Новы віток чэмпіянату

i17 жніўня стартаваў другі круг чэмпіянату раёна па футболе.

Каманды з розным настроем падышлі да гэтай падзеі. “Ніва”, хоць і знаходзіцца ў лідзіруючай тройцы, тым не менш мае ў сваім багажы ўжо два паражэнні (нязвыкла неяк, у чэмпіянаце-2012 усяго адзін “абаранак”, але прыемна – ёсць канкурэнцыя). Радуюць “Белавежскі” і “Аграпрадукт”. Асабліва апошні. Каманда Сяргея Асійчука, нестабільна распачаўшы, пад занавес першага круга выраўняла становішча і падцягнулася да лідараў. Па-ранейшаму не губляе пазіцыі і “Камянецкая пушча”. Думаю, менавіта гэтыя чатыры дружыны і паспрачаюцца за прызавыя месцы. “Ставы”, пашумеўшы на самым старце, “здуліся” і цяпер наўрад ці змогуць штосьці супрацьпаставіць вышэй названай чацвёрцы. “Агра-Зарэчча” ў гэтым сезоне таксама “ў пралёце”. Мала таго, што вельмі вялікі ачковы адрыў ад лідараў, дык, як называюць яго самі футбалісты, яшчэ ў трансфернае акно каманда згубіла некалькі ключавых ігракоў. Пра “Без праблем” скажу так: каманда пакуль ні на што не прэтэндуе, але і свайго нікому не аддасць. І нарэшце аб двух няўдачніках. Палажэнне “Доўбізна”, думаю, не здзівіла нікога: усё ж дэбютант. Тым больш, у рэгламенце адбыліся змяненні, якія дазволілі ім працягнуць удзел у чэмпіянаце (раней апошняя каманда павінна была пакінуць яго пасля першага круга). Чым не радасць? А кляймо “самы, самы…”, вядома, “…няўдачнік”, трэба ставіць усё ж “Высокаму”. І апраўданняў для іх няма. Хоць, магчыма, некаторыя скажуць, што гэта гульня, і здараецца ўсякае. Спрачацца не буду – маюць рацыю. Нават згаджуся сам. Але, але… Каманда з горада над Пульвай не павінна так моцна “ўкараняцца” на дне табліцы: маю на ўвазе ўсяго шэсць ачкоў у скарбонцы ў той час, калі ў лідараў не менш за 15. Дзе барацьба?

А цяпер непасрэдна аб дзясятым туры, які расцягнуўся на тры дні. “Доўбізна”, як быццам гаворачы “дзякуй” за давер, атрымала першую перамогу ў чэмпіянаце. Ахвярай стаў “Агра-Зарэчча”. “Белавежскі” ў Каменцы ўпэўнена разабраўся з “Без праблем” і давёў пераможную серыю да чатырох матчаў. Нарэшце вікторыю атрымалі “Ставы” (дагэтуль чатыры гульні без перамог). На родным стадыёне быў капітуляваны “Высокае”.

У цэнтральным матчы тура сустракаліся “Камянецкая пушча” і “Аграпрадукт”. Каманды вядуць барацьбу за раённае “скудэтта”, таму абодва калектывы жадалі выціснуць з гэтай гульні па максімуму. Найбольш гэта прагледжвалася ў дзеяннях “пушчанцаў”, якія з першых хвілін завалодалі ініцыятывай. На жаль, дывідэндаў са стартавага спурту сабраць не змаглі. “Алейнікі” ж амаль у першай вылазцы свайго не ўпусцілі. “Пушчанцы” змаглі адыграцца толькі з пенальці, які вызваў шмат нараканняў са стану апанентаў. Тым не менш, у другім тайме “Аграпрадукт” зноў выйшаў наперад. І хто ведае, як бы скончыўся паядынак, калі б абаронца “алейнікаў” не зрэзаў мяч у свае вароты. 2:2. А на фінішы матча “пушчанцы” ўсё ж вырвалі перамогу і зноў узначалілі турнірную табліцу, на вяршыне якой тры дні “почивал” “Белавежскі”. Мала, а прыемна.

ВЫНІКІ: “Доўбізна” – “Агра-Зарэчча” – 6:3, “Без праблем” – “Белавежскі” – 0:5, “Ставы” – “Высокае” – 2:0, “Камянецкая пушча” – “Аграпрадукт” – 4:2.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

1 thought on “Новы віток чэмпіянату

  1. У меня, как и у многих других фанатов футбола, складывается впечатление о личной неприязни автора статьи про футбол к ФК “Нива”. Хотя не понимаю, что может быть общего…..Покопайтесь глубже, есть много других интересных фактов о других ФК нашего замечательного района.
    P.S. Спасибо, что не написали про печку на которой в прошлом сезоне лежали игроки ФК “Нива” и зарабатывали победу.
    С уважением, Екатерина.

Добавить комментарий