Неисчерпаемый источник мудрости

На гэтым тыдні сваё 25-годдзе адзначыла раённая ветэранская арганізацыя. Урачысты сход з гэтай нагоды прайшоў 6 сакавіка ў зале пасяджэнняў райвыканкама. Сярод запрошаных на ўрачыстасць – старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Ірына Дуднікава, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі працоўных калектываў.
Ветэран… Простае, кароткае слова. Усяго сем літар, але колькі за імі пражытага і перажытага. Сем літар, як сем дзесяцігоддзяў – жыццё. Жыццё, адданае служэнню Радзіме, родным і блізкім. У гэтых словах няма аніякага пафасу, гэта не звыклы, надакучлівы, моўны штамп. Гэта пашана і шчырая падзяка за сумленную працу і клопат аб сваёй краіне. Сапраўды, усё тое, што мы сёння маем, створана нашымі ветэранамі. Гэта яны змагаліся з ворагам у самай жорсткай вайне, гэта яны адраджалі краіну пасля той вайны і гэта яны стварылі маладую незалежную Беларусь.
Сёння, ужо на адпачынку, яны таксама дапамагаюць маладым: сваімі парадамі, сваім вопытам і тым бясцэнным, што ёсць толькі ў іх, – жыццёвай мудрасцю. Той самай мудрасцю, якой так, часам, не хапае амбіцыйнай маладосці. Маладыя часцяком лічаць сябе разумнейшымі за ўсіх, маўляў: “Ну што тыя старыя разумеюць у сучасным жыцці?” Так, можа ветэраны і не вельмі валодаюць Інтэрнетам, і не зусім разбіраюцца ва ўсіх гэтых новых тэхналогіях. Але… яны з паўслова, з паўпозірку беспамылкова вызначаюць, дзе праўда, а дзе – хлусня, дзе трэба “прышпорыць коней”, а дзе варта і пачакаць. Бо за іх плячыма вялізарны вопыт, яны ўжо прайшлі тыя жыццёвыя лабірынты, што толькі адчыняюць свае дзверы перад маладосцю…
Многа добрых слоў і шчырых пажаданняў прагучала ў той дзень з вуснаў Андрэя Пісарыка, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марыі Кузьміцкай, дырэктара тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Зоі Кунц, Ірыны Дуднікавай. Пранікнёным і шчымлівым быў зварот да ветэранаў старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Валянціны Маеўскай. Граматы ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, лісты падзякі, падарункі ад працоўных калектываў і сельвыканкамаў аздобілі заканчэнне сустрэчы. Галоўным жа падарункам – ад райвыканкама – стала экскурсія ў Пружаны і наваколле.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий