На галаву вышэй

P1100695У мінулую суботу ў спартыўнай зале СДЮШАР “Пушча” ў межах першынства раёна па баскетболе наймацнейшую каманду выяўлялі вучаніцы сярэдніх школ.

У фінал прабіліся (на папярэдняй стадыі змагаліся 7 каманд) прадстаўніцы Відамлянскай, Воўчынскай, Вярховіцкай СШ і СШ №2 г.Каменец. Безумоўны фаварыт “гонкі” – камянецкая дружына – не пакінула саперніцам ніводнага самага маленькага шанціка. Спачатку, у паўфінале, дзяўчаты раскаталі воўчынскіх баскетбалістак. Затым, ужо ў галоўным фінальным матчы, такі ж лёс напаткаў і відамлянак. Камянчанкі на чале з трэнерам Леанідам Уласюком аказаліся на галаву мацнейшыя за сваіх апанентак і заслужана сталі чэмпіёнкамі.

І ўсё ж самай цікавай (не крыўдуйце, камянчанкі) была паўфінальная гульня паміж Відамляй і Вярховічамі, якія змагаліся за выхад у фінал. Каманды прыкладна роўныя, і інтрыга захоўвалася да апошняй секунды – зыход сустрэчы вырашыла ўсяго адно ачко. Пашчасціла відамлянкам. Саступіўшы ў фінале, як зазначана вышэй, яны сталі другімі. У гульні за трэцяе месца перамаглі вярховіцкія дзяўчаты. Каманда з Воўчына – чацвёртая.

На здымку: баскетбалісткі СШ №2 г.Каменец Вераніка Ралевіч, Алена Кужалева, Дар’я Жэдзік, Наталля Сцепанюк, Карына Мальчэўская, Яна Дзямчук, Анастасія Франковіч, Таццяна Назарук, Дар’я Мацюшык, Лізавета Міхайлава і Дар’я Дзмітрук з пераможным кубкам ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і Граматай за першае месца ад аддзела адукацыі райвыканкама.

 

* * *

7-9 лютага ў Магілёве прайшло першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў 1994-1995 гадоў нараджэння. Парадавалі і выпускнікі СДЮШАР “Пушча”. Так, выхаванцы Вячаслава Шаблінскага, кандыдаты ў майстры спорту Крысціна Радыванюк і Уладзімір Бялюк перамаглі ў бегу на 60 м і сямібор’і адпаведна. Яшчэ адзін наш зямляк Валерый Галубковіч стаў чацвёртым у штурханні ядра (трэнер – Аляксандр Кандрацюк).

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Фота аўтара.

1 thought on “На галаву вышэй

Добавить комментарий