На экватары саліруе “Агра-Зарэчча”

5 жніўня матчамі дзявятага тура завяршыўся першы круг чэмпіянату раёна па футболе.

У нядзелю ў Каменцы войская дружына пры падтрымцы сваіх фанатаў (мясцовая тарсіда ўжо другі матч запар дружна падтрымлівае любімую каманду) прымала гасцей з Белавежскага і, каб гарантаваць сабе першае месца па выніках першага круга, павінна была абавязкова перамагчы. Што і было зроблена. Праўда, гэтую вікторыю лёгкай не назавеш. Белавежцам у гэты дзень яўна шанцавала. Вайскоўцы павінны былі адкрываць лік у першым тайме. Але пасля ўдару Андрэя Іванюковіча за гасцей заступілася перакладзіна. Дабіванне. І… мяч “с ленточки” выносіць абаронца. А ўжо ў другім тайме Андрэй свой шанц не ўпусціў. Мог, праўда, і дубль аформіць. Але зноў пашанцавала. Белавежцам. Выратавала перакладзіна. І ўсё ж госці маглі вырваць нічыю. За гульню рукой у вароты “Агра-Зарэччу” быў назначаны пенальці. Да мяча падышоў Святаслаў Касмыня. Удар. Міма. Міма надзей на трэцяе, хай і па выніках першага круга, месца. Затое “Агра-Зарэчча” на першым. Пакуль. І пытанне застаецца толькі адно: ці хопіць сілы ў вайскоўцаў, каб захаваць чэмпіёнскае месца, якое так добра наседжана футбалістамі ФК “Ніва” з Доўбізна?

* * *

Асечкай жа белавежцаў скарысталіся камянчане, якія пасля перамогі акупіравалі трэці радок турнірнай табліцы. Сапернік, праўда, у гэтым туры трапіўся ім не вельмі грозны. Тым не менш, і ад яго можна было чакаць непрыемнага сюрпрызу. (Спытайце ў футбалістаў “Аграпрадукта”.) Але аб усім па парадку. ФК “Каменец” на сваім полі прымаў футбалістаў “Камянецкай Пушчы”. Гаспадары з самага пачатку захапілі ініцыятыву, але замацаваць перавагу на табло змаглі толькі ў другім тайме. У першым жа каманды сыгралі ўнічыю. На гол Мікалая Шахно (“Каменец”) свой аргумент знайшоўся ў Андрэя Салея (“Камянецкая Пушча”). Праўда, гэты аргумент застаўся адзіным на фоне галявога феерверку, які гаспадары арганізавалі з пачаткам другога тайму. Спачатку бамбардзірскі голад хет-трыкам здаволіў Дзяніс Семянюк. Затым на першы план выйшаў Дзяніс Абрамчук. Гэты юнак нагадвае мне па манеры гульні вядомага расійскага футбаліста Аляксандра Кержакова, які ў адным з інтэрв’ю сказаў: “Біў, б’ю і буду біць”. Вось і Дзяніс, сустрэўшыся з мячом, вельмі неахвотна з ім расстаецца, часам не на карысць каманды. Але аднаго ў яго не адняць – нацэльвання на вароты саперніка. Вось і ў другім тайме адна з атак увянчалася голам у выкананні Дзяніса. Кропку ж у гэтай галявой феерыі камянчан паставіў Дзмітрый Канавалаў.

* * *

У гульні паміж “Апошнім рубяжом” і ФК “Ніва” перамагла больш вопытная дружына з Доўбізна, якая яшчэ ў першым тайме забіла тройчы. Першы гол на рахунку Дзмітрыя Мартынюка. Затым булітны выхад рэалізаваў Яўгеній Федарук. І апошнім вызначыўся Андрэй Замулка. Лік мог быць і буйнейшы, але Вадзім Кучынскі не рэалізаваў пенальці. Не адседжваліся ў абароне і ігракі “Апошняга рубяжу”. Яшчэ ў першым тайме мяч у варотах “Нівы” затрапятаў пасля ўдару Аркадзія Мінасяна. А пасля перапынку і ўвогуле атрымалася скараціць перавагу да мінімуму. Трапна запусціў “снарад” са штрафнога Аляксандр Антанюк. Але на гэтым і ўсё.

Нарэшце атрымаў перамогу “Аграпрадукт”. Ахвярай сталі “Каленкавічы”, якія наведаліся ў Высокае. У папярэдніх двух турах “алейнікі” змаглі ўзяць толькі адно ачко. І калі нічыю з “Нівай” можна запісаць у актыў, то паражэнне ад “Камянецкай Пушчы”, пэўна, ніяк не ўваходзіла ў планы. Таму да матча з “Каленкавічамі” падышлі з усёй адказнасцю. І фактычна задача, пастаўленая на гульню, была выканана ў першым тайме. Галамі адзначыліся Сяргей Асійчук (двойчы), Раман Астапаў і Васілій Пашкевіч. Максімум, на што спадобіліся госці, гэта правесці ў другім тайме гол прэстыжу.

* * *

Перамога “Стаўскага” над ФК “Высокае” дазволіла першым узняцца з самага дна турнірнай табліцы (цяпер там спачываюць футбалісты “Камянецкай Пушчы”). Прадвызначыў яго вікторыю Юрый Быковіч, які чатыры разы (па два ў кожным з таймаў) збянтэжыў варатара апанентаў. Гол жа Аляксандра Бароніна толькі ўмацаваў перавагу “Стаўскага”. Контраргументы паспрабаваў прад’явіць Андрэй Каралюк. Але яго двух галоў у канцоўцы паядынку было недастаткова, каб выправіць становішча высакаўчан.

ВЫНІКІ 8 ТУРА: “Стаўскі” – ФК “Высокае” – 5:2, “Агра-Зарэчча” – “Белавежскі” –1:0, “Аграпрадукт” – “Каленкавічы” – 4:1, ФК “Каменец” – “Камянецкая Пушча” – 6:1, “Апошні рубеж” – ФК “Ніва” – 2:3.

табліца чэмпіянату раёна

па футболе-2012 пасля 9 тураў

Каманды Г В Н П Мячы Ачкі
«Агра-Зарэчча» 9 8 0 1 25-7 24
ФК «Ніва» 8 6 2 0 26-13 20
ФК «Каменец» 7 5 1 1 25-8 16
«Белавежскі» 9 5 1 3 25-12 16
«Аграпрадукт» 8 4 1 3 22-13 13
ФК «Высокае» 9 3 1 5 21-25 10
«Каленкавічы» 9 2 1 6 14-29 7
«Апошні рубеж» 9 2 1 6 16-39 7
«Стаўскі» 9 2 0 7 22-32 6
«Камянецкая Пушча» 9 1 2 6 17-35 5

Добавить комментарий