Неадназначная справядлівасць

16 верасня былі згуляны матчы 15-га тура чэмпіянату раёна па футболе.

Найбольшы рэзананс выклікалі гульні, якія прайшлі ў гэты дзень у Каменцы на стадыёне “Колас”. Спачатку неадназначную ацэнку атрымала гульня з гучнай шыльдай ФК “Каменец” – ФК “Высокае”. Прычына? Пры ліку ў матчы 2:3 на карысць высакаўчан галоўны суддзя спыніў гульню з-за неспартыўных паводзін іграка ФК “Каменец”, што, у сваю чаргу, і прывяло да залічэння ім тэхнічнага паражэння. Многія ж палічылі, што суддзя павінен быў працягваць сустрэчу. “А для чаго?” – спытаюся я. Эмоцыі, відаць, і так затуманілі розум. А матч, безумоўна, суддзя мог і не спыняць. Але ж… У адным з мінулых чэмпіянатаў дагульваліся з-за судзейскай лаяльнасці да рукапрыкладства. А яно нам зноў патрэбна?! Вядома, не! І большасць, думаю, са мной згодзіцца…

Незадаволеныя былі і пасля заканчэння другога камянецкага матча паміж “Агра-Зарэччам” і ФК “Ніва”. І, вядома, незадаволенымі засталіся “ніваўцы”, якія саступілі ў гэтым вельмі важным, у праекцыі на чэмпіёнства, матчы. І не задаволены, як вы напэўна здагадаліся, судзействам. Тэма гэтая ўжо набіла аскоміну, але, безумоўна, мае права на існаванне. Тым не менш, не трэба перакладваць праблемы з хворай галавы на здаровую. У першую чаргу ў паражэнні “ніваўцы” павінны вінаваціць толькі сябе. Першую палову першага тайма “Агра-Зарэчча” гуляла без чатырох футбалістаў асноўнага саставу (легіянераў). Прычым, што лічу вельмі важным, без асноўнага варатара. І што зрабілі “ніваўцы” за адведзены час? Толькі аднойчы праверылі на трываласць каркас варот. А гульню, добрую гульню, яны пачалі дэманстраваць толькі пасля таго, як прапусцілі другі мяч. І скажу так: калі б “ніваўцы” паказвалі такую гульню ўвесь матч, то лік стопрацэнтна быў бы іншы. Таксама, на мой погляд, адзіны гол, які каманда з Доўбізна ўсё ж забіла, быў не легітымны – бакавы арбітр яўна “зяўнуў” аўсайд. Але гэта чамусьці засталося па-за кадрам як футбалістаў “Нівы”, так і яе паклоннікаў…

Што датычыцца “Агра-Зарэчча”, то каманда паказала сябе менавіта камандай, якая ведае, чаго яна хоча. Забіўшы гол, войскія футбалісты максімальна эфектыўна згулялі ў абароне, пры гэтым паказалі добры каэфіцыент карыснага дзеяння ў контратаках (галы на рахунку Максіма Пушкарэвіча, Сяргея Шульжыка і Паўла Шосціка). Класіка. Нічога не скажаш… Праўда, перамога над грознай “Нівай” хоць і дала ачковую перавагу, але не гарантавала вайскоўцам чэмпіёнства. Малейшая асечка – і дамоклаў меч, які трымаюць даўбізнянцы, пахавае надзеі “зарэчанцаў” на першае месца.

Не ўсё так бясхмарна і ў сустрэчы паміж “Аграпрадуктам” і “Апошнім рубяжом”. Здавалася, перамога “алейнікаў” не выклікае нараканняў. Інакш вырашылі на “рубяжы”… і патрабавалі перайграць матч. “Аграпрадукт”, як быццам, і не супраць. Але, як высветліў у галоўнага суддзі спаборніцтваў Аляксея Мікуліча, афіцыйнага пратэсту на вынік матча “Апошні рубеж” не падаваў. Цырк ды і толькі. А пакуль сітуацыя нагадвае нейкую хітрую галаваломку, “Аграпрадукт” усё ж атрымлівае тры ачкі.

Самы ж “ціхі” матч прайшоў у Белавежскім, дзе мясцовая каманда прымала футбалістаў з Каленкавічаў. Пасля нулявога першага тайма першымі агрызнуліся госці: Вадзім Іванюк скарыстаўся выхадам адзін на адзін. Адыграцца белавежцы змаглі толькі на апошняй дабаўленай хвіліне: на дабіванне першым паспеў Анатолій Герасімік. Праўда, як зазначыў прадстаўнік “Каленкавічаў” Арцём Мардухай, арбітр надта ж многа дабавіў часу. Што ж, пакінем гэта на яго сумленні.

ВЫНІКІ 15 ТУРА: ФК “Каменец” – ФК “Высокае” – 0:3, “Аграпрадукт” – “Апошні рубеж” – 4:1, “Агра-Зарэчча” – ФК “Ніва” – 3:1, “Стаўскі” – “Камянецкая Пушча” – 3:0 (тэх.),  “Белавежскі” – “Каленкавічы” – 1:1.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Добавить комментарий