Незабыты куток…

IMG_7609Хацелася б пачаць гэты матэрыял не са звычайнай гісторыі ўзнікнення вёскі, а з майго наведвання яе, і з таго, чым яна мяне ўразіла. Знаёмцеся – Вужыкі Воўчынскага сельскага Савета…

Часам мінаю Вужыкі, калі еду з Брэста. Заўсёды задумвалася, адкуль такая назва, і хто тут жыве (па прычыне таго, што ля трасы стаяць усяго толькі некалькі дамоў, ды і тыя амаль усе з замкамі і нежылым выглядам). Аднойчы мы накіраваліся ў той бок па рабочых справах. Адразу згадала пра вёску, размешчаную амаль у Брэсцкім раёне, і вырашыла заехаць туды, каб паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі, калі, безумоўна, я іх там знайду. Як аказалася потым, непакоілася пра гэта нездарма…

Спроба зайсці ў першую хату не прынесла ніякіх вынікаў. Ды і з другой, трэцяй і чацвёртай нічога не выйшла. І толькі дзякуючы брэху сабакі-вартаўніка знайшла жылы дом. У ім жыве Ніна Асіпук (на здымку), якая і паведаміла некалькі фактаў з гісторыі Вужыкаў, хоць сама і не ўраджэнка вёскі (прыехала сюды са Шчытнікаў Брэсцкага раёна ў 1958 годзе, калі выйшла замуж за мясцовага хлопца) і ведае аб ёй толькі са слоў мужа і яго бацькоў.

Ніна Тарасаўна, на жаль, не змагла адказаць на маё першае пытанне: калі і пры якіх умовах узнікла вёска. Са слоў жанчыны, Вужыкі існуюць даўно. “З самага пачатку гэта была вёска, потым непадалёк пачалі ўтварацца хутары, куды і вывезлі ўсе хаты, – так пачала аповяд бабуля. – А калі з’явіліся калгасы, то зноў утварылася вёска”.

Жанчына памятае, што ў той час, калі пераехала сюды на пастаяннае месца жыхарства, тут жылі каля 80-і чалавек. У вёсцы быў клуб, дзе амаль кожны дзень адпачывала не IMG_7607толькі моладзь, але і людзі больш сталага ўзросту – яны збіраліся на вячоркі (потым гэты будынак пераўтварылі ў магазін паўсядзённых тавараў). У школу хадзілі ў панскі маёнтак Грамяча (дарэчы, так сядзібу называюць і цяпер), які застаўся хутарам, не ўвайшоў ў склад ні аднайменнай вёскі, ні Вужыкаў. Усе жыхары працавалі ў мясцовым калгасе (на той час ён называўся “Імя Жданава”). “Весела было, не тое, што зараз”, – на сумнай нотке скончыла аповяд Ніна Тарасаўна. А сумаваць ёсць чаму: у вёсцы пастаянна жывуць усяго толькі сем чалавек – шэсць жанчын і адзін мужчына. Некаму пайшоў восьмы дзясятак, некаму – і дзявяты. Рэдка наведваюць адзін аднаго, бо “і ногі баляць, і выходзіць не хочацца”…

Весела ў Вужыках бывае летам, калі амаль ва ўсе замкнёныя дамы прыязджаюць дачнікі (у асноўным дзеці і ўнукі былых жыхароў). Тады вёска па-сапраўднаму ажывае… З нецярпеннем чакаюць і прыезду аўталаўкі (па аўторках і пятніцах). Тады можна і “ў свет” выйсці, і паразмаўляць з аднавяскоўцамі аб жыцці-быцці. Нямалаважны і той факт, што некалькі разоў на тыдзень можна заехаць у Брэст і вярнуцца назад. Згадзіцеся, не кожная вёска можа пахваліцца такімі транспартнымі сувязямі.

Вось і ўсё, аб чым даведалася. Інфармацыяй ні аб назве, ні аб часах ваеннага ліхалецця Ніна Асіпук, на жаль, не валодае.

Прайшла яшчэ некалькі дамоў наперад, але ва ўсіх дварах мяне сустракалі толькі вялікія “амбарные” замкі на дзвярах. Словы ж Ніны Тарасаўны пра дачнікаў падцвердзіліся: амаль усюды былі прыбраны двары, а агароды падрыхтаваны да вясновых работ…

Прыехаўшы ў рэдакцыю, пачала шукаць дадатковую інфармацыю, бо звестак было вельмі ж мала. Інтэрнет выдаваў толькі месцазнаходжанне аб’екта (шырата, даўгата…) і сельскі Савет, у якім ён знаходзіцца. У раённай бібліятэцы імя Усевалада Ігнатоўскага, прагартаўшы не адну энцыклапедыю, знайшла наступную інфармацыю: “Вужыкі – вёска ў Воўчынскім сельскім Савеце, за 48 км. на ПдЗ ад Каменца, 42 км. ад Брэста. 15 гаспадарак, 25 жыхароў (2005 г.). У сярэдзіне 19 стагоддзя вёска ў Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні. Уваходзіла ў склад маёнтка Грамяча. Паводле інвентара маёнтка 1847 года ў вёсцы мелася 37 двароў, 253 наяўныя сялянскія душы. Паводле 10-й рэвізіі (1857 г.) у вёсцы 274 рэвізскія душы, адносілася да маёнтка Грамяча, уласнасць Пузыны. У 2-й палове 19 стагоддзя вёска ў Воўчынскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы 49 двароў, 396 жыхароў, дзейнічаў хлебазапасны магазін. На 1905 год – 427 жыхароў. У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, вёска ў Воўчынскай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства. У 1923 годзе – 39 дамоў, 196 жыхароў. У 1940-м – 62 двары, 365 жыхароў. З 12.10.1940 г. вёска ў Воўчынскім сельскім Савеце Высокаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1941 годзе нямецка-фашысцкія акупанты расстралялі сям’ю Марчукоў (5 чалавек). На франтах загінулі і прапалі без вестак 20 жыхароў вёскі. У 1950 годзе арганізаваны калгас “1 Мая”. З 1951-га у калгасе імя Жданава (16.05.1981г. перайменаваны ў калгас “Прагрэс”). У 1960 годзе – 208 жыхароў, у 70-м – 140. З 17.04.1962 года – у Камянецкім раёне” (энцыклапедыя “Гарады і вёскі Беларусі. Брэсцкая вобласць, кніга II”). Вось і ўсё…

Думкі пра Вужыкі не давалі спакою, але, як заўсёды, дапамог выпадак – пазнаёмілася з хлопцам, які ўсё сваё дзяцінства разам з братам правёў у іх (ды і зараз часта бывае там) у бабулі, якая з’яўлялася карэннай жыхаркай. Жанчына не раз апавядала ўнуку пра вёску. Ад яго мне стала вядома, што недзе ля вёскі ёсць мосцік праз Пульву, праз які коні пасля 11-і вечара не хочуць ісці. А потым ён прапанаваў знайсці каго-небудзь з карэнных жыхароў, хто можа многа чаго паведаміць, бо бабулі яго, на жаль, ужо няма сярод жывых, а інфармацыяй дакладна ён не валолае, бо дзяцінства даўно прайшло… Так і зрабіла.

У тэлефонным справачніку знайшла адзінае прозвішча і набрала нумар. Адказаў Аляксандр Момат, якога мне пашчасціла застаць дома, бо сам ён жыве ў Брэсце, а дом у Вужыках выкарыстоўвае пад дачу. Ён пацвердзіў словы Ніны Тарасаўны, а таксама крыху дадаў да гісторыі: “Памятаю, як камуністы прымушалі людзей уступаць у калгасы і перасяляцца з хутараў у вёску”. Потым Аляксандр Яфімавіч параіў звязацца з былым настаўнікам фізічнай культуры, які працаваў у Воўчынскай сярэдняй школе, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Іванам Вайцюком. Сказана – зроблена. Ад Івана Іванавіча даведалася, што першы калгас быў утвораны ў 1940 (!) годзе, а ў вёсцы да гэтага часу жылі палякі-добраахвотнікі (іх называлі пілсудчыкамі), якіх выселілі ў Сібір. Пасля вайны некаторыя вярнуліся на радзіму.

І на гэтым мае пошукі не скончыліся. Заставаўся яшчэ адзін нумар – маці Аляксандра Момата Марыі Сцяпанаўны, якая зараз жыве ў дачкі ў Брэсце. На яе ў мяне была апошняя надзея, бо я так і не даведалася дагэтуль, адкуль пайшла такая назва вёскі. Марыю Момат доўга не прыйшлося ўгаворваць на размову аб мінулым. Яна адразу пачала ўспамінаць дзяцінства. “Колісь была вялікая вёска, і людзей там жыло многа. Як былі на хутарах, не скардзіліся, бо на сваёй зямлі жылі. Але не абыходзілася і без цяжкасцяў. Я, напрыклад, ужо ў 10 ці 12 гадоў хадзіла за плугам, бо бацька хварэў… Добра памятаю, быццам гэта было ўчора, як на нашу родненькую зямлю прыйшлі фашысты. Мы ў той дзень разам з бацькам пасвілі: ён – каня, а я – карову. Потым я неяк раптам зірнула на неба і ўбачыла страшную чорную хмару. А яна гудзе-гудзе. Бацька паглядзеў і ціхенька сказаў: “Ой, не навальніца будзе. Гэта ж вайна…” А потым упаў першы снарад. І пабеглі нашы салдацікі. І немцы з’явіліся на матацыклах. У палон тады пабралі многіх хлопцаў. А немцы – яны вельмі злыя былі, не бачыла я ні воднага добрага фашыста… Два разы мяне хацелі адправіць у Германію, але я ўцякала: да Матыкал даязджала і ўцякала…” У Марыі Сцяпанаўны запытала, ці праўда, што з вайны не вярнуліся 20 вяскоўцаў? Адказ – несуцяшальны. Яна упэўнена, што больш, але дакладна не змагла сказаць колькі. Пра паходжанне ж назвы яна ніколі не задумвалася, ды і бацькі не гаварылі.

Хоць і не даведалася аб назве вёскі, але пазнаёмілася з прыемнымі людзьмі, якія, хоць крыху, але ўсё ж такі расказалі мне пра гісторыю Вужыкаў. А назва? Застаецца толькі здагадвацца, ад чаго і пры якіх умовах яна ўзнікла. Можа, некалі побач з мясцовасцю было балота і там жылі вужы? Што ж, загадка засталася, можа, вырашым яе разам з вамі, паважаныя чытачы?

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

1 thought on “Незабыты куток…

  1. Неадназначны вынік. Фашысты злыя-злыя, а знікаем з аблічча зямлі.. па сваёй дрбрай волі, атрымліваецца: А вужыкі — дык там балоты. І рэчка. Хіба не?

Добавить комментарий