Наталля Раманюк: “Госцю трэба дагадзіць…”

Калі гадоў дванаццаць назад упершыню загаварылі пра сельскі турызм, адным са сцвярджальных аргументаў на карысць новай справы было адраджэнне малалюдных вёсак. Прынамсі, цікавасці да іх, – багатых на цішыню і натуральнасць ва ўсіх сэнсах. Гэтыя ўсё больш рэдкія ў сучасным свеце каштоўнасці становяцца, як сёння кажуць, турыстычным брэндам. Самая маленькая вёска, у якой ствараецца аграсядзіба, – прыклад унікальнай ініцыятывы, адзін з аспектаў устойлівага развіцця рэгіёна. Нельга не заўважыць перамен у тых жа Макавішчы, Голым Барку, Хамуцінах, Забалацці…

Screenshot_4
У Баранках аграсядзіба “Тры калодзежы” створана шэсць гадоў назад. Сям’я Наталлі Раманюк дружна ўзялася за працу на бабулінай сялібе, якая з часам набыла даволі крэатыўныя рысы з захаваннем аўтэнтычнасці. Нядаўнія брастаўчане, Наталля і яе муж Сяргей, сёння пастаянна жывуць у Баранках, часта тут іх актыўныя памочнікі – дачка Саша, сёлетняя выпускніца ся­рэдняй школы, і сын Дзмітрый з жонкай Алёнай.
Дарэчы, Наталля Раманюк – у ліку пераможцаў 8-га рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2015” у намінацыі “За ўклад у развіццё сяла”.
– Наталля Аляксандраўна, як удалося за даволі кароткі час стварыць у вёсцы арыгінальны турыстычны прадукт?
– У мінулым мы з мужам нямала паездзілі па свеце. І зразумелі, усё – у параўнанні, што наша Беларусь прыгожая, самабытная, што яе мала ведаюць і самі беларусы, не кажучы пра іншаземцаў.
А пачыналася ўсё са звычайнай задумкі адрадзіць у Баранках сядзібу продкаў майго мужа – з рэканструкцыі, беражлівай рэстаўрацыі старых рэчаў. Да справы падышлі творча, ды і прыдалася мая інжынерная адукацыя. Чым больш працавалі, тым больш захапляліся… Тады ж пачулі пра грамадскае аб’яд­нанне “Адпачынак у вёсцы”. Ідэя здалася настолькі цікавай, што я пайшла на курсы для азнаямлення з асновамі агратурызму. Старшыня Відамлянскага сельскага Савета Марына Каралюк падтрымала рашэнне стварыць на сядзібе творчыя майстэрні. Увогуле ўдзячныя мясцовай ула­дзе за ўсебаковае садзеянне нашай справе. Яна захапіла нас, хоць і спатрэбілася нямала сродкаў. Больш хутка набыць цяперашні выгляд “Тром калодзежам” дапамагла мэтавая пазыка Белаграпрамбанка.
– Скажыце, у чым асаблівасць вашай сядзібы?
– Мы глядзім на яе вачыма нашых гасцей. І ставімся да іх так, як хацелі б, каб адносіліся да нас у час адпачынку. Мабыць, таму наша сядзіба з душою. Адначасова здольныя прыняць 24 чалавекі. Людзі ўдзячныя за ўтульнасць, ствараць якую дапамагае і мая шаноўная свякроўка Валянціна Дзмітрыеўна. Можам прадаставіць зручную пляцоўку для адукацыйных семінараў, першы з летняга цыкла іх праходзіць у нас 2-4 чэрвеня. Прымаем арганізаваныя групы дзяцей, у тым ліку з асаблівасцямі фізічнага развіцця, стварылі на сядзібе безбар’ерны асяродак. Для вучняў сельскіх школ раёна праводзім майстар-класы бясплатна.
– Калі на пачатку мая дамаўлялася аб гэтай сустрэчы, зразумела, што на сядзібе шмат гасцей, сезон распачаўся…
– Так. Сёлета крыху раней звычайнага, яшчэ да майскіх святаў. А наогул у нас не бязлюдна і ў міжсезонне, калі больш увагі надаем рабоце з дзіцячымі калектывамі, адукацыйным праектам.
– А якія майстар-класы праводзіце?
– Дзецям цікава ўсё. Тэмы заняткаў часам падказваюць яны самі. Навучаліся ўжо майстэрству дэкупажа, спасцігалі сакрэты рэстаўрацыі мэблі, азнаёміліся з бодзіартам, дзяўчынкі вучыліся плесці косы-каласкі… Усё гэта спрыяе выхаванню эстэтычнага густу, культуры зносін, узбагачае дзяцей практычным вопытам.
– Ці можна весці гаворку пра супрацоўніцтва з айчыннымі турфірмамі?
– Яны займаюцца больш прыбытковым выязным турызмам. Нашы госці знаходзяць нас на сайтах або карыстаюцца падказкамі тых, хто ўжо ведае на­шу сядзібу. Па такой “наводцы” днямі ў нас адпачываў грамадзянін Германіі, прафесар, які ад’­язджаў са шкадаваннем, што аб Беларусі так мала знаюць за мяжой.
– Якія маршруты прапануеце сваім гасцям?
– Едучы ў наш край, яны плануюць, што абавязкова наведаюцца ў Белавежскую пушчу і Брэсцкую крэпасць. Але ў тым жа Брэсце, які ведаю вельмі добра, называю ім яшчэ з дзясятак найцікавейшых мясцін, а то і суправаджаю гасцей у час паездкі. Раю ўбачыць Камянецкую вежу, зайсці ў Сімяонаўс­кі храм, адчуць асаблівую аўру Вяжнога…
– Як зімой ацяпляеце на сядзібе столькі памяшканняў, каб і камфортна, і нядорага?
– Выручаюць дровы. Нядорага не атрымліваецца, бо кожны з трох дамоў асталяваны цвёрдапаліўным катлом, дровы патрэбныя і для каміна, ля якога ўтульна і летам дажджлівым вечарам. Працуем у сферы паслуг, і яны павінны быць якаснымі, гасцям трэба дагаджаць.
– Турысты неабыякавыя да смачных дамашніх страў. Якія з іх сталі вашымі фірменнымі?
– Многія з гасцей самі завіхаюцца на кухні. Мы ж гатуем ім толькі па просьбе. Акрамя дранікаў, на стале плоў, манты, каўбаскі. Кухня разнастайная, бо прапануем стравы розных народаў. Люблю вучыцца, у тым ліку і кулінарнай справе, планую ўзяць урокі ў брэсцкіх рэстаратараў.
– Ці складана кожны раз пры­звычайвацца да новых людзей, каб праз дзень-другі з імі развітацца?
– Нашы зносіны будуюцца на душэўнасці.  Часам развітваемся амаль сваякамі. Мы з гасцямі раз-маў-ля-ем, не шкадуем для іх часу, прапануем вячэрняе чаяванне, каб пасядзець з імі разам, каб маглі падзяліцца ўбачаным, спланаваць дзень заўтрашні. Так і сыходзімся з людзьмі. Калі ад’язджаюць, амаль упэўнены, што яшчэ ўбачымся. Аднак, вяртаюцца нямногія, бо, зразумела, хочуць зведаць і іншыя мясціны Беларусі.
– Як рэагуюць у вёсцы на ваш сямейны бізнес?
– Найпершая рэакцыя – гэта тое, што нашы аднавяскоўцы пачалі больш актыўна добраўпарадкоўваць свае сядзібы. На­шы Баранкі памаладзелі. Калі хто звяртаецца за парадай, дапамагаем. Нядобрай зайздрасці не назіраем, бо ўсе тут бачаць, колькі працы і сродкаў укладваем у сваю справу.
– Якія задумкі выношваеце?
– Іх многа: арганізацыя рэгіянальных і міжнародных фестываляў; праект “Баскетбольнае кальцо” – стварэнне спартыўных пляцовак, у тым ліку ў Грушаўцы, бо з’яўляюся дэпутатам сельскага Савета ад гэтай вёскі; працуем над праектам “Баранкаўскія майстэрні” – маю на ўвазе дзіцячы цэнтр творчасці на сядзібе, на гэты конт вяду гаворку з дырэктарамі школ… Сакрэты крэатыўных падходаў да стварэння грамадскіх аб’яднан­няў спасцігала летась у ЗША.
– Вы згодны з тым, што аграэкатурызм не столькі камерцыйная справа, колькі сацыяльная, бо можа даць занятак актыўным вяскоўцам?
– Згодна. І не толькі занятак, які дае прыбытак. З’яўляецца цікавасць да краязнаўства, пашыраецца кола інтарэсаў, чалавек разумее, што яго малая радзіма непаўторная. А калі ў гэтай сферы заняты і пенсіянер, ён адчувае сваю запатрабаванасць, што даражэй за грошы.
На здымку: Сяргей і Наталля Раманюкі ў каміннай за­ле, інтэр’ер якой – вынік сумеснай творчасці.

Галіна НОВІК.
Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий