Ночная погоня

12 лютага каля 01.45 супрацоўнікі ДАІ хацелі спыніць вадзіцеля “Сітраена” на вул. Брэсцкай у Каменцы. Але той працягваў рух. У ходзе праследавання па дарозе Турна-Дзямянчыцы на закругленні ўправа вадзіцель іншамаркі не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у левы па ходу руху кювет і сутыкнуўся з дрэвам. З месца здарэння ўцёк. Ім аказаўся жыхар Каменца, 1986 г.н., які ўжо быў пазбаўлены правоў кіравання за язду ў стане алкагольнага ап’янення.
У той жа нядзельны дзень 12 лютага, каля 22.00 20-гадовы жыхар Каменца, не маючы права на кіраванне, ехаў на “Фордзе-Мандэа” па дарозе Пясчатка-Каменец-Шарашова-Свіслач з Каменца ў накірунку Рэчыцы. Каля Крыўлян, на закругленні дарогі ўлева, не выбраў бяспечную хуткасць і… трапіў у кювет, перакуліўся. Аўтамабіль пашкоджаны, аднаўленню не падлягае (гл. здымак). Вадзіцель з раненнямі трапіў на лячэнне ў Камянецкую райбальніцу.
Яшчэ адно ДТЗ было ўчынена на названай дарозе ў снежні. Тады вадзіцель аўтобуса МАЗ, жыхар Каменца, 1974 г.н., пры павароце на дарогу Пясчатка-Сухадол, не ўлічыў слізкае пакрыццё, не выбраў бяспечную хуткасць, і пры заносе аўтобуса сутыкнуўся з металічнай апорай рэкламнага знака. Пасажырка аўтобуса атрымала раненні і апынулася на бальнічным ложку.
Дастаўлены на лячэнне ў Камянецкую райбальніцу і пешаход з раненнямі, жыхар Кусціч. Ён хоць і быў абазначаны святловяртальнымі элементамі, але стаў ахвярай наезду “Мерсэдэса” пад кіраваннем жыхара Брэста, 1979 г.н. Адбылося гэта 5 лютага ў 19.30. Вядзецца праверка, прычыны ДТЗ устанаўліваюцца.
А 15 лютага каля 12.50 25-гадовы жыхар Высокага на “Фіаце” ехаў па дарозе Высокае-Каменец-Кобрын. Каля Вярхоў, на закругленні дарогі, не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з трактарам МТЗ. Пасажыры “Фіата”, высакаўчане, атрымалі раненні. Транспартныя сродкі пашкоджаны.

Аляксандр ГЕРАСІМУК,
старшы
дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ

Добавить комментарий