Пасяўныя работы ў раёне ў самым разгары. У перадавіках СВК “Агра-Ніва” і ААТ “Камянецкая Пушча”, якія па тэмпах пасяўной кампаніі першымі перасягнулі 70-працэнтны рубеж. Кукуруза – асноўная культура, якой у гэтыя дні актыўна засейваюцца палі. Аб ходзе палявых работ, недапрацоўках і лепшых у полі – інтэрв’ю з начальнікам аддзела раслінаводства ўпраўлення райсельгасхарча райвыканкама Сяргеем МУРЫНЫМ.
– Сяргей Аляксандравіч, на якім этапе пасяўной знаходзяцца аграрыі раёна сёння?
– Ужо завершана сяўба ранніх яравых зерневых і зернебабовых на плошчы 9,8 тысячы гектараў. Днямі завяршылі сяўбу цукровых і кармавых буракоў, яравога рапсу, на 85 % выкананы задачы па пасадцы бульбы, больш за 2 тысячы гектараў заняты аднагадовымі культурамі. Словам, 65 % яравой сяўбы ўжо ззаду, можна сказаць, што сельгасарганізацыі паступова выходзяць на фінішную прамую, аднак лёгкай яна не будзе. Засталося пасеяць кукурузу. Аб’ёмы яе сяўбы – 15,4 тысячы гектараў, што практычна на 2 тысячы больш, чым у мінулыя гады. Зрабіць крок на пашырэнне яе пасеваў падштурхнула нядобрая дынаміка зніжэння нарыхтоўкі травяных кармоў, а гэтага ва ўмовах інтэнсіфікацыі жывёлагадоўчай галіны дапусціць нельга. Акрамя таго, кукуруза – дадатковая крыніца зерня. Дзякуючы гэтай культуры, зернясховішчы папоўніліся больш чым на 30 тысяч тон. Завяршыць яе сяўбу трэба да 10 мая. Пасеялі ўжо больш за 5 тысяч гектараў, а гэта 32% да запланаванага. Высокія тэмпы сяўбы ў “Александрыі-Агра”, “Белавежскім”, “Агра-Ніве”. Нельга не адзначыць добрую працу і ў “Відамлянскім”, “Камянецкай Пушчы”.
– Якія гаспадаркі ў лідарах?
– Калі гаварыць у цэлым па яравой сяўбе, то на сённяшні дзень наперадзе “Агра-Ніва”, “Камянецкая Пушча” і “Белавежскі”. Астатнія гаспадаркі ідуць на адным узроўні, і было б няправільна назваць некага “аўтсайдарам”. Увогуле хочацца падзякаваць усім кіраўнікам гаспадарак за своечасовую падрыхтоўку да вясенне-палявых работ сёлета.
– Ці выконваюцца дзяржаўныя праграмы ў раслінаводстве?
– Усе дзяржаўныя праграмы будуць выкананы. Мэта – забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Сёння ў раёне – 6 асноўных праграм: комплексная дзяржаўная праграма развіцця бульбаводства, пладаводства і агародніцтва; селекцыі і насенняводства; забяспечанасці жывёлагадоўлі ўласным раслінным бялком; сяўбы асноўных сельгаскультур; развіцця піваварнай галіны; захавання і выкарыстання меліярыраваных зямель.
– Што можаце сказаць аб другіх падкормках азімых?
– Мэта другой падкормкі азімага рапсу – ва ўмацаванні галінавання раслін. Недахоп азотнага сілкавання ў гэты перыяд прыводзіць да зніжэння агульнай колькасці стручкоў на расліне і насення ў іх. Вельмі марудна ў гаспадарках раёна вядуцца работы ў гэтым накірунку. Тое ж тычыцца і падкормкі азотам азімых зерневых. А зараз у зерневых перыяд трубкавання. Недахоп азоту ў гэты час прывядзе да адпаду ніжніх каласкоў…
– Падкормкі шматгадовых траў і лугавых угоддзяў?
– Азотныя падкормкі, як і раней, праводзяцца толькі ў некаторых гаспадарках па рэшткавым прынцыпе. Калі аб’яднаць планавыя аб’ёмы падкормак шматгадовых траў і лугавых угоддзяў і фактычна падкормленую плошчу, то атрымаецца наступная сітуацыя: у цэлым па раёне падкормлена азотам толькі 39% траў. Многія не задумваюцца над тым, што калі не ўнесці азот пад травы, то могуць быць праблемы ў сітуацыі з нарыхтоўкай травяных кармоў.
Траў пасеяна 1,5 тысячы гектараў, а гэта 38% да неабходнага. Хоць графік сяўбы іх і расцягнуты да 1 жніўня, аднак кіраўнікам гаспадарак вядома, што лепшымі тэрмінамі сяўбы з’яўляюцца вясеннія, калі неабходна пасеяць не менш за 60-70% да задання.
Аналіз наяўнасці шматгадовых траў па гадах карыстання, прадстаўлены сельгасарганізацыямі ў бягучым годзе, паказаў, што выкарыстанне іх на раллі дапускаецца да чатырох гадоў. Аднак у гаспадарках травы 5-га года карыстання займаюць 17% ад іх наяўнасці, 6-га – 7%, 7-га – 3%, 8-га і 9-га – 3%.
– Як справы з фітасанітарным станам сельгаскультур?
– На пасевах азімага рапсу адзначаецца распаўсюджванне шкоднікаў. Прахалоднае надвор’е пакуль стрымлівае іх актыўнасць, але ў сонечныя дні неабходна правесці суцэльныя апрацоўкі пасеваў.
Даследаванне азімых зерневых паказала, што пашкоджанасць раслін хваробамі адзначаецца практычна на ўсёй даследуемай плошчы. На асобных пасевах на ніжніх лістах адзначаецца праяўленне мучністай расы. З усталяваннем цёплага надвор’я распаўсюджанасць будзе ўзрастаць. На пасевах з чакаемай высокай ураджайнасцю і па неспрыяльных папярэдніках мэтазгодна правесці апрацоўкі супраць карэнных гніляў, што таксама стрымае далейшае распаўсюджванне расы.
На пасевах яравых зерневых адзначаны лёт шведскай мухі. Пры цёплым сонечным надвор’і актыўнасць шкоднікаў вырасце, неабходны інсектыцыдныя апрацоўкі.
У нашых і так малаколькасных садах адзначаецца лёт аскаспор паршы і засяленне дрэў сысучымі і лісцегрызучымі шкоднікамі. Трэба ўжо зараз праводзіць апрацоўкі, сумяшчаючы іх з апрацоўкамі супраць хвароб.
– Калі ў раёне плануецца завяршэнне пасяўной кампаніі-2014?
– Гэта, безумоўна, будзе вызначацца надвор’ем і стараннямі працаўнікоў сельгасарганізацый. Але ўсё ж аптымальным варыянтам было б завяршэнне яе да Дня Перамогі.
Гутарыла Наталля ГРЫЦУК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
«Эрудиты» из Пелищ заняли 3 место в интеллектуально-развлекательной игре от БРСМ
-
Шибанова и Володина отправятся на республиканские соревнования по дзюдо
-
Мошенники внедряются в мир флористики
-
Золото «Продэкспо-2025» завоевала компания «Беловежские сыры»!
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу. Ответные матчи. Белтелеком-Брест – Агро-Пелище