Добрыя традыцыі заўсёды маюць працяг… Ужо другім па ліку стала ўрачыстае пасяджэнне раённага клуба лепшых даярак Камянецкага раёна, што прайшло ў Белавежскім Доме культуры 6 сакавіка, напярэдадні Міжнароднага дня жанчын.
Кожная гаспадарка раёна выдзеліла спецыяльны выхадны свайму самаму лепшаму аператару машыннага даення, каб змаглі гэтыя жанчыны, чые рукі пахнуць малаком, сабрацца разам, падзяліцца сваімі дасягненнямі, пачуць шчырыя словы падзякі і проста адпачыць душой ад нялёгкай штодзённай працы. Выключэннем стала хіба толькі ААТ “Белавежскі”, якое на пасяджэнні лепшых даярак прадстаўлялі ажно чатыры жанчыны, прычым тры з іх заслужана занялі ганаровыя месцы на п’едэстале.
Сярод аператараў машыннага даення лідзіруе на гэты раз Марыя Шубіч, якая працуе на ферме “Кунахавічы” і надаіла за 2011 год 9950 кг малака ад кожнай каровы. Другое месца займае Святлана Русакевіч (9612 кг, тая ж самая ферма), а трэцяе – Галіна Дрозд (9504 кг, ферма “Марцалін”). З рук старшыні райвыканкама Андрэя Пісарыка і начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Сямейкі пераможцы атрымалі граматы і каштоўныя падарункі, якія, дарэчы, загадзя выбралі самі. А Марыю Шубіч, якую адзначылі яшчэ і на рэспубліканскім узроўні, узнагародзіла старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Ірына Дуднікава.
Наступнымі слова мелі прадстаўнікі тых прадпрыемстваў, для якіх асноўнай сыравінай з’яўляецца малако: СААТ “Белавежскія сыры”, Камянецкага вытворчага філіяла ААТ “Савушкін прадукт” і СТАА “Юнімілк Пружаны”. Прадстаўнік апошняга не без гонару адзначыў, што падчас кантрольнай закупкі, якая праводзілася ў Маскве, лепшым стала малако, вырабленае ў Пружанах, а да яго самае прамое дачыненне маюць і аператары машыннага даення Камянеччыны. Ад гасцей грашовыя прэміі атрымалі Любоў Бяльзюк (ААТ “Відамлянскае”), Наталля Каховіч (ААТ “Агра-Пелішча”), Святлана Бурак (ААТ “Агра-Турна”), Алена Маркевіч (ААТ “Агра-Зарэчча”), Святлана Токар (ААТ “Новы шлях”), Ларыса Панасюк (СВК “Агра-Ніва”), Марыя Раманюк (ААТ “Каленкавічы”), Валянціна Мізюк (ААТ “Александрыя-Агра”), Соф’я Мазурык (ААТ “Макарава-Агра”), Таццяна Лаўранюк (ААТ “Усход-Каменец”), Святлана Антанюк (СВК “Стаўскі”), Ларыса Казлюк (СВК “Хадасы”), Валянціна Фясюк (ААТ “Камянецкая Пушча”) і Вольга Штык (ААТ “Белавежскі”). А ў перапынках паміж узнагароджаннямі для жанчын спявалі самадзейныя артысты Белавежскага СДК.
На заканчэнне слова прадаставілі, безумоўна, і самай лепшай даярцы раёна. Марыя Шубіч падзякавала ўсім арганізатарам свята, генеральнаму дырэктару роднага “Белавежскага” Юрыю Марозу, паабяцала пастарацца і выйсці ў хуткім часе на 10000 кг малака. Няхай жа так і будзе!
Настасся НАРЭЙКА
Фота Міколы ШУМА
Это может быть интересно:
-
ЗАСЕДАНИЕ РАЙОННОГО ИСПОЛНИТЕЛЬНОГО КОМИТЕТА ПРОШЛО СЕГОДНЯ
-
Выбытие скота остается под контролем прокуратуры Каменетчины
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
В Каменецком райисполкоме обсудили вопросы функционирования народного ополчения
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА