Не спяшайцеся: вас здымае скрытая камера

3-heathrow-cctvХуткасць машын на аўтамабільнай дарозе М1 (Брэст – Мінск – граніца РФ) – самай ажыўленай беларускай трасе – цяпер кантралююць не толькі супрацоўнікі ДАІ з фотафіксатарамі, але і стацыянарныя датчыкі кантролю хуткасці. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь устаноўлены 41 датчык, уздоўж магістралі ў нашай вобласці – 14 такіх прыбораў.

З 1 ліпеня 2012 года камеры фотафіксацыі пераведзены з тэставага рэжыму ў рабочы. Адзначу, што за паўгода выяўлена звыш 120 тысяч парушэнняў устаноўленай хуткасці руху транспартных сродкаў. Аналагічная сістэма ўжо ўкаранёна на аўтадарозе Мінск – Мікашэвічы з дабаўленнем функцыі фіксацыі парушэнняў правілаў абгону (з мэтай прафілактыкі лабавых сутыкненняў).

Больш падрабязна аб тым, як сістэма працуе, і парадку прыцягнення да адказнасці парушальнікаў хуткасных рэжымаў. З пачатку года ў нашай вобласці за парушэнне ўстаноўленай хуткасці прыцягнуты да адказнасці больш за 4 тысячы вадзіцеляў. Лічба ўражвае. Асабліва калі ўлічыць, што менавіта хуткасць з’яўляецца адной з асноўных прычын дарожных аварый з цяжкімі вынікамі. Дарэчы, вадзіцелі, якія едуць па трасе М1, часцей за ўсё грэбуюць хуткаснымі абмежаваннямі менавіта ў Брэсцкай вобласці. Добрае пакрыццё, прамыя ўчасткі дарогі – што яшчэ патрэбна ліхачу, каб “выціснуць” усё са свайго аўто?! Цяпер магчымасцей беспакарана “ганяць” у парушальнікаў стане менш. Фотакамеры настроены так, каб фіксаваць адлюстраванне і рэгістрацыйныя знакі аўтамабіля, які перавышае дапушчальную хуткасць руху. За якасць здымка хвалявацца не прыйдзецца: камера выдатна працуе ў цёмны час сутак і ў дрэнных умовах надвор’я.

Усе фотарадары аб’яднаны ў адзіную сетку, якая дазваляе аператыўна апрацоўваць інфармацыю, што паступіла. Аўтамабіль правяраюць па Адзінай базе даных для ўстанаўлення анкетных звестак уладальніка. Пасля чаго апошняму накіроўваецца пастанова аб адміністрацыйным спагнанні са здымкам правапарушэння, а таксама – квітанцыя, у якой указаны адпаведныя рэквізіты і сума штрафу. Асабліва падкрэслю, што штрафная санкцыя выносіцца менавіта ў адносінах УЛАДАЛЬНІКА аўтамабіля. І не мае значэння, хто ў момант парушэння Правілаў дарожнага руху знаходзіўся за рулём. Бо ўладальнік павінен адказваць за сваю маёмасць і ведаць, дзе яна знаходзіцца. І калі гаспадар аўто ў перавышэнні хуткасці не вінаваты (даў машыну брату, свату або сябру), яму самому неабходна гэта даказваць. Ліхачамі, вядома, могуць стаць і выкрадальнікі аўто. У гэтым выпадку ў якасці доказу ўладальніку трэба прад’явіць даведку з праваахоўных органаў аб тым, што ў момант парушэння машына лічылася выкрадзенай.

Пастанова аб адміністрацыйным спагнанні са здымкам правапарушэння гаспадару аўто дасылаецца заказным пісьмом. На аплату штрафу адводзіцца АДЗІН МЕСЯЦ З ДНЯ АТРЫМАННЯ ДАКУМЕНТА. Куды і колькі плаціць, – указана ў квітанцыі. За парушэнні, выяўленыя стацыянарным фотарадарам, прадугледжана мінімальнае пакаранне ў межах заканадаўства. Ёсць і выключэнне. Па артыкулах, дзе мінімальным пакараннем з’яўляецца папярэджанне, вадзіцеля ўсё роўна аштрафуюць. Напрыклад, за перавышэнне хуткасці ад 10 да 20 кіламетраў у гадзіну парушальніка абавяжуць заплаціць 0,5 базавай велічыні (50 тысяч беларускіх рублёў).

Далёка не заўсёды парушальнік прызнае сябе вінаватым. І калі вадзіцель не згодны з пастановай аб штрафе, ён мае права яе абскардзіць. На гэта даецца ўсё той жа месяц. Падаваць скаргу трэба ў аддзяленне ДАІ па месцы жыхарства – не мае значэння, дзе адбылося парушэнне. Напрыклад, яго зафіксаваў фотарадар, устаноўлены ў Баранавіцкім раёне, а Вы жывяце ў Каменцы, значыць, для таго, каб аспрэчыць пастанову аб адміністрацыйным спагнанні, неабходна звярнуцца менавіта ў аддзяленне ДАІ Камянецкага РАУС. У выпадку, калі парушальнік хуткаснага рэжыму ўвогуле вырашыць праігнараваць пастанову, да яго прыйдуць судовыя выканаўцы. Напомню, што цяпер за перавышэнне хуткасці руху ў адпаведнасці з КоАП РБ прадугледжаны наступныя штрафныя санкцыі: за перавышэнне ад 10 да 20 кіламетраў у гадзіну – папярэджанне або штраф да адной базавай велічыні (100 тысяч рублёў); ад 20 да 30 кіламетраў у гадзіну – ад адной да трох базавых велічынь; звыш 30 кіламетраў у гадзіну – ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь; паўторна на працягу года пасля адміністрацыйнага спагнання – штраф складзе ад 5 да 15 базавых велічынь або пазбаўленне права кіравання тэрмінам да 1 года.

Заўважу, што ўкараненне сістэмы фотафіксацыі парушэнняў хуткасных рэжымаў на тэрыторыі вобласці дае станоўчыя вынікі.

І тым не менш – беражыце сябе і захоўвайце ўстаноўленую хуткасць руху!

Юрый КУЧЫНСКІ,

старшы інспектар ДПС аддзялення ДАІ.

Добавить комментарий