Нашы сэрцы б’юцца для дабра

Аднойчы ў Высокім з’явіліся на дошках для аб’яў незвычайныя афішы, з якіх у вочы і сэрцы гараджан даверліва глядзеўIMG_9906 маленькі хлопчык. Пад яго фатаграфіяй стаяў заклік: “Проста прыйдзі на канцэрт, і ты ўжо дапаможаш Вадзіку Жураўлёву!” Не адгукнуцца было немагчыма, таму актавая зала Высокаўскага ГДК ў той вечар была поўная.

Дабрачынны канцэрт “Сэрцабіцце” праходзіў у межах рэспубліканскай акцыі “Сэрца Надзеі” з мэтай збору грошай на лячэнне цяжка хворага хлопчыка Вадзіма Жураўлёва з Мінска (больш падрабязна чытайце аб ім у “Даведцы “НК”). Прамое дачыненне да арганізацыі музычнага свята мелі самадзейныя артысты і супрацоўнікі Высокаўскага гарадскога Дома культуры, а таксама – сталічная кампанія “Zefir Production”, якая за кошт гастрольнай дзейнасці ўдзельнікаў тэлепраектаў “Я спяваю”, “Еўрафэст”, “Музычны рынг” і артыстаў беларускай эстрады дапамагае хворым дзецям. Падчас падобных канцэртаў таленавітыя мясцовыя артысты атрымліваюць падарункавы сертыфікат “Новая Зорка”, у склад якога ўваходзяць запіс песні і здымкі кліпа “пад ключ” са скідкай 30% з наступнай бясплатнай ратацыяй на радыё- і тэлеканалах.

Перад добразычлівымі высокаўскімі гледачамі выступалі запрошаныя артысты – са­ліст Прэзідэнцкага аркестра РБ Макс Савін, удзельнік арт-гурта “Беларусы” Вадзім Фомчанка, Алеся Бараноўская… На фоне іх мясцовыя артысты выглядалі вельмі дастойна. Выканаўцы Павел Сухараў і Ганна Пацяйчук заслужана атрымалі каштоўны сертыфікат “Новая Зорка”. А выступленне праваслаўнай студыі “Радасць мая”, што пры Высокаўскай Крыжаўзвіжанскай царкве, так моцна ўразіла гасцей са сталіцы, што калектыў атрымаў права на абсалютна бясплатныя здымкі кліпа і запіс песні. Кіраўнікі студыі, айцец Анатолій і матушка Алена, таксама дапамагалі ў арганізацыі свята.

Разам з гледачамі ў зале назіралі за дзеяннем на сцэне акцёры-мімы. “Сапраўднае сэрца павінна быць добрым,” – такім быў дэвіз канцэрта. “Людзі былі вельмі ўдзячныя за яго, – расказвае дырэктар ГДК Алег Грыпічук. – Прыемна, што іх душы не счарсцвелі.”

Тады ўдалося сабраць 4 мільёны 700 тысяч рублёў – толькі кошт білетаў. Прама ў зале людзі маглі зрабіць і ахвяраванні. Акрамя таго, кіраўніцтва ТАА “Аграпрадукт” і СААТ “Белавежскія сыры” пералічыла сродкі на дабрачынны рахунак (рэквізіты – у “Даведцы “НК”). Далучайцеся! Няхай і Вашы сэрцы б’юцца для дабра!

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Алега ГРЫПІЧУКА.

 

Даведка “НК”

Вадзім Жураўлёў нарадзіўся ў Мінску разам з братам Максімам (двайняты). Хлопчыкі важылі 1 кг 450 г і 1 кг 250 г адпаведна. У 7 месяцаў Вадзім атрымаў кровазліццё ў мозг. Яму паставілі дыягназ: ДЦП, рэцінапатыя неданошаных 4 ступені. У хлопчыка касавокасць, атамічна-астатычны сіндром. Усяго ў сям’і Жураўлёвых шасцёра дзяцей.

Вадзіму патрэбна дарагая аперацыя ў аддзяленні мікрахірургіі вока інстытута К.Раўфса ў Санкт-Пецярбургу. Сям’я не зможа самастойна сабраць грошы. Надзея толькі на неабыякавых людзей.

Кантакты: +37529 562-16-88 (Ала Пятроўна, мама Вадзіма), (017) 314-13-63.

Рэквізіты: дабрачынныя рахункі адкрыты ў філіяле №510 – г.Мінск, вул.Куйбышава, 18, УНП 100633430, МФО 153001603.

Беларускія рублі – транзітны рахунак №3819382100008 на дабрачынны рахунак №000005 ў аддзяленні №510/280;

расійскія рублі – транзітны рахунак №3819382103249 на дабрачынны рахунак №000007 ў аддзяленні №510/280;

еўра – транзітны рахунак №3819382103249 на дабрачынны рахунак №000006 ў аддзяленні №510/280;

долары ЗША – транзітны рахунак №3819382103249 на дабрачынны рахунак №000016 ў аддзяленні №510/280.

Прызначэнне плацяжа: Жураўлёвай Але Пятроўне збор сродкаў на аперацыю сына Жураўлёва Вадзіма Аляксандравіча.

Добавить комментарий