Новае ў аплаце бальнічных

PICT0156З 11 ліпеня ўступіла ў сілу новае Палажэнне аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах, зацверджанае пастановай Савета Міністраў РБ ад 28 чэрвеня 2013 г. №569 “Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”. У нашых чытачоў і бухгалтараў арга-нізацый, устаноў, прадпрыемстваў, адказных за налічэнне бальнічных, узнікае на гэты конт шмат пытанняў. Па просьбе “Навін Камянеч-

чыны” на іх адказвае начальнік раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Ала САХАРЧУК.

Ала Аляксандраўна, якія змяненні адбыліся ў парадку вызначэння памеру дапамог?

– З 11 ліпеня дапамога па часовай непрацаздольнасці ў адпаведнасці з п.16 Палажэння прызначаецца ў памеры 80 працэнтаў сярэднядзённага заробку за першыя 12 каляндарных дзён непрацаздольнасці і ў памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага заробку за наступныя каляндарныя дні няспыннай працаздольнасці.

Як аплачваецца лісток па часовай непрацаздольнасці, калі захворванне наступіла пасля звальнення і доўжыцца больш за месяц?

– Паводле пунктаў 8 і 20 Палажэння, асобам, у якіх часовая непрацаздольнасць у сувязі з захворваннем або траўмай доўжыцца больш за 30 каляндарных дзён або права на дапамогу па цяжарнасці і родах наступіла на працягу 30 каляндарных дзён пасля спынення працоўнага дагавора (акрамя працоўнага дагавора па сумяшчальніцтве) па ўважлівых прычынах, дапамогі ў парадку выключэння прызначаюцца камісіяй па назначэнні дапамог абласнога ўпраўлення Фонду сацабароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь у памеры 70 працэнтаў сярэднядзённага заробку. Разам з тым, дапамога па часовай непрацаздольнасці ўказаным асобам не прызначаецца на перыяд, за які выплачвалася пенсія.

Жанчына выконвала работу па дагаворы падраду з 30 мая да 17 ліпеня 2013 года. Абавязковыя страхавыя ўзносы за яе плаціліся ў адпаведнасці з заканадаўствам. Яна прадаставіла работадаўцу лісток непрацаздольнасці па доглядзе хворага дзіцяці, які быў выдадзены на перыяд з 16 да 19 ліпеня. Ці будзе ёй аплачаны бальнічны і ці за ўвесь перыяд?

– Паводле падпункта 9.7 пункта 9 Палажэння, дапамога па часовай непрацаздольнасці будзе прызначана толькі за перыяд з 16 да 17 ліпеня.

Згодна са змяненнямі ў Палажэнні, цяпер для налічэння дапамогі па часовай непрацаздольнасці бярэцца заработная плата за 6 каляндарных месяцаў. Як будзе налічвацца дапамога, калі ў гэтых 6-і месяцах былі перыяды, калі жанчына знаходзілася на бальнічных і ў працоўным водпуску?

– У адпаведнасці з п.21 Палажэння дапамога па часовай непрацаздольнасці будзе прызначана з фактычнага заробку, пры ўмове, што да ўзнікнення права на дапамогу за яе плаціліся страхавыя ўзносы больш за 6 месяцаў.

Жанчына ідзе ў водпуск па цяжарнасці і родах у перыяд з 5 жніўня па 8 снежня 2013 года. У арганізацыі, куды яна прадставіла лісток па цяжарнасці і родах, працуе з красавіка гэтага года, але раней яна працавала ў іншага наймальніка, за яе па ранейшым месцы работы плаціліся абавязковыя страхавыя ўзносы. Як у дадзеным выпадку будзе прызначана дапамога?

– Паводле п.21 Палажэння, для прызначэння дапамогі па цяжарнасці і родах жанчыне неабходна прадставіць даведку аб заробку з ранейшага месца работы за перыяд з 1 лютага да 31 сакавіка 2013 года.

Яшчэ такое пытанне. Работнік хварэў з 12 да 28 ліпеня, 29-га яму трэба прыступіць да работы, але ён з 29 ліпеня ідзе на бальнічны і працягвае хварэць да сённяшняга дня. Як у гэтым выпадку будзе аплачаны бальнічны?

– З 12 да 23 ліпеня – у памеры 80%, з 24 да 28 ліпеня – у памеры 100%. І ў першым і ў другім выпадку чалавек сам знаходзіўся на бальнічным, выпадак часовай непрацаздольнасці лічыцца няспынным, таму бальнічны з 29 ліпеня будзе аплачвацца ў 100%.

 З 11 да 18 ліпеня маці даглядала хворае дзіця, з 18 да 31 ліпеня яна хварэла сама. Як у гэтым выпадку будуць аплачаны жанчыне першы і другі бальнічны?

– Першы бальнічны будзе аплачаны ў памеры 100% за перыяд з 11 да 17 ліпеня ўключна, а з 18 ліпеня, у сувязі са сваёй хваробай, яна не ажыццяўляла догляд дзіцяці, таму дапамога па часовай непрацаздольнасці ёй будзе аплачана з 18 да 28 ліпеня (за 12 дзён) – 80%, за 30 і 31 ліпеня ў памеры 100%.

Работнік працяглы час знаходзіўся на бальнічным, з 29 ліпеня яму ўстаноўлена другая група інваліднасці, бальнічны закрылі таксама 29 ліпеня. Як будзе аплачаны лісток у гэтым выпадку?

– У гэтым выпадку лісток па часовай непрацаздольнасці будзе аплачаны да дня вызначэння групы інваліднасці

У якім памеры прызначаюцца дапамогі па часовай непрацаздольнасці асобам, якія маюць на ўтрыманні траіх і больш дзяцей?

– Асобам, якія маюць на ўтрыманні траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў (навучэнцаў – да 18 гадоў), круглым сіротам да дасягнення імі ўзросту 21 года, у выпадку часовай непрацаздольнасці, якая наступіла пры выкананні дзяржаўных абавязкаў, ратаванні чалавечых жыццяў, ахове правапарадку, дзяржаўнай і прыватнай уласнасці, дапамога па часовай непрацаздольнасці прызначаецца ў агульнаўстаноўленым памеры (г. зн. за 12 каляндарных дзён – 80%, пачынаючы з 13-га дня і да заканчэння непрацаздольнасці – 100%). Паводле раней дзеючага заканадаўства, такая дапамога названым катэгорыям грамадзян прызначалася ў памеры 100% сярэднядзённага (сярэднегадзіннага) заробку з першага дня часовай непрацаздольнасці.

Работнік захварэў з 29 ліпеня і працягвае хварэць. На работу ён уладкаваўся з 15 красавіка, але ні ў маі, ні ў чэрвені не адпрацаваў поўнасцю норму рабочага часу. Да гэтага за яго з 2008 года плаціліся абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацабароны насельніцтва. Як яму будзе аплачаны бальнічны лісток?

– Паводле п.23 Палажэння, работнікам, якія не маюць у разліковым перыядзе заробку або маюць, але ён меншы, чым за каляндарны месяц, дапамога налічваецца зыходзячы з тарыфнай стаўкі (аклада) без надбавак і павышэнняў, устаноўленай (ага) на дзень узнікнення права на дапамогу, або зыходзячы з сярэдняга заробку, захаванага за работнікам у разліковым перыядзе ў адпаведнасці з заканадаўствам (за час працоўнага водпуску, водпуску па цяжарнасці і родах, часовай непрацаздольнасці і ў іншых выпадках).

Каму не прызначаецца дапамога па часовай непрацаздольнасці?

– Яна не прызначаецца, калі:

– часовая непрацаздольнасць наступіла ў выпадку наўмыснага прычынення шкоды свайму здароўю з мэтай ухілення ад работы або ад іншых абавязкаў;

– у выпадку,калі траўма атрымана пры ўчыненні злачынства (адбылося ДТЗ, узбуджана крымінальная справа, чалавек прызнаны вінаватым);

– чалавек знаходзіўся на прымусовым лячэнні па рашэнні суда (акрамя асоб, якія пакутуюць псіхічнымі захворваннямі), у лячэбна-працоўным прафілакторыі;

– на перыяд знаходжання пад арыштам, на час судова-медыцынскай экспертызы;

– работнік працаваў або за ім захоўваўся сярэдні заробак поўнасцю або часткова ў адпаведнасці з заканадаўствам, акрамя перыядаў прастою, аплачваемых паводле арт. 71 Працоўнага кодэкса РБ;

– работнік знаходзіўся ў водпуску без захавання заработнай платы;

– узнікла спрэчка аб законнасці звальнення (у выпадку аднаўлення на рабоце дапамога па часовай непрацаздольнасці выплачваецца з дня вынясення рашэння аб аднаўленні на рабоце).

Ала Аляксандраўна, што параіце тым, у каго будуць узнікаць пытанні ў сувязі з прыняццем новага дакумента?

– Рэкамендую звяртацца па кансультацыю ў раённы аддзел Фонду сацабароны насельніцтва. Тэлефон 2-25-03. Дапаможам разабрацца ва ўсіх нюансах.

Падрыхтавала

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Добавить комментарий