На рэчыцкіх “пясках”

Пасля распаду калгаса “Рассвет”, што адбылося гадоў дзесяць назад, у Рэчыцкім сельсавеце няма нічыйнай зямлі. Тут актывізаваліся арандатары (у арэндзе можна мець да 3-х гектараў зямлі), сюды “наблізіліся” фермеры. Пад іх апекай сёння 825 гектараў рэчыцкіх земляў, якія прырода не надзяліла высокай урадлівасцю. Тым не менш, індывідуальны падыход да кожнага палетка ў спалучэнні з салодкім “маё” дае добры плён. На рэчыцкіх “пясках” растуць бульба і капуста, морква і грэчка, хваліцца ўраджаем сад…

Летась гаспадаром амаль ста гектараў зямлі недалёка ад Рэчыцы стаў Дзмітрый Маліч. Эканаміст па адукацыі, ён працаваў апошнім часам у адной з прыватных швейных фірмаў у Брэсце. І выношваў задумку аб уласнай справе. Але не гандаль і не аўтасэрвіс займалі яго думкі – вясковыя карані (родам Дзмітрый з Іванаўскага раёна) клікалі да зямлі.

Старшыня Камянецкага райвыканкама, да якога прыйшоў з просьбай “адшукаць” зямлю для фермерства, прапанаваў звярнуць увагу на землі запасу ў ваколіцах Рэчыцы. Дзмітрый без ваганняў згадзіўся, хоць яго сто гектараў аказаліся разрозненымі палеткамі на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго. Доўга не раздумваў – таму паспеў леташняй вясною пасеяць агародніну і грэчку, зерня якой, дарэчы, сабраў 40 тон. Сёлета фермерскае поле ў другі раз цяжарнае ўраджаем. На тых жа 30-і гектарах зноў спее грэчка, на 25-і – кукуруза, па 10-гектараў займаюць капуста, цыбуля, морква, 5 гектараў – буракі сталовыя, у канцы ліпеня яшчэ будзе пасеяна пекінская капуста… Вельмі выручае фермерскае братэрства (магчыма, з часам яно перарасце ў своеасаблівую кааперацыю), калі людзі дзеляцца патрэбнай тэхнікай. Даводзіцца часам выпісваць яе і ў сельгаспрадпрыемствах.

У гаспадарцы Дзмітрыя сёння тры “бэушныя” трактары, якія вечарам вяртаюцца з поля ў Кукальчыцы (вёска побач з Рэчыцай), дзе Дзмітрый купіў апусцелую хату. Тут збіраецца стварыць сваю “базу”, дзе і работнікам можна будзе адпачыць, памыцца. Не так даўно набыў колішні калгасны зернесклад, які пуставаў і які з часам стане агароднінасховішчам.

У штаце фермерскай гаспадаркі – шэсць чалавек, у т. л. два механізатары (адзін з Турны, другі – з Відамлі), упраўляючы, бухгалтар. На праполку і збор ураджаю прыходзяць мясцовыя жанчыны, праўда, амаль усе пенсіянеркі. Імпануе старэйшым людзям магчымасць выйсці на работу ў поле, як некалі замаладу, – на калгаснае. Цяжэй, праўда, сабраць іх у ягадны ці грыбны сезон.

Упраўляючы Андрэй Каралінскі раніцай па дарозе на Рэчыцу “збірае” людзей на работу ў суседніх вёсках, едуць сюды і з Каменца. На мінулым тыдні палолі цыбулю, крыху раней выбіралі раннюю моркву, цяпер капаюць бульбу. Агародніну малады гаспадар рэалізуе на брэсцкую аптовую базу, мае ўжо вопыт супрацоўніцтва з Камянецкім спажыўтаварыствам, спадзяецца на дзелавыя зносіны з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Побач з Крыўлянамі сёлета Дзмітрыю было выдзелена яшчэ 75 гектараў луга, які пачаў зарастаць хмызняком. Цяпер ідзе падрыхтоўка да пераворвання з тым, каб увосень пасеяць азімыя. Але спачатку будзе зроблены аналіз глебы, што дапаможа дакладна ведаць, якой культуры тут будзе найбольш камфортна. Марыць Дзмітрый пасадзіць і сад.

У яго трое дзяцей. І жыве сям’я ў Брэсце. Але вяскоўцы адчулі ў ім сялянскую жылку, ацанілі шчырасць у адносінах да чалавека і зямлі. А сад стане яшчэ адным доказам таго, што малады гаспадар не выпадковы тут чалавек. У Крыўляны з Брэста з радасцю едуць дзеці Дзмітрыя…

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий