“Віншуем! Па выніках акцыі на плацёжных тэрміналах Вы – уладальніца ноўтбука. Інфазаяўка сайт www.qiwi.lact.ru”. СМС такога зместу атрымала брастаўчанка. І стала чарговай ахвярай махляроў.
Пільнасць жанчыны ўсыпіла ў першую чаргу тое, што паведамленне прыйшло за подпісам QIWI, а не з невядомага мабільнага нумара. Не задумваючыся аб тым, што яна не магла ўдзельнічаць ні ў якіх акцыях, бо ніколі не карысталася плацёжнымі тэрміналамі, жанчына патэлефанавала на нумар, указаны на сайце. У так званай “службе падтрымкі” ёй паведамілі, што для атрымання ноўтбука неабходна пакласці на рахунак мабільнага тэлефона 600000 беларускіх рублёў. Жанчына так і зрабіла. Калі атрымала на рахунак грошы, яна зноў звярнулася ў “службу падтрымкі”. Там ёй далі далейшыя інструкцыі – пераслаць ім код, які яна атрымае на свой мабільны тэлефон. Брастаўчанка дакладна следавала ўказанням.
Такім чынам, махляры ведалі нумар мабільнага тэлефона і валодалі кодам, што дазволіла ім зняць з мабільнага рахунка жанчыны ўсе грошы. Калі ахвяра ўбачыла на сваім балансе 0, яна зноў патэлефанавала ў “службу падтрымкі”. Ёй патлумачылі, што ўсё ідзе па плану. Наступным яе крокам павінна стаць рэгістрацыя заяўкі на сайце, указаным у СМС. Даверлівая грамадзянка запоўніла анкету, тым самым прадаставіла махлярам не толькі свой адрас, але і пашпартныя даныя, і нават поўную інфармацыю пра сваю банкаўскую картку. Пасля гэтай аперацыі ёй паабяцалі, што грошы на баланс вернуцца.
Якое ж было здзіўленне жанчыны, калі на наступны дзень ёй патэлефанавалі з банка, які абслугоўвае банкаўскую картку, і паведамілі, што з яе рахунка напярэдадні спрабавалі зняць 5 тысяч расійскіх рублёў. Банк прапусціў аперацыю па абналічванні толькі 1 тысячы. Тады жанчына зразумела, што стала ахвярай махляроў, і звярнулася ў міліцыю.
Як паведаміў начальнік аддзела па барацьбе са злачыннасцю ў сферы высокіх тэхналогій упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Андрэй Галадко, у іх упраўленне ўжо некалькі разоў тэлефанавалі жыхары вобласці і пыталіся, як рэагаваць на такія СМС. Адказ адназначны: такога роду рассылкамі займаюцца махляры. Такім чынам,
– калі Вы выйгралі вялікую суму грошай або вельмі дарагую рэч у латарэю, у якую не гулялі;
– калі Вас просяць для чаго-небудзь пакласці значную суму грошай на Ваш абаненцкі рахунак сотавага аператара, а таксама паведаміць код, што прыйшоў Вам СМС-кай;
– калі ў Вас за мяжой знайшоўся багаты родзіч, які пакінуў Вам вялікую спадчыну, і для афармлення дакументаў на атрыманне яе ад Вас просяць грошы;
– калі Вам прапануюць высокапрыбытковы бізнес за мяжой, але патрэбна перадаплата, СЦЕРАЖЫЦЕСЯ! Гэта – махлярства!
Таксама асцерагайцеся купляць у інтэрнет-магазінах і па аб’явах у сетцы інтэрнэт рэчы за мяжой, кошт якіх заніжаны. Акрамя гэтага, калі Вы разлічваецеся за набыты праз інтэрнэт тавар да яго дастаўкі, Вы ў пэўнай меры рызыкуеце застацца і без грошай, і без таго тавару.
Ірына БЛАХІНА,
вядучы спецыяліст аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС аблвыканкама.
Это может быть интересно:
-
V Республиканский конкурс социальной рекламы «#ПознайБеларусь» стартовал 15 мая
-
Помощь в решении трудовых вопросов теперь по единому номеру!
-
Кнопка экстренного вызова милиции позволяет чувствовать себя в безопасности
-
Президент Беларуси 21 мая подписал Указ “О повышении роли нанимателей в области внешней трудовой миграции”
-
Дело Фонда Акция Демократия. Политические последствия могут дойти до Верховного суда