Новы год поўны прыгод!

Адчуванне ці нават прадчуванне Новага года ўпершыню прыходзіць да нас тады, калі выпадае і застаецца на зямлі, дахах, дрэвах бялюткі снег. А замацоўваецца яшчэ больш, калі запальваюцца агеньчыкамі гірляндаў магазінныя вітрыны. Гэта ўсё ў Каменцы і раёне ўжо ёсць, застаецца толькі з нецярпеннем чакаць той чароўнай ночы, калі выконваюцца самыя смелыя жаданні. Што ж чакае жыхароў Камянеччыны ў перадсвяточны час і навагоднюю ноч?

Будзе весела…

У Камянецкім, Высокаўскім гарадскіх і сельскіх установах культуры адбудуцца навагоднія ранішнікі, Дзядуля Мароз і Снягурка з падарункамі і віншаваннямі наведаюць дома дзетак-непасед.

У навагоднюю ноч ля вялікай чараўніцы-ёлкі, што з’явіцца на плошчы ў Каменцы ў дваццатых чыслах снежня, можна будзе паўдзельнічаць у святочнай імпрэзе і патанцаваць (яшчэ адна дыскатэка ў гэты ж час пройдзе ў гарадскім Доме культуры).

У Высокім святкаванне ля гарадской ёлкі будзе ўяўляць сабою тэатралізаванае прадстаўленне пад назваю “Навагодняя музычная ноч”, у Доме культуры ў гэты самы час – мерапрыемства “Да трэціх пеўняў”. А 4 студзеня маленькія высакаўчане запрашаюцца на гарадское навагодняе свята з удзелам Брэсцкага тэатра лялек.

Выхаванцы дзіцячых садкоў і вучні школ раёна закружацца ў вясёлым карагодзе вакол ёлкі падчас навагодніх ранішнікаў.

прыемна

Раённы вузел паштовай сувязі таксама ніколі не застаецца ў баку ад агульнага святкавання. Напярэдадні Новага года ў паштавікоў дадаецца работы, бо ў гэты час здалёк і зблізку пачынаюць ляцець пісьмы, адрасаваныя Дзядулю Марозу, што жыве ў векавечнай пушчы. Усе іх трэба выправіць у далейшы шлях. “А як жа быць са зваротнай сувяззю?” – спытаеце вы. Вельмі проста! Можна скарыстацца цікавай паслугай, якую прапаноўвае зноў жа пошта, – заказаць для свайго гарэзы 5-9-гадовага ўзросту асаблівую папку-партфель ад добрага чараўніка. У склад яе ўвойдуць: паштоўка ў выглядзе ёлкі з фатаграфіяй дзіцяці (па жаданні), гірлянда-канструктар “З Новым годам!”, набор вітражных наклеек для аздаблення інтэр’еру, ёлачныя цацкі-паштоўкі для пажаданняў блізкім, паштовая картка “Размалюй і атрымай падарунак”, сертыфікаты юнага філатэліста, развіваючыя дзіцячыя гульні. Даставіць папку абавязуецца добры паштальён 28 і 29 снежня. Пры заказе паслугі кошт (па Беларусі) складзе 75 тыс. руб., пры набыцці ў паштовым аддзяленні – 70 тыс. руб. Для перасылкі за межы краіны цэны будуць асобныя.

смачна

Усе без выключэння дні “гарачага” снежня для супрацоўнікаў камянецкага рэстарана “Белая Вежа” распісаны ўжо даўно. Амаль 100 чалавек вырашылі святкаваць Новы год менавіта тут. Карпаратыўныя вечарыны замовілі райваенкамат, цэнтральная раённая бальніца, “Высокаўскае ДРБУ-137”, прадпрыемства меліярацыйных сістэм і іншыя. Акрамя таго, рэстаран цесна супрацоўнічае з турфірмамі, якія арганізоўваюць такі папулярны сярод расіян і жыхароў нашай краіны (Мінск, Гомель…) пераднавагодні адпачынак. Турысты наведваюць Белавежскую пушчу, якая ўзімку нагадвае сапраўдную казку, Камянецкую вежу, што, накрытая белаю шапкаю снегу, здаецца яшчэ больш велічнай, іншыя мясціны, а падсілкавацца заязджаюць у наш рэстаран.

і цёпла

Свята набліжаецца. А які падарунак самы прыемны з яго нагоды? Адкінуўшы матэрыяльнае, адкажу так – цёплыя словы. Прапануем вам, паважаныя чытачы, павіншаваць родных і блізкіх з Новым годам са старонак любімай раёнкі. Вашы матулі і таты, бабулі і дзядулі, дзеці і ўнукі, каханыя і сябры заслугоўваюць самых шчырых, самых пяшчотных слоў!

Настасся НАРЭЙКА.

Добавить комментарий