У Высокім нямала прадпрымальных людзей – тут больш за сотню прыватных прадпрыемстваў. Аднак беглы аналіз пацвярджае: дзве трэція тых, хто выправіўся ў “свабоднае плаванне” па хвалях рынку, займаюцца гандлем. Нямногія спыніліся на аказанні іншых паслуг ці вырабе ўласнай прадукцыі. Як Аляксандр Мікітавіч Сапяжынскі.
Гадоў дзесяць назад ён, юрыст па прафесіі, пасля выхаду на пенсію стварыў уласную справу, на бацькоўскай сядзібе, што недалёка ад аўтастанцыі. Пачаў з цырульні (ёй даў імя маці – “Антаніна”), а крыху пазней у Высокім наладзіў выраб фрагментаў ажурнага плоту, прасаванай тратуарнай пліткі і бардзюраў. Тут работу атрымалі некалькі высакаўчан. Да справы падключыўся і сын Аляксандра Мікітавіча. Нараканняў на якасць вырабаў не было, працавалі паводле заказаў, асабліва важкімі яны былі з гаспадарак, дзе добраўпарадкоўвалі прыфермаўскія тэрыторыі. Сезоннасць работы не надта палохала, бо мелі нават “пераходныя” заказы…
Сапяжынскі-малодшы – Сяргей – добра разумее, што для поспеху любой справы патрэбен рост, рух наперад, якога сёння, на жаль, не назіраецца: ажурны плот, хоць і даўгавечны, не з’яўляецца прадметам першай неабходнасці для патэнцыяльных кліентаў, якія сёння больш чым ашчадна ставяцца да кожнага рубля. Да таго ж і сезон сёлета з-за зацяжной зімы пачаўся не ў лютым, як раней, а ў красавіку. Але прыемна чуць ад маладога чалавека, што ёсць новыя задумкі наконт асартыменту вырабаў, цікавыя ідэі датычаць пліткі, якую маюць намер зрабіць больш фактурнай, прыгожай. Канкурэнцыя вымушае да творчага мыслення, пра новы сезон думаюць ужо цяпер, каб вясной прапанаваць некалькі навінак.
У такім невялікім гарадку, як Высокае, дарэчы аказалася “шматпрофільнасць” прыватнай справы: цырульня, дзе заняты трое майстроў, працуе стабільна, мода на прыгажосць не мінае ніколі. Гэта па-свойму выручае ў час зніжэння попыту на прадукцыю вытворчасці. Статус прыватнага ўнітарнага прадпрыемства дазваляе мець наёмных работнікаў. Вось і разважаюць Сапяжынскія, што б яшчэ прапанаваць жыхарам і гасцям самага заходняга горада Беларусі – каб і сабе, і людзям на карысць. Адзінае ведаюць напэўна: гандаль не для іх. Іншая справа – зробленае сваімі рукамі…
Это может быть интересно:
-
Фоторепортаж. В Каменце прошло мероприятие «Наш животновод»
-
В Каменецком районе продолжается череда субботников по благоустройству
-
ОГАИ КАМЕНЕЦКОГО РОВД ПРИВЕЛИ СТАТИСТИКУ ДТП В РАЙОНЕ
-
Пенсионерке из Каменецкого района в телеграм посредством видеосвязи позвонил”сотрудник ДФР”
-
Акция «Поздравь боевую подругу» проходит на Каменетчине