На дне

x_9d0ba85dП’янства, сямейныя дэбошы, а на гэтай глебе і злачынствы, на жаль, яшчэ нярэдкая з’ява ў некаторых сем’ях. Нездаровы лад жыцця, згубная цяга да спіртнога прывялі гэтых камянчан на лаву падсудных. Ніжэй – аб дзвюх грамадзянскіх справах такога кшталту.

Сяргей С., жыхар Каменца, працяглы час злоўжываў спіртным, жонцы не дапамагаў, выносіў з дому рэчы і прадукты. У судзе патлумачыў: сапраўды, пасля зарплаты ён адразу ж купляе спіртное, на гэта траціць і пенсію. Тым самым ставіць сям’ю ў цяжкае становішча. Сяргей знаходзіцца на ўліку ўрача-нарколага, праходзіў курс лячэння і кадзіроўку ад алкагалізму. Але нішто не дапамагло. Жонка не змагла больш цярпець п’янства мужа і падала заяву ў суд, які і вырашыў: з прычыны злоўжывання спіртным Сяргея С. абмежаваць у дзеяздольнасці, г. зн. пазбавіць яго права без згоды апекуна распараджацца сваёй маёмасцю, а таксама атрымліваць заработную плату, пенсію і іншыя даходы і распараджацца імі (за выключэннем дробных бытавых здзелак). Што называецца, дапіўся…

 

* * *

На жаль, на дне жыцця з-за п’янства ўсё часцей аказваюцца і жанчыны. Прыняць меры ўздзеяння да адной з іх – камянчанкі Святланы В. – давялося райаддзелу міліцыі і суду раёна. Па заяве з РАУС суд разгледзеў грамадзянскую справу ў адносінах Святланы, якая пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах двух дзяцей, была ўладкавана на працу прыбіральшчыцай, абавязана кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне дзяцей, згодна з Дэкрэтам №18. Аднак, дапілася, як кажуць, да ручкі: на судзе былі прыведзены радкі з многіх пратаколаў, дзе зафіксавана, як п’яная Святлана бадзялася па Каменцы, нецвярозай з’яўлялася на працу, учыняла прагулы. Суд прыйшоў да высновы: Святлану В., якая, згодна з дыягназам, пакутуе на сіндром залежнасці ад алкаголю (сярэдняя стадыя), накіраваць у лячэбна-працоўны прафілакторый на 12 месяцаў.

Кажуць, пасля ЛПП мала хто “завязвае” са спіртным. А што рабіць з п’янствам? Мірыцца з гэтым злом нельга.

Добавить комментарий