (за кошт бюджэтных сродкаў і замежнай тэхнічнай дапамогі паводле трансгранічнага супрацоўніцтва). Раскапаныя ўчасткі вуліц не надта палохаюць гараджан, бо пасля ўкладвання чарговай “порцыі” новых труб траншэю адразу ж засыпаюць, паслойна трамбуюць. Гэта работа ўжо завершана па вуліцах Фрунзе, Матросава, Горкага, Брэсцкай, 40 год Кастрычніка, Савецкіх пагранічнікаў, працягваецца па вуліцах 17 Верасня, Кірава і 60 год Кастрычніка, у завулку Кірава. Старшыня гарвыканкама Мікалай Сачык зазначае, што часовыя нязручнасці гараджане ўспрымаюць без раздражнення – наадварот, вельмі рады доўгачаканым пераменам.

ДРБУ-137 задзейнічала ў горадзе восем субпадрадных арганізацый. На пашырэнні каналізацыйнай інфраструктуры цяпер заняты шэсць брыгад Бярозаўскай ЖКГ, увесь IMG_5805_resizeрабочы тыдзень якіх – у Высокім, дадому едуць на выхадныя. А ўвогуле новая каналізацыя – 16 кіламетраў, яе збудаванне будзе завершана ў наступным годзе. Адвод усіх стокаў усходняй і цэнтральнай частак горада пра­дугледжаны ў гарадскую ачышчальную сістэму з поўным цыклам біялагічнай ачысткі.

Тым часам завяршаецца капітальны рамонт даху над сярэдняй школай і Домам культуры (двухскатны дах да канца го­да з’явіцца над галоўным корпусам дзіцячага садка, у 2015-м – над інтэрнатам каледжа). Набліжаецца да завяршэння капітальны рамонт жылых дамоў №№ 5 і 7 па вуліцы Будаўнікоў.

Асаблівая ўвага – цеплавой рэабілітацыі жылля, замене вокнаў і дзвярэй у пад’ездах… Наступнымі чакаюць падобнага рамонту яшчэ некалькі дамоў па вуліцах Савецкай і Будаўнікоў. На гэтыя мэты запланавана звыш 20 млрд. рублёў з мясцовага бюджэту.

Высакаўчане надзвычай удзячныя за ўвагу старшыні райвыканкама Андрэю Пісарыку і губернатару Брэсцкай вобласці Канстанціну Сумару.

IMG_5771_resizeНямала відавочных перамен да лепшага ў старадаўнім высокаўскім парку. У пераліку задумак Мікалая Сачыка – дапамагчы і Пульве, што густа зарастае расліннасцю. А яшчэ – “адшукаць” аднаго-двух высакаўчан, для якіх парк стаў бы месцам працы; марыць не проста аб штатных работніках, а каб гэта былі людзі, што ўмеюць шанаваць кожнае дрэва, даглядаць яго, як жывую істоту. Магчыма, і вандалы не асмеляцца тады разбураць створанае тут. Як, напрыклад, нядаўна разбілі ў парку новыя дэкаратыўныя сметніцы. Калі ж прыйдзе разуменне таго, што ўсё зробленае – для гараджан, для гасцей Высокага, для яго ўтульнасці? Апошнім часам нямала прадпрымальных людзей усё больш цікавяцца невыкарыстоўваемай нерухомасцю з мэтай адкрыць тут уласную справу. Па колькасці суб’ектаў малога бізнесу Высокае ў лідарах, на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці працуе трэць гараджан. Горад жыве заўтрашнім днём. Аб тым сведчыць і аб’яўлены конкурс эскізаў будучага памятнага знака на скрыжаванні вуліц Леніна і Сацыялістычнай, дзе сёлета ў Дзень горада была закладзена капсула з пасланнем да нашчадкаў.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий