Апошнім часам нібыта прыціхла гарачка, звязаная з пастановай Мінсельгасхарча, з якой вынікае патрабаванне: з мэтай ветэрынарнай надзейнасці забой прызначанай на продаж жывёлы праводзіць у спецыялізаваных арганізацыях. Уступленне дакумента ў сілу планавалася з 28 студзеня, але было адкладзена да 1 мая. Зімовыя тыдзень-другі, калі нечакана разгарэўся гэты ажыятаж, выявілі нямала непаразуменняў, найперш звязаных з недахопам адпаведных цэхаў. Гэта і вымусіла ўзяць “тайм-аўт” на два месяцы.
Гранічны тэрмін няўмольна набліжаецца. Вось і ў нашай раённай газеце нядаўна з’явілася аб’ява: у Каменцы па вул. Індустрыяльнай, 4 арганізацыя аказвае паслугі па забою жывёлы. Праўда, аб кошце тых паслуг з аб’явы не даведацца. Таму і ўзнікла зразумелае імкненне высветліць “нюансы”, што найбольш хвалююць “мясных” прадпрымальнікаў і гаспадароў сялянскіх падвор’яў, якія яшчэ не страцілі жаданне гадаваць жывёлу, а лішак – прадаць.
– Дык колькі ж каштуюць сёння такія паслугі? – пацікавілася ў дырэктара прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Камянецкі каапнарыхтпрамгандаль” Васілія Гаўрыка:
– Паслугі нашага забойнага цэха найперш скарыстаюць індывідуальныя прадпрымальнікі, якія закупляюць жывёлу ў насельніцтва для наступнай рэалізацыі. Прапускная магчымасць цэха за дзень: 5-6 свіней і 10 галоў буйной рагатай жывёлы. Транспарт для дастаўкі яе можна заказаць і ў нас: за 1 км прабегу – 2448 рублёў плюс 85048 – за кожную гадзіну. Хутчэй за ўсё “іпэшнікі” будуць дастаўляць жывёлу сваім транспартам. Наконт кошту паслуг па забою (на 19 красавіка) з НДС: за 1 кілаграм забойнай вагі свіней – 2669 рублёў, буйной рагатай жывёлы – 2299. Тут, на месцы, пасля ветсанэкспертызы выдаецца пасведчанне якасці – за гэта давядзецца заплаціць 24680 рублёў. Маем намер набыць спецыяльнае прыстасаванне для больш прадукцыйнай работы. Увогуле, калі хто плануе везці жывёлу ў наш забойны цэх, дык папярэдзіць аб тым варта хоць бы за дзень-два. З намі ўжо заключылі дамовы аб паслугах і прадпрымальнікі з Брэсцкага раёна…
– Размовы аб тым, што з 1 мая закалоць кабанчыка ў двары для патрэб сваёй сям’і можна будзе толькі ў прысутнасці ветэрынара, з’яўляюцца перабольшваннем?
З гэтым пытаннем звярнулася да галоўнага ветурача раёна Аляксандра ВАСІЛЮКА.
– У дадзеным выпадку гэта перабольшаныя чуткі, бо свініна не прызначана для рэалізацыі. У той жа час гаспадар сам павінен быць упэўнены, што свежаніна будзе бяспечнай для яго сям’і. Найбольшую пагрозу тоіць у сабе трыхінелёз, які можна выявіць толькі пасля забою, у лабараторыі ветсанэкспертызы ў Каменцы, а таксама – ва ўсіх участковых ветлячэбніцах. Гэта датычыць як свойскіх, так і дзікіх жывёлін. Дарэчы, даследаванне на трыхінелёз – бясплатнае.
А вось калі мяса і прадукты забою буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней, коней прызначаны для рэалізацыі, дык з мэтай ветэрынарнай бяспекі забой сельгасжывёлы праводзіцца ў арганізацыях, якія ажыццяўляюць гэту дзейнасць у адпаведнасці з Ветэрынарна-санітарнымі правіламі. У раёне пакуль адна арганізацыя будзе аказваць такія паслугі – гэта каапнарыхтпрамгандаль. Пры ўмове ліквідацыі недахопаў, выяўленых рэгіянальнай інспекцыяй ветнагляду. Пытанні яшчэ застаюцца…
– А калі селянін сам вырашыў прадаць толькі чвэрць свіной тушы?
Яго чакаюць тыя ж самыя дзеянні, калі б прадаваў і ўсю тушу. Але на рынку тады яму намнога прасцей, бо ўжо будуць і адзнака (кляймо) забойнага пункта, і пасведчанне аб якасці сыравіны. Паўторныя лабараторныя даследаванні на рынку не праводзяцца.
Высакаўчанін Васіль ПАНАСЮК, які не лянуецца штогод даглядаць аднаго-двух парсюкоў, зазначае:
– Вядома, высокі кантроль за рэалізуемай прадукцыяй павінен быць. Але варта абдумаць усё як след, каб селянін, які цяжка працуе, не аказаўся крайнім, каб на яго не былі ўскладзены ўсе дадатковыя расходы…
На брэсцкай “колхозке” свініна пакуль не падаражэла. Але прадпрымальнікі, якія гандлююць ёю, амаль упэўнены, што цану давядзецца паднімаць. І не толькі таму, што завершыцца Вялікі пост, а з прычыны неабходнасці новых паслуг па забою жывёлы, без якіх “іпэшнікі” раней абыходзіліся. Калі ж прадпрымальнікі дзеля пакрыцця новых затрат скарыстаюць іншы варыянт – знізяць закупачныя цэны,– сяляне не стануць прадаваць ім жывёлу. Дарэчы, гаварыць у будучым часе пра гэта ўжо не прыходзіцца, бо перамены сапраўды пачаліся з таго, што камерсанты сталі танней купляць свіней. Рэакцыя прадказальная – адлегласць паміж попытам і прапановай становіцца больш далёкай. Вядома, каб не несці страты на адкорме лішняга кабанчыка, якога меліся прадаць, гаспадар заколе яго для сваёй сям’і. З маразільнікам запас не страшыць.
У каапнарыхтпрамгандлі пакуль не мяняецца закупачная цана на буйную рагатую жывёлу:вышэйшай укормленасці і маладняк да 350 кг (жывой вагой) бяруць па 15186 рублёў за 1 кг, сярэдняй укормленасці – 11857. За карову тут можна выручыць да 10 мільёнаў. (Свініну ў забойнай вазе нарыхтоўшчыкі па-ранейшаму закупляюць па 30 тыс. за 1 кг). З прычыны таннасці закупляемага малака буйная рагатая ўжо трапіла ў пералік нявыгаднай для вяскоўца жывёлы, і аднавіць страчанае будзе няпроста, як і авечкагадоўлю.
Замастоўскія гаспадары, вядомыя сваёй працавітасцю, таксама ў роздуме. Той, хто зараней, да 1 мая, паспрабаваў пазбавіцца ад “лішняга” парсюка, змог прадаць яго пасрэднікам-камерсантам толькі па 23-25 тыс. за 1 кг. Тонкая мяжа паміж “выгадна” і “нявыгадна” ў гэтым выпадку стала яшчэ больш уразлівай.
Аднак рынкавыя адносіны маюць класічную ўласцівасць – імкненне да ўраўнаважвання інтарэсаў зацікаўленых бакоў. Інакш, што з дамашняга будуць прадаваць (аматараў страў з “хатняй” свініны нямала) тыя ж прадпрымальнікі, калі жывёлу не выгадуюць сяляне? А калі і выгадуюць, дык пастараюцца самі прадаць яе, зараней апавясціўшы суседзяў. Адказы на пытанні – у “залатой сярэдзіне”, якую, будзем спадзявацца, знойдуць звязаныя агульнымі інтарэсамі.
Тым часам попыт на парасят на рынку не змяншаецца, яны – у цане: за парку іх сёння просяць да 1 млн. 200 тыс. рублёў. Прапануюць пароды беконныя, таварныя…
Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
О геноциде белорусского народа говорили со школьниками в Турнянской СШ
-
Цель Украины — переворот в Беларуси. Подробности тайной сходки беглых
-
В Беларуси закрепляются новые избирательные цензы для кандидатов в президенты
-
Как решить «детский» вопрос мирно?
-
ИНВОЛЮЦИЯ: ЖИЗНЬ ВЗАПЕРТИ ДЕЛАЕТ ИЗ ЧЕЛОВЕКА ОБЕЗЬЯНУ. НАГЛЯДНЫМ ПРИМЕРОМ ДЕЛЯТСЯ СОСЕДИ