Супрацьстаянню ва Украіне завяршэння пакуль не відаць. Тысячы чалавек з’ехалі з родных мясцін, каб уратавацца ад смерці. Усеўкраінскі “круглы стол” нацыянальнага прымірэння і ад-зінства ўсё яшчэ толькі ў надзеях аптымістаў…
На Брэстчыне, паводле даных перапісу насельніцтва 2009 года, жывуць больш за 40 тысяч украінцаў; з краіны-суседкі да нас едуць і ў пошуках працы. Добрасуседскія стасункі не перарываліся ніколі. Але ж ці паўплывалі падзеі ва Украіне на колькасць грамадзян, што цяпер едуць адтуль на Беларусь, у прыватнасці, у наш раён? – з такім пытаннем звярнулася да інспектара аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Камянецкага РАУС Паўла Алпатава.
– Дакладна не магу параўнаць лічбы, бо адзін месяц яны могуць знаходзіцца на Беларусі паводле міграцыйнай карты, якую атрымліваюць пры перасячэнні граніцы. Калі ж маюць намер застацца ў нашай краіне даўжэй, абавязаны зарэгістравацца. Афіцыйна ж па статус бежанца і ў пошуках прытулку ў Камянецкі РАУС ніхто з украінцаў пакуль не звяртаўся. Аднак у цэлым ужо відавочна, што апошнім часам з Украіны да нас сталі ехаць часцей. І не толькі ў госці.
– Маеце на ўвазе працоўную міграцыю?
– Так. Працаваць да нас едуць у асноўным з суседняй Валыні. Кажуць, што дома не могуць знайсці работу. Гэтыя людзі атрымліваюць дазвол на часовае знаходжанне ў нашай краіне. Калі грамадзяне Расіі і Казахстана маюць права працаваць у нас згодна з працоўным дагаворам, дык грамадзяне Украіны абавязаны мець спецыяльны дазвол, на 1 год, які атрымліваюць ва ўпраўленні Брэсцкага аблвыканкама па грамадзянстве і міграцыі.
– Ці канчаткова вырашана праблема нелегальнага працаўладкавання мігрантаў?
– Раней такія выпадкі найчасцей былі ў сельгаспрадпрыемствах. Але пастаянны маніторынг сітуацыі, выезды інспектараў міграцыйнай службы на месцы, цесны кантакт са спецыялістамі, адказнымі за рэгістрацыю на прадпрыемстве працуючых замежных грамадзян, тлумачэнне нявыгаднасці “статуса” нелегала даюць вынік. Цяпер значна менш тых, хто працуе неафіцыйна. І ў той жа час жадаючых атрымаць у нас работу прыязджае ўсё больш. Сочым, каб гэтыя людзі мелі прыстойныя бытавыя ўмовы, каб адносіны з працадаўцам былі аформлены на падставе заканадаўства. У любым выпадку зычым украінцам як найхутчэй вырашыць свае ўнутраныя праблемы. А наша добрасуседства, без сумнення, – назаўжды.
– Ці здараюцца выпадкі дэпартацыі?
– Бываюць. З-за грубага парушэння правілаў знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі РБ. Здараюцца і выпадкі высылкі на розны тэрмін: гэта калі грамадзянін жыве ў Беларусі законна, але парушае заканадаўства нашай краіны.
– На якіх падставах замежныя грамадзяне могуць атрымаць від на жыхарства ў Беларусі?
– Каб атрымаць від на жыхарства, чалавек найперш павінен звярнуцца ў органы па грамадзянстве і міграцыі па дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі. А падставы для такога пражывання наступныя: калі замежныя грамадзяне з’яўляюцца блізкімі сваякамі грамадзян РБ, якія пастаянна жывуць у Беларусі; з’яўляюцца асобамі, якім дадзены статус бежанца або прытулак у РБ; маюць права на ўз’яднанне сям’і; пражылі на законных падставах у Беларусі апошнія сем і больш гадоў; маюць падставы для набыцця грамадзянства РБ у парадку рэгістрацыі; знаходзіліся раней у грамадзянстве РБ; з’яўляюцца работнікамі і спецыялістамі, у якіх маюць патрэбу арганізацыі РБ; валодаюць выключнымі здольнасцямі і талентам або маюць асобыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь, высокія дасягненні ў галіне навукі, тэхнікі, культуры і спорту; з’яўляюцца замежнымі інвестарамі, якія ўклалі інвестыцыі ў памеры не менш за 150 тысяч еўра ў аб’екты інвестыцыйнай дзейнасці на тэрыторыі РБ; з’яўляюцца этнічнымі беларусамі або іх кроўнымі сваякамі па прамой сыходзячай лініі – дзецьмі, унукамі, праўнукамі, якія нарадзіліся за межамі сучаснай тэрыторыі РБ. Дазвол на пастаяннае пражыванне можа быць выдадзены і на іншых падставах, паводле рашэння Савета Міністраў РБ па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
– Ці змяняюцца нейкім чынам правілы знаходжання ўкраінцаў на Беларусі на фоне апошніх падзей ва Украіне?
– Зусім нядаўна для грамадзян Украіны, якія з’яўляюцца членамі Камуністычнай партыі Украіны, вырашана па іх просьбе садзейнічаць у рэгістрацыі на тэрыторыі РБ і інфармаваць Кампартыю Беларусі аб з’яўленні ў нашай краіне такіх грамадзян з мэтай іх далейшага ўладкавання ў Беларусі.
Галіна НОВІК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
ГДЕ И КОГДА В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ ПРОЙДУТ ПИКЕТЫ ПО СБОРУ ПОДПИСЕЙ?
-
РЕСПУБЛИКАНСКИЙ ПРОСВЕТИТЕЛЬСКИЙ ПРОЕКТ «ПРЕЗИДЕНТСКАЯ РЕСПУБЛИКА» В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ!
-
В Беларуси с 1 декабря вступят в силу изменения по оплате ЖКУ: что нужно знать
-
Подписаться на “Навіны Камянеччыны” можно не выходя из дома!
-
Александром Лукашенко внесены изменения в Указ «Об оплате труда работников бюджетных организаций»