Настаўнік назаўсёды

IMG_3147Аляксандру Іванавічу Андрасюку, чалавеку, які прысвяціў сваё жыццё адукацыі і выхаванню дзяцей, 25 мая споўнілася 85 гадоў. Вучні Камянюцкай СШ запрасілі на гутарку былога дырэкта-ра школы. Безумоўна, хваляваліся і яны, і сам Аляксандр Іванавіч, але размова была нязмушанай і лёгкай.

– Як вядома, вытокі чалавека – гэта дзяцінства, таму нам цікава, дзе нарадзіліся, дзе пачыналася Ваша станаўленне?

– Нарадзіўся ў Сінітычах. З Камянеччынай звязана ўсё маё жыццё. Да вайны вучыўся ў польскай школе, а пасля паступіў у савецкую сямігодку ў Дзмітровічах. Мы былі першым выпускам гэтай школы.

– Скажыце, хто паўплываў на выбар прафесіі? Кім хацелі стаць у дзяцінстве?

– Безумоўна, у пасляваенны час амаль усе хлопцы марылі аб ваеннай кар’еры. Я не быў выключэннем. У школе мне вельмі падабалася матэматыка, на ўсё жыццё запомніўся настаўнік, што выкладаў нам гэты цікавы прадмет, – Пётр Сцяпанавіч Білівец. Ён і мае самае непасрэднае дачыненне да майго канчатковага, асэнсаванага рашэння – стаць настаўнікам.

– Якімі былі першыя крокі ў прафесію?

– У 1956 годзе скончыў Брэсцкі педагагічны інстытут і быў “размеркаваны” настаўнікам фізікі ў Пагост-Загародскую школу Пінскага раёна, дзе працаваў пяць гадоў. Вучні былі з двух дзіцячых дамоў, але праца падабалася, адпачывалі цікава, ездзілі на маёўкі. Там і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Алінай Мікалаеўнай, якая таксама прыехала ў гэтую школу па размеркаванні пасля Мінскага інстытута замежных моў.

– Як вярнуліся на родную Камянеччыну?

– Нездарма кажуць, што цягне чалавека ў тыя мясціны, дзе ён нарадзіўся і вырас. Я вярнуўся і прыйшоў працаваць настаўнікам матэматыкі ў Дзмітровіцкую школу. Год выконваў абавязкі намесніка дырэктара, пасля два гады – дырэктара.

– Якой была Ваша педагагічная кар’ера ў Камянюцкай школе?

– Прыйшоў сюды па запрашэнні сябра – Георгія Георгіевіча Грушэўскага. Разам з дырэктарам – Піліпам Ільічом Валуём – закладвалі падмурак новай школы. 17 гадоў працаваў намеснікам дырэктара, а пасля яшчэ сем – дырэктарам.

– Сёння ў нашай школе 145 вучняў, 23 настаўнікі. А якой была школа тады?

– У школе вучылася 495 вучняў, былі па два паралельныя класы, у кожным – 35 вучняў! Настаўнікаў – 36.

– Як сумяшчалі працу настаўніка і дырэктара?

– Адчуваў высокую адказнасць. Дырэктар – адміністратар, гаспадар і адначасова добры спецыяліст-прадметнік. Павінен праводзіць якасныя ўрокі, бо ён – настаўнік настаўнікаў.

– Ці былі вучні, якія пайшлі па Вашай сцежцы? Ці ёсць прадаўжальнікі справы?

– Так, вельмі прыемна, што было шмат адораных вучняў, якія многага дасягнулі ў сваім жыцці. У першую чаргу скажу, што былі выпускнікі, якія, як і я, працавалі і працуюць ў нашай школе. Гэта – Вольга Юзвук, Мікалай Мартысюк, Раіса Сяргеева, Алена Шахалевіч. Ганарова і тое, што многія выпускнікі маюць значныя дасягненні ў навуковай і грамадскай сферах – Уладзімір Мартысюк, Уладзімір Саўчук, Пётр Пратасевіч, Аляксандр Лукашэвіч, Канстанцін Саевіч, Сяргей Кадушкін.

– Ці лёгка быць настаўнікам?

– Нялёгка, але цікава. Мы “выпускаем” людзей, якія нас помняць, нават калі жывуць далёка. Час ад часу адбываюцца цікавыя сустрэчы, што гэта пацвярджаюць. Ніколі не шкадаваў, што вырашыў стаць педагогам, што лёс накіраваў у школу, бо настаўнік, калі ён сапраўдны, – настаўнік назаўсёды.

– Ці цікавіцеся сённяшняй школай, зменамі, якія адбываюцца ў адукацыі?

– Дзякуючы сувязі са школай і жыву. Сёння актыўна праводзяцца рэформы ў школах, і я, безумоўна, цікаўлюся імі. У прыватнасці, мяне вельмі ўсхвалявала ўвядзенне цэнтралізаванага тэсціравання замест экзамена пры паступленні ва ўстановы адукацыі. Лічу, што здаць ЦТ на 80 і болей балаў – задача вельмі складаная, якая патрабуе сістэматычнай і сур’ёзнай падрыхтоўкі абітурыентаў. Мяркую, што ўступны экзамен здаць лягчэй, бо настаўнік ацэньвае веды, але ўлічвае і чалавечы факта5р, а камп’ютар – машына, без эмоцый. Калі б мне прапанавалі здаць ЦТ або экзамен, то я б адназначна выбраў другое.

– Калі ж настаўнікам было лягчэй: раней ці сёння?

– Безумоўна, сёння, бо са з’яўленнем камп’ютара перад імі адкрылася шмат новых магчымасцей.

– З нагоды Вашага юбілею віншуем Вас і жадаем моцнага здароўя, аптымізму і бадзёрасці. Ведайце, што Вы заўсёды чаканы госць у школе, якой аддалі шмат гадоў працы.

Дыялог запісалі Рыта ПАДЛЕСКАЯ, педагог дадатковай адукацыі Камянюцкай СШ,

Аляксандра МЫШЛЕННІК і Марыя КУШЫНА, вучаніцы 6 класа.

На здымку: (злева направа) Марыя Кушына, Аляксандра Мышленнік, Рыта Падлеская, дырэктар Камянюцкай СШ Сяргей Міхалачкін і юбіляр Аляксандр Андрасюк.

1 thought on “Настаўнік назаўсёды

Добавить комментарий