Непросто Мария

Апошнім часам усё часцей можна назіраць за такой тэндэнцыяй: жанчыны становяцца на чале арганізацый, адкрытых таварыстваў, гаспадарак, нават займаюць месцы ў парламенце. Заінтрыгавала? Не, гаворка пойдзе не аб дырэктары-жанчыне, і нават не аб яе намесніку. Аповяд – пра жанчыну-брыгадзіра, у падначаленні якой знаходзяцца шэсць чалавек.
Марыя Кавалевіч працуе брыгадзірам паляводчай брыгады ў СВК “Стаўскі” ўжо амаль трыццаць гадоў. За гэты час тут быў заняты не адзін дзясятак працаўнікоў. І кожны з іх з розным характарам і лёсам. Але з усімі Марыя Мікалаеўна заўсёды знаходзіць агульную мову і паразуменне.
Нарадзілася Марыя Кавалевіч у Іванаўскім раёне нашай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, што на Віцебшчыне. На апошнім курсе дзяўчына выйшла замуж за хлопца са сваёй радзімы. Ён на той час працаваў вадзіцелем у Іванаве. Калі ў 1979-м на руках быў дыплом спецыяліста, з накіраваннем і рэкамендацыямі прыехала ў Брэсцкі аблвыканкам, адкуль – у Камянецкі райвыканкам. Ужо тут ёй прызначылі апошні пункт прыпынку – калгас імя Свярдлова. Тады яна яшчэ не ведала, што застанецца ў гэтых мясцінах назаўжды. Адразу ў гаспадарцы прызначылі на пасаду агранома-насеннявода. А праз некалькі гадоў узначаліла паляводчую брыгаду.
З таго часу Марыю Мікалаеўну і яе падначаленых можна ўбачыць і ў полі, і на ферме. Апошнім часам брыгада працавала на пасадцы бульбы, унясенні мінеральных угнаенняў, уборцы траншэі для будучага сенажу…
У Марыі Кавалевіч ёсць два дарослыя сыны. Яны – яе гонар і апора. Абодва скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы. Жывуць і працуюць побач: старэйшы – на пагранзаставе прапаршчыкам, а малодшы – у ахове на газасховішчы. Яны падаравалі любімай матулі траіх унукаў.
Як зазначыла Марыя Кавалевіч, яна – чалавек-аптыміст, на ўсё глядзіць толькі з пазітыўнага боку. Лічыць, што калі чалавеку цяжка (няважна, якая ўзнікла сітуацыя), то, галоўнае, правільна перажыць гэта, разумна, нікога не крыўдзячы…
Хоць у Марыі Мікалаеўны працы ў кааператыве хапае і зімой, і летам, але ўсё ж такі для любімых спраў час знаходзіцца заўсёды. Зімой – гэта вязанне, а ўвесь астатні час – кветкі. Іх у яе вельмі многа, розных колераў і адценняў.
Кажуць, што жанчына – гэта слабая палова чалавецтва. Але калі паглядзець, колькі за дзень яна зробіць спраў, то нават думаць пра гэта сорамна, не тое, што гаварыць.

Наталля ГРЫЦУК

Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий