Не кідай на волю лёсу

Непрадузятая статысты-ка сведчыць: сёлета за паўгоддзе ў раёне колькасць разводаў павялічылася на 17,2%, іх стала ненамнога менш, чым шлюбаў. Кажуць, вольнаму воля, свабода выбару… Аднак, у шлюбе, як правіла, з’яўляюцца на свет дзеці (дарэчы, як і без шлюбу). А дзяцей трэба гадаваць, выхоўваць. Вось тут і ўзнікае праблема ўплаты аліментаў. Спраўляюцца з ёй далёка не ўсе. Ніжэй – аб судовых справах  у адносінах некаторых, як кажуць, зламысных аліментшчыкаў.

На лаве падсудных – Сяргей М. з Пелішча. Не ўпершыню яго ўчынкі выносяцца на разгляд Феміды: гэты 36-гадовы мужчына быў пакараны судом Пружанскага раёна за хуліганства,  судом Бярозаўскага раёна – за ўхіленне ад утрымання сваёй непаўналетняй дачкі. Тады, у лютым 2006 года, ён быў асуджаны на 1,5 года да папраўчых работ з утрыманнем 15% заробку ў даход дзяржавы. Але  дапускаў парушэнні, і яго ў сакавіку 2008 года, згодна з рашэннем суда Кобрынскага раёна, прыгаварылі да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады. Здавалася б, там, на  “хіміі”, ды пад наглядам працуй і кампенсуй даўгі па аліментах. Ды не, Сяргей і гэтае выпрабаванне не вытрымаў: ухіляўся ад пакарання, і ў лютым 2009-га  суд нашага раёна вынес Сяргею чарговы прыгавор – 2 гады 3 месяцы пазбаўлення волі. Летась, у сакавіку, пасля “адсідкі” Сяргей вярнуўся на волю. Аднак, запазычанасць па аліментах на ўтрыманне непаўналетняй дачкі не зменшылася, а наадварот – узрасла. Сяргей 4 месяцы плаціў аліменты не ў поўнай меры, а паўгода  не плаціў увогуле, за што неаднаразова папярэджаны судовым выканаўцам. На судзе патлумачыў, што не плаціў аліменты з-за таго, што не меў пастаяннага месца работы. Сваю віну цалкам прызнаў і раскаяўся ва ўчыненым. Тым не менш, запазычанасць па аліментах у падсуднага склала ўжо10 847 220 рублёў. Зноў накіраваць зламыснага аліментшчыка ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу суд не мог: ён там ужо пабываў і не адбыў пакаранне належным чынам. Засталося адзінае – арышт. Да яго і быў прыгавораны Сяргей М. – тэрмінам на 4 месяцы.

Яшчэ адзін жыхар раёна – Андрэй М. з Бялёва, судом раёна ўжо двойчы пакараны за няўплату аліментаў, і апошні раз яго прыгаварылі да арышту на  паўгода (запазычанасць Андрэя складае 10 976 000 рублёў). І зноў давялося паўтарыць арышт, таксама на 6 месяцаў.

16 ліпеня суд раёна разгледзеў крымінальную справу ў адносінах Сяргея К., жыхара Каменца, якога да гэтага ўжо двойчы караў суд нашага раёна за няўплату аліментаў на ўтрыманне дачкі, якой напрыканцы гэтага года споўніцца 18 гадоў. Але яе паўналецце не вызваліць бацьку ад уплаты запазычанасці на карысць маці дачкі – тая запазычанасць дасягнула ўнушальных памераў: на 1 мая г.г. – 12 262 150 рублёў. Сяргея не раз папярэджвалі, а ён на працягу 10 месяцаў увогуле ніякай дапамогі на ўтрыманне дачкі не аказваў. На судзе патлумачыў: не плаціў аліменты, бо не працаваў. Аднак, калі і ўладкаваўся на працу ў ААТ “Агра-Турна”, аб гэтым не паведаміў судовым выканаўцам. Рашэнне суда – арышт Сяргея К. на тэрмін у 4 месяцы.

* * *

У апошніх дзвюх судовых справах  быў і такі пункт прыгавора – прымяніць да падсудных прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Згодна з арт.55 Крымінальнага кодэкса РБ,  да хранічных алкаголікаў, якіх накіроўваюць на прымусовае лячэнне, нельга прымяняць абмежаванне волі. Так што ў суда выбару, практычна, няма. Але здзіўляюць лёгкадумныя паводзіны тых, хто фактычна ігнаруе заканадаўства: ведае, што  аліменты плаціць усё роўна давядзецца, запазычанасць па іх расце – і ніякіх мер не прымае. Здавалася б, калі пасля чарговага рашэння суда  з дапамогай адпаведнай інспекцыі райаддзела міліцыі ўладкавалі цябе на работу – дык працуй!  Амністыі ў адносінах выплаты аліментаў не бывае.

Галіна ПРЫХОЖКА,

старшыня суда раёна.

Добавить комментарий