Не Аргенціна і не Ямайка… – 6:0

У мінулую нядзелю прайшоў чарговы тур чэмпіянату раёна па футболе.

Адразу адзначу, што тур атрымаўся няпоўным. З-за спёкі толькі восем з дзесяці калектываў правялі свае сустрэчы. Каманды “Аграпрадукт” і ФК “Каменец” вырашылі паберагчыся і перанеслі гульню на больш позні час.

У Каменцы на мясцовым стадыёне “Агра-Зарэчча” прымаў “Апошні рубеж” са Ставаў. З самага пачатку сустрэчы войскія футбалісты захапілі кантроль над мячом і да фінальнага свістка дамінавалі над гасцямі, разабраўшы іх абарончыя рэдуты амаль па цаглінцы. Тыя, у сваю чаргу, за ўвесь матч змаглі стварыць толькі пару момантаў (прычым больш спадзеючыся на дальнія ўдары), якія ніякіх дывідэндаў ім не прынеслі.

Пачатак пагрому стаўскай дружыны паклаў Раман Іванюковіч. Затым яшчэ да перапынку свае моманты рэалізавалі Сяргей Супрун і Дзмітрый Мартысюк. У другім тайме Андрэй Іванюковіч рэалізаваў пенальці, Сяргей Супрун аформіў чарговы дубль, а пад канец сустрэчы першым голам у чэмпіянаце адзначыўся Ілья Барзоў.

Таксама з “сухім” лікам “Белавежскі” перайграў “Камянецкую Пушчу”. Ужо на 6-й хвіліне Сяргей Герасімук надаў “пушчанцам” статус прайграючых. А Юрый Шпакоўскі і Васілій Лесік трапнымі ўдарамі на 55-й і 70-й хвілінах толькі ўмацавалі пачатае.

Цікавы паядынак атрымаўся паміж “Каленкавічамі” і “Высокім”. Ужо да перапынку “гараджане” гарэлі з лікам 0:3. Трапныя ўдары на рахунку Паўла Кочура і Вадзіма Іванюка (дубль). Але ў другім тайме “сола” ў выкананні Андрэя Каралюка ледзь не выратавала “Высокае”. Не хапіла зусім “чуть-чуть”. Гол пасля перапынку пры ліку 3:1 Віталія Беларусава (“Каленкавічы”), як аказалася, стаў пераможным.

У чацвёртым матчы тура сустракаліся аўтсайдар “Стаўскі” і адзін з лідараў чэмпіянату ФК “Ніва”. Як і чакалася, вікторыю атрымалі “ніваўцы”. Пераможны хет-трык сцямілі на дваіх Іван Назарук і Яўгеній Федарук. У “Стаўскага” вызначыўся самы малады ігрок каманды Дзмітрый Ружасты.

ВЫНІКІ 5 ТУРА: “Каленкавічы” – ФК “Высокае” – 4:3, “Белавежскі” – “Камянецкая Пушча” – 3:0, “Стаўскі” – ФК “Ніва” – 1:3, “Агра-Зарэчча” – “Апошні рубеж” – 6:0.

2 thoughts on “Не Аргенціна і не Ямайка… – 6:0

  1. Спасибо вам большое за такое информанционное сопровождение чемпионата района по футболу.Я уже с 1999 года прживаю в Минске,и мне приятно с вашей помощью отслеживать спортивную жизнь района.МОЛОДЦЫ!

Добавить комментарий