Напрыканцы снежня на працягу пяці дзён 12 лепшых настаўнікаў і выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі раёна змагаліся за перамогу ў другім (раённым) этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у 2013-1014 гг.
Адметнасцю конкурсу стала тое, што праходзіў ён у сямі намінацыях, у кожнай з якіх мог быць вызначаны пераможца. Заяўкі да ўдзелу ў чатырох намінацыях (у трох не было пададзена ніводнай заяўкі) накіравалі 9 настаўнікаў і 3 выхавальнікі: Іна Малажавая з СШ №2 і Вольга Цандо з СШ №1 г.Каменец, Вераніка Пракапчук з Камянюцкай, Святлана Шкаранава з Відамлянскай, Ксенія Ігнацьева з Раснянскай, Святлана Рагожына з Белавежскай, Ларыса Панеўская з Высокаўскай сярэдніх школ, Аксана Алексяюк з гімназіі г.Каменец, Вераніка Кухмар з Каленкавіцкай базавай школы; Алена Бортнік, Ларыса Міранюк і Ніна Верамяюк адпаведна з ясляў-сада аг.Белавежскі, №1 г.Каменец і г.Высокае. Работу канкурсантаў ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі загадчык і метадысты раённага вучэбна-метадычнага кабінета, спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кіруючыя і педагагічныя работнікі ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі – усяго 11 чалавек.
Завочным конкурсным іспытам стала прадстаўленне ўдзельнікаў з дапамогай рэсурсаў мультымедыя. На працягу тыдня педагогі праходзілі і шэраг вочных іспытаў.
Першы конкурсны дзень пачаўся на сцэне залы СШ №2 з творчага самапрадстаўлення, падчас якога педработнікі былі ў ролі спевакоў, танцораў, акцёраў і, вядома, настаўнікаў. Наступным мерапрыемствам у гэты дзень сталі прадстаўленне і абарона адукацыйнага праекта. Удзельнікі расказвалі аб тым, як працуюць над павышэннем якасці адукацыі, выхавання патрыятызму, як развіваюць чытацкія ўменні і шмат яшчэ аб чым.
У наступныя тры дні канкурсанты дзяліліся сваім прафесійным майстэрствам падчас адкрытых урокаў на базе СШ №1 і №2, ясляў-садоў №1 і №2 г.Каменец.
У апошні конкурсны дзень удзельнікі прайшлі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне і раскрылі свет сваіх захапленняў. Конкурс пераўтварыўся ў сапраўдны спектакль, дзе галоўнымі акцёрамі сталі канкурсанты. Гэта было педагагічнае свята для ўсіх удзельнікаў.
У заключным слове начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Віктар Грыцук адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі канкурсантаў, выказаў надзеі на іх далейшы прафесійны рост, падзякаваў журы і арганізатарам за якасную працу.
І вось хвалюючыя хвіліны ўзнагароджання. Самы малады ўдзельнік сёлетняга конкурсу Вераніка Пракапчук, настаўніца пачатковых класаў Камянюцкай СШ, атрымала памятны падарунак ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Каштоўныя падарункі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” уручаны: настаўніцы біялогіі Высокаўскай СШ Ларысе Панеўскай – за самы лепшы адукацыйны праект і настаўніцы гісторыі СШ №1 г.Каменец Вользе Цандо – за самае ёмістае і цікавае прадстаўленне, высока ацаніла журы захапленне (хобі). Выхавальніца Белавежскага ясляў-сада Алена Бортнік, настаўніца пачатковых класаў СШ №2 Іна Малажавая, настаўніца рускай мовы і літаратуры Белавежскай СШ Святлана Рагожына, настаўніца хіміі гімназіі г.Каменец Аксана Алексяюк узнагароджаны каштоўнымі прызамі ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі за лепшы ўрок (вучэбныя заняткі).
Па выніках усіх конкурсных мерапрыемстваў пераможцамі сталі: у намінацыях “Дашкольная адукацыя (выхавальнік)” – Алена Бортнік, “Пачатковыя класы” – Іна Малажавая, “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” – Святлана Рагожына, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія” – Аксана Алексяюк. Усе яны адзначаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і каштоўнымі падарункамі (планшэтамі), а ўдзельнікі конкурсу – дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
Наперадзе – удзел пераможцаў у адборачным туры абласнога этапа конкурсу і, вядома, цікавыя ўрокі для сваіх вучняў, бо сёлетнія намінанты – настаўнікі па прызванні і лепшыя ў прафесіі, якой аддаюць усе свае сілы і талент.
Надзея КІРЫЛЮК, загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Фота Івана Карагоды.
Это может быть интересно:
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ КАМЕНЦА
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
ШАГ: «Молодость – время выбора»: Молодые избиратели-будущее государства» прошел в Новицковичской СШ
-
Ситуация с водой в Беловежском. Новый комментарий ЖКХ
-
В Турне Большой состоялось первое совещание штаба, посвященное подготовке к «Дожинкам-2025»